Беларуская Служба

Беларусы супраць вайны, але краіна пад расійскай акупацыяй

24.02.2022 14:55
Аўдыё
  • Беларусь пад расійскай акупацыяй стала плацдармам агрэсіі супраць Украіны
Ілюстрацыйны здымакEPA/ANATOLY MALTSEV Dostawca: PAP/EPA

Пуцін абвясціў, што пачынае «спецаперацыю на Данбасе». Расійскія сілы пачалі абстрэл шматлікіх гарадоў Украіны, пачалося ўварванне. Украінцы паведамляюць, што абстрэлы ды ўварванне адбылося і з беларускага напрамку. Гэта вынік 28 год кіравання Лукашэнкі. Беларусы супраць вайны, кажуць сацыёлагі, але ўзурпацыя ўлады прывяла да таго, што краіна страціла суверэннасць.

У чацвер раніцай Расія напала на Украіну. Паводле слоў украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, гэта быў подлы напад, як калісьці фашыстаў на СССР. Украінскі лідар заявіў пра тое, што не будзе ніякіх перамоў з агрэсарам ды разарваў дыпламатычныя адносіны з Расіяй.

Сёння Дзяржаўная памежная служба Украіны заявіла, што каля 5 раніцы расійскія войскі атакавалі дзяржаўную мяжу з Расіі і Беларусі. Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч распавёў на прэс-брыфінгу, што на беларускім напрамку «з'явіліся асобныя загоны па 2-3 танкі, 2-3 БМП, 50 вайскоўцаў, якія спрабавалі зайсці на нашу тэрыторыю – сустракаюць адпор і адыходзяць адразу ж. То бок, гэта ўваход-выхад, мы не можам сказаць, што яны прасоўваюцца, ваенныя сілы манітораць сітуацыю там. Цяпер разгортваецца мяжа абароны». Са свайго боку Міністэрства абароны Украіны паведаміла, што «СПА РБ удзельнічае ў знішчэнні інфраструктуры ВСУ - зафіксаваны запуск ракеты з Магілёўскай вобласці, 4 балістычных ракет, а верталёт без апазнавальных знакаў абстраляў мост побач з пунктам пропуску «Славуціч» на беларуска-ўкраінскай мяжы. Агонь вёўся з боку Беларусі».

Лукашэнка гэтых фактаў не каментаваў, заявіўшы толькі, што беларускія войскі «не прымаюць ніякага ўдзелу ў расійскай спецаперацыі ў Данбасе». Пасля чаго дадаў, што «нашых войск там няма. Але калі трэба будзе, калі гэта будзе неабходна Беларусі і Расіі - яны будуць».

-        Пагрозы нам цяпер няма ніадкуль, але мы ведаем іх планы.

Беларусы ў сацыяльных сетках ды праз Тэлеграм паведамляюць пра шматлікія выпадкі перасоўвання расійскіх войск да ўкраінскай мяжы.

У раёне вёскі Хаціслаў у Брэсцкай вобласці відавочцы заўважылі бронетэхніку, размешчаную ўздоўж дарогі. З боку брэсцкага палігона чутны бесперапынны гул і стрэлы.  У Гомелі бачылі, як вялікая калона аўтобусаў з крыжам на расійскіх нумарах накіравалася на поўдзень. У Гомельскім раёне каля аграгарадка Чарацянка людзі назіралі за танкавай актыўнасцю. Гэты аграгарадок знаходзіцца недалёка ад мяжы з Украінай.

З Бабруйска паведамляюць, што тэлефануюць да людзей з ваенкамата наконт мабілізацыі. З Барысава паведамілі, што кантрактнікаў пераводзяць на мяжу. Ваенная кафедра Гомельскага ўніверсітэта транспарту абвясціла мабілізацыю, усіх студэнта вязуць на мяжу.

Пры гэтым беларусы супраць расійскай агрэсіі, большасць людзей супраць удзелу беларусаў у гэтай вайне. Гэта было б катастрофай лічаць 57% гарадскіх жыхароў у Беларусі,  кажа аналітык Рыгор Астапеня з Цэнтру новых ідэй ды Chatham House.

- Калі паглядзець на тыя дадзеныя, што мы маем, выразна бачна, што беларусы лічаць, што краіна павінна займаць нейтральную пазіцыю, не ўлазіць у гэты канфлікт. Беларусы думаюць, што ўдзел у гэтай вайне – катастрофа для Беларусі. Беларусы сапраўды хочуць, каб Беларусь тады не ўлазіла. Пры гэтым мы не ведаем пра іх стаўленне да ЛНР/ДНР, але людзей аб'ядноўвае нежаданне, каб Беларусь станавілася часткай агрэсіі. 

Афіцыйнай Лукашэнка заявіў, што беларускія вайсковыя не прымаюць удзел у вайсковай аперацыі ва Украіне, але прамаўчаў наконт таго, ці ладзяцца атакі з беларускай тэрыторыі. На дадзеным момант ужо вядома, што з аэрадрома ў Баранавічах (Брэсцкая вобласць, Беларусь) у 13:05 вылецелі чатыры знішчальнікі Су-35С. У Кіеўскай вобласці войскі РФ пайшлі на прарыў дзяржаўнай мяжы з тэрыторыі Беларусі. Ваенная тэхніка ворага зайшла праз пункт пропуску «Вільча». Гэта адкрытая дэманстрацыя таго, што Беларусь цяпер апынулася пад поўнай расійскай акупацыяй, Лукашэнка больш ні нашто не ўплывае, зазначае палітолаг Аляксандр Лагвінец.

- Беларусь праз рашэнне Лукашэнкі, яго прагу да ўлады, сёння стала акупаванай расіянамі краінай. Не выключана, што беларусы будуць мець кроў на сваіх руках, будуць выконваць незаконныя, тэрарыстычныя загады ўлады, будуць уцягнутыя ў вайну. Гэтая вайна – вялізарная трагедыя. Праз Лукашэнку Беларусь стала памагатым расійскага імперыялізму ў змаганні з Украінай.     

У самой Расіі пачынаюць гучаць галасы супраць вайны. Вядомыя людзі, акторы, музыкі, тэлевядоўцы, навукоўцы ды журналісты, у тым ліку лаўрэат Нобелеўскай прэміі галоўны рэдактар “Новай газеты” Дзмітры Мутатаў выступілі з залікамі спыніць вайну, што Украіна не вораг Расіі.   Ці таксама беларусы здольныя выказаць сваё стаўленне да вайны?

- Пакуль не відаць, каб беларусы выходзілі зараз на антываенныя пратэсты. Але магчыма, калі з тэрыторыі Беларусі пойдуць войскі ва Украіну – гэта яшчэ больш палітызуе грамадства.

У самой Беларусі кажуць пра шок, асабліва з боку бізнесу, у грамадстве растуць чаканні маштабнага крызісу. У гэтых умовах да беларусаў звярнулася Святлана Ціханоўская з заявай, што на аснове паўнамоцтваў, дадзеных мне беларускім народам у выніку прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, яна бярэ на сябе адказнасць з сённяшняга дня адстойваць незалежнасць і нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь, выконваць абавязкі прадстаўніка беларускага народа і гаранта ягоных правоў і свабод да новых выбараў. Ціханоўская стварыла пераходны кабінет як нацыянальны орган улады Рэспублікі Беларусь.

Юры Ліхтаровіч