Усе польскія газеты сёння шмат увагі прысвячаюць сітуацыі ва Украіне. Сайт выдання Niezalezna.pl піша, што стаўленне прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона да Расіі ўсё больш набліжаецца да пазіцыі Польшчы. Выданне цытуе артыкул нямецкай газеты «Frankfurter Allgemeine Zeitung», якая напісала, што немцы чуюць з Парыжа заклік не паддавацца Пуціну.
Пасля апошняй доўгай тэлефоннай гутаркі з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным Макрон больш не мае ілюзій адносна магчымасці далейшых перамоваў. Ён накіраваў Пуціну вельмі выразны пасыл: Масква павінна чакаць «моцнага, скаардынаванага і адзінага адказу» ў выпадку ваеннага ўварвання на тэрыторыю Украіны.
У Елісейскім палацы гавораць аб «жорсткіх эканамічных санкцыях», падрыхтаваных у выпадку нападу на Украіну, але таксама адкрыта згадваецца пра магчымасць перагляду дамовы НАТА-Расія з 1997 году. Польшча спрабуе змяніць падыход да гэтага дакументу, паколькі акупацыя Крыму з'яўляецца яго відавочным парушэннем.
Дагэтуль Парыж і Берлін заўсёды пазбягалі згадак пра дадзеную міжнародную дамову. Аднак, падчас апошняй сустрэчы Веймарскага трыкутніка ў Берліне з удзелам прэзідэнта Польшчы была выпрацаваная новая пазіцыя.
Прэзідэнт Макрон пасля суботняй тэлефоннай размовы з канцлерам Германіі Олафам Шольцам пацвердзіў «ідэальнае супадзенне пазіцый Францыі і Германіі». Парыж таксама чакае, што візіт канцлера ў Маскву ў аўторак дасць Пуціну «больш выразныя сігналы».
Як падкрэслівае Парыж, вядзецца праца па размяшчэнні на ўсходнім флангу ракетных комплексаў і войскаў НАТА ў выпадку парушэння суверэнітэту Украіны. Францыя ўжо паабяцала накіраваць каля 1000 салдат.
Dziennik Gazeta Prawna таксама закранае пытанне Украіны, яе супрацы з Вялікабрыатніяй. Перамовы пра пакуль вельмі агульны фармат брытанска-польска-ўкраінскага супрацоўніцтва, які кіеўскія палітыкі акрэсліваюць як ваенна-палітычны саюз, зʼяўляюцца часткай палітыкі каманды Уладзіміра Зяленскага. Калі былы прэзідэнт Пётр Парашэнка спрабаваў павысіць міжнароднае значэнне дзяржавы праз цесныя адносіны з Германіяй і ЗША, то цяперашні згадаў пра важнасць рэгіянальнай палітыкі.
Ініцыятыва стварэння трохбаковага «саюзу» зыходзіла ад Украіны. Брытанцы займаліся стрымліваннем Расеі ад эскалацыі васьмігадовай вайны супраць Украіны. Для Лондану падтрымка Кіева – гэта таксама спосаб вярнуцца да больш актыўнай еўрапейскай палітыкі, што было цяжка пасля выхаду з Еўрасаюзу. У сваю чаргу, для Польшчы крызіс зʼяўляецца нагодай вырвацца з пэўнай ізаляцыі, выкліканай праблемамі з вяршэнствам права. Гэтаму спрыяюць сардэчныя адносіны, якія наладзілі прэзідэнты Анджэй Дуда і Уладзімір Зяленскі. У гэтым сэнсе супраца трох названых краінаў выгадная для ўсіх з палітычнага пункту гледжання.
Трохбаковая сістэма – яшчэ адзін элемент сеткі малых фарматаў рэгіянальнага супрацоўніцтва. Адны былі створаны па ініцыятыве Кіева, а іншыя – па ініцыятыве яго партнёраў. Усе яны могуць адыграць сваю ролю ва ўмацаванні ўкраінскай знешняй палітыкі. Акрамя пакуль неназванай дамовы з Лонданам і Варшавай, можна адзначыць Люблінскі трохкутнік, які дынамічна развіваецца з удзелам Літвы, Польшчы і Украіны. У снежні 2021 года, праз год пасля стварэння трохкутніка, адбыўся яго першы саміт на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Літва, нягледзячы на невялікі памер, вядзе амбіцыйную знешнюю палітыку і ахвотна падтрымлівае краіны Усходняй Еўропы, якія жадаюць вырвацца з абдымкаў свайго старэйшага брата.
нг