Еўрасаюз спрабуе вырашаць пра суверэнітэт членскіх краінаў, перасцярог старшыня польскай кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» у эфіры Польскага радыё 24. Такім чынам Яраслаў Качыньскі пракаментараваў учарашняе на рашэнне Суда Еўрасаюза, які адхіліў скаргі Польшчы і Венгрыі адносна гэтак званага механізма абумоўленасці.
Рашэнне суддзяў у Люксембургу дазваляе абрэзаць выплаты з бюджэту ЕС за парушэнні стандартаў прававой дзяржавы. Яраслаў Качыньскі (Jarosław Kaczyński) дадаў, што Польшча супраць гэткага рашэння:
- Зараз у Еўрасаюзе працягваецца працэс, супраць якога мы выступаем, які вядзе да абмежавання або ліквідацыі суверэнітэту дзяржаваў-членаў супольнасці. Я не хачу адкрыта называць згаданага працэсу барацьбой, паколькі Еўрасаюз не павінен быць зонай ніякай барацьбы. Адхілення нашай скаргі можна было спадзявацца.
Нагадваем, Варшава і Будапешт паскардзіліся ў суд ЕС на механізм абумоўленасці. Прадстаўнікі польскага ўраду пераконвалі, што згаданыя палажэнні маюць шматлікія недахопы і з'яўляюцца спробай абысці неэфектыўную працэдуру вяршэнства закона з артыкула 7 дамовы аб ЕС. Яны ўказвалі на дыскрэцыйны характар механізма абумоўленасці, адсутнасць выразных крытэраў парушэнняў і занадта агульныя палажэнні, якія даюць шырокае поле для інтэрпрэтацыі і дзеянняў.
Рашэнне суддзяў у Люксембургу выклікала супраціў з боку польскіх уладаў і адначасова выявіла разыходжанні ў поглядах ва ўрадавай кааліцыі. Генпракурор і міністр юстыцыі Збігнеў Зёбра ад кааліцыйнай «Салідарнай Польшчы», публічна раскрытыкаваў прэм’ера. Паводле яго, згода на механізм абумоўленасці – гэта памылка кіраўніка польскага ўрада Матэвуша Маравецкага. Яраслаў Качыньскі лічыць, што такія пытанні трэба абмяркоўваць у рамках кааліцыі:
- Гэтая справа можа быць тэмай дыскусіі кааліцыянтаў і ўраду. Я расчараваны гэткімі публічнымі заявамі, якія шкодзяць нашай супольнай справе, якой з’яўляецца, у тым ліку захаванне суверэнітэту. Таму, я здзіўлены паводзінямі міністра, але такія рэчы здараюцца ў палітыцы.
Спасылаючыся на словы міністра юстыцыі прэмʼер Матэвуш Маравецкі выказаўся за захаванне адзінства кааліцыі і палічыў памылкай патэнцыйнае парушэнне адзінства ўрадавага лагера.
У той жа час Канстытуцыйны суд Польшчы адтэрмінаваў разгляд справы, у рамках якой павінен быў вырашыць, ці адпавядае механізм «грошы за вяршэнства закона» польскай Канстытуцыі. Заяву на разгляд у суд падаў генпракурор Збігнеў Зёбра.
Каментуючы напружанасць вакол Украіны, Яраслаў Качыньскі заявіў, што Расія выкарыстоўвае свае ўзброеныя сілы з мэтай аказаць ціск на Украіну:
- Расія выкарыстоўвае свае ўзброеныя сілы, каб, як мінімум, дэстабілізаваць сітуацыю ва Украіне. Гэта адбываецца спосабам, які непрымальны з пункту гледжання міжнароднага права. Аднак усё не абавязкова павінна закончыцца ўзброеным канфліктам.
Віцэ-прэмʼер Качыньскі сумняецца, ці Расія наогул планавала ўзброеную агрэсію на Украіну:
- Я не да канца ўпэўнены ці Расія сапраўды планавала ўзброеную атаку на Украіну. Магчыма – гэта быў адзін з варыянтаў у залежнасьці ад рэакцыі Захаду. Магчыма, што гэта быў планаваны варыянт, але сітуацыя ўскладнілася і на дадзены момант расійскі бок ад яго адмовіўся. Тым не менш, сітуацыя надалей дынамічная і адкрытая.
Таму паводле Яраслава Качыньскага, нягледзячы на заявы Расіі выключыць магчымай агрэсіі супраць Украіны не магчыма.
Палітык таксама звярнуў увагу на небяспеку, звязаную з супрацоўніцтвам Расіі і Германіі ў энергетычнай сферы. Паводле яго, такое супрацоўніцтва прынясе выгады абедзвюм краінам, але таксама ўяўляе вялікую пагрозу для еўрапейскай бяспекі:
- Расія прадае газ і нафту, а ў будучытні магчыма таксама вадарод. У сваю чаргу ў Еўропе размяркоўваць гэтыя энерганосьбіты будзе гэта Германія. Гэта з аднаго боку вельмі выгадная сітуацыя для абедзвюх краін, а, з другога, гэта таксама пагроза, у канчатковым рахунку і для самой Германіі.
Яраслаў Качыньскі крытычна ацаніў ініцыятыву расійскай Думы, якая прапануе прызнаць незалежнасць сепаратысцкіх рэспублік на Данбасе:. Гэта супярэчыла б апошмім заявам кіраўніка МЗС Расеі:
- Гэта азначала б далейшую эскалацыю ўжо не ў ваеннай сферы, але ў палітычнай. Паводле мяне, зараз Расія такіх планаў не мае. З другога боку, я не веру ў тое, што гэта была выключная ініцыятыва кіраўніка камуністаў Зюганава, паколькі па гэткіх справах расійская апазіцыя ідзе на супрацу з уладамі.
Яраслаў Качыньскі запэўніў таксама, што справа, звязаная з сістэмай Pegasus – гэта «адна вялікая выдумка»:
- Я не маю на ўвазе самой камп’ютарнай праграмы Pegasus, але абвінавачванняў, што дзеянні спецслужбаў у Польшчы з выкарыстаннем згаданай праграмы ці іншых інструментаў, мелі характар злоўжыванняў.
Нагадваем, апазіцыя спасылаючыся на даследаванні групы Citizen Lab, якая дзейнічае ва Універсітэце Таронта, абвінавачвае спецслужбы ў нелегальным выкарыстоўванні ізраільскага праграмнага забеспячэння Pegasus, між іншым, супраць прадстаўнікоў апазіцыі ў Польшчы.
Польскія спецслужбы атрымалі ліцэнзію на выкарыстанне праграмы Pegasus у 2017 годзе. Польскае МУС абвяргае абвінавачванні апазіцыі.
У сваю чаргу, калі гаворка ідзе пра польскую палітыку віцэ-прэм’ер запэўніў, што вырашэнне праблем, звязаных з ажыццяўленнем грамадска-эканамічнай праграмы «Польскім парадкам» можа заняць яшчэ 2-3 месяцы. Паводле яго, у рэалізацыі праграмы былі дапушчаны сурʼёзныя памылкі, паколькі ў Міністэрстве фінансаў былі асобы, зацікаўленыя ў тым, каб мерапрыемства не атрымалася:
- Асноўнай памылкай было даверанне падрыхтоўкі новай падаткавай сістэмы асобам, якія, у маёй ацэнцы, не былі зацікаўленыя поспехам. Я не кажу пра міністраў, але пра асобы, якія змены распрацоўвалі.
Яраслаў Качыньскі не выключыў магчымасці, што прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі будзе ачольваць Мінфін да заканчэння выпраўлення памылак у праграме.
Нагадваем, пасля выяўлення праблем з меншымі заробкамі ў выніку ажыццяўлення новых падатковых палажэнняў, у адстаўку падаў міністр фінансаў Тадэвуш Касціньскі, а пазней прэм’ер таксама адправіў у адстаўку віцэ-міністра фінансаў Яна Сарноўскага.
IAR /аз