Працягваецца вайна Расійскай Федэрацыя супраць незалежнай дзяржавы Украіна. Беларусь выконвае ў гэтай ганебнай аперацыі не апошнюю ролю – рэжым Лукашэнкі прадаставіў сваю тэрыторыю агрэсару, расійскія войскі маглі зайсці ад поўначы ва Украіну і хутка дайсці да Кіева. Цяпер важнае пытанне – ці дыктатар Лукашэнка супрацьставіцца адпраўцы беларускіх ваенных ва Украіну.
Паводле Пентагону, Расія выкарыстоўвала на тэрыторыі Украіны каля 95% сваёй баявой моцы, падрыхтаванай да ўварвання. Акупанты нясуць вялізныя страты як у асабовым складзе, так і тэхніцы. Тым не менш, моцы ў Расіі хапіла б, каб заваяваць Украіну. Іншая справа – ці будзе магчымасць паслаць на вайну навабранцаў, – адзначае палітолаг Павел Усаў.
- Расія выкарыстала 95% моцы, сканцэнтраванай вакол межаў Украіны. Цяпер Расія вельмі інтэнсіўна падцягвае вайсковыя рэсурсы з іншых тэрыторыяў. Для нападзення было сканцэнтравана каля 150 тыс. вайскоўцаў, а ўсё войска налічвае каля 800 тыс чалавек. Канешне, скіраваць усё войска – гэта будзе самагубства, акрамя таго, невядома, якія будуць паводзіны навабранцаў. І так страты ўжо вялікія.
Пуціну, калі хоча працягваць вайну, вельмі патрэбная дапамога беларускага войска. А Лукашэнка зробіць усё, каб беларускія салдаты не пайшлі ваяваць. Гэта для яго пытанне жыцця і смерці.
- Выкарыстанне беларускага рэзерву – гэта другі сцэнар. Беларускае войска налічвае 45 тыс чалавек. Але ў асноўным гэта вайскоўцы тэрміновай службы, а не прафесіяналы. Інфармацыя да беларусаў даходзіць хутчэй, чым да расіян, таму на сённяшні момант масавае выкарыстанне беларускіх вайскоўцаў немагчымае. Гэта выклікае сур'ёзны супраціў у грамадстве, нават нягледзячы на рэпрэсіі. Акрамя таго, адносіны ў беларускім грамадстве да таго, што адбываецца ва Украіне, вельмі негатыўныя. Так што Расія можа выкарыстаць беларускіх вайскоўцаў у вельмі абмежаваным маштабе.
Беспалётнай зоны над Украінай няма, паколькі гучаць галасы, што гэта азначала б уступленне НАТА ў вайну, чаго нікому не хочацца, акрамя ўкраінцаў. Аднак сітуацыя можа памяняцца, – кажа эксперт.
- Сітуацыя з беспалётнай зонай складаная. Гэта нагадвае сітуацыю з часоў Другой сусветнай вайны, калі ЗША не збіраліся ўступаць у вайну з Гітлерам, але атака на Пёрл-Харбар 7 снежня 1941 году ўсё змяніла. Ёсць крытычныя моманты, якія могуць прымусіць НАТА заангажавацца ў вайну. Калі не наўпрост войскамі, то нейкімі абмежаваннямі паветранай прасторы Украіны. Гэта можа быць расстрэл калоны бежанцаў. Магчымы таксама хаатычны абстрэл тэрыторый, памежных з Украінай – у Польшчы, Літве, Латвіі, гібель цывільных асобаў з еўрапейскіх краін на тэрыторыі Украіны. Калі бамбардаванне будзе працягвацца, гэта змусіць Еўропу і захад да больш актыўных дзеянняў.
нг