Беларусы супраць вайны, аднак у грамадстве стаўленне да гэтай падзеі неадназначнае. Ёсць шмат тых, хто верыць расійскай ды лукашэнкаўскай прапагандзе. Ёсць тыя, хто сумняваюцца. Грамадскія арганізацыі вышлі да гэтых людзей і спрабуюць з імі размаўляць. У гэтым яны бачаць шлях да нармалізацыі.
Расійская агрэсія на Украіну – гэта не толькі абстрэлы, бамбардзіроўкі ды ўварванне войск. Не менш інтэнсіўная вайна вядзецца ў інфармацыйнай прасторы. Дастаткова паглядзець расійскія ды беларускія дзяржаўныя СМІ. Яны адмаўляюць факт вайны, аспрэчваюць абвінавачанні ў здзяйсненні ваенных злачынстваў расійскімі вайскоўцамі. Крамлёўскія прапагандысты кажуць, што ўкраінцы самі знішчаюць свае гарады. У Расіі ды Беларусі знаходзяцца тыя, хто ў гэта вераць. Іх шмат. Але сярод апантаных прапагандай людзей, ёсць тыя, хто сумняваецца. Да іх трэба дагрукацца, асабліва, калі гэта блізкія, сям'я. Такую інфармацыйную працу вядзе ініцыятыва «Чэсныя людзі», якая рыхтуе інфармацыйныя матэрыялы пра вайну ва Украіне, сітуацыю ў Беларусі. Навошта гэта робіцца распавядае заснавальніца арганізацыі Алена Жываглод.
- Сёння шмат з нас разумее, што адбываецца ў Беларусі, што азначае для краіны вайна ва Украіне. З нашай Радзімы едзе ваенная тэхніка туды, запускаюцца ракеты. Сёння Украіна змагаецца, у тым ліку за суверэнітэт Беларусі. Мы яго губляем, бо Расія вядзе вайну з нашай тэрыторыі. Гэта сведчыць пра ігнараванне працы прапаганды. Мы вырашылі дапамагчы беларусам, хто разумее, што адбываецца, правільна размаўляць са сваімі блізкімі, са сваімі сем'ямі, атачэннем. Статыстыкі па гэтым пытанні няма, але са звестак нашых чытачоў бачна, што людзям патрэбна дапамога, як размаўляць з блізкімі, каб размова не перарастала ў лаянку ды агрэсію. Важна, каб захоўваўся аргументаваны дыялог ці размова. Мы пачалі рыхтаваць розныя матэрыялы, як пераканаць блізкіх, якія вераць дзяржаўнай прапагандзе. Гэта з аднаго боку. З другога, як правільна выбіраць крыніцы інфармацыі. Цяпер рыхтуем тэзісы, якія раскрываюць прынцыпы дзяржаўнай прапаганды ды абвяргаюць яе. Мы імкнёмся паказаць людзям, што трэба навучыцца працаваць з крыніцамі інфармацыі, і прызвычаіць да гэтага сваіх блізкіх. Часта людзі ў Беларусі разумеюць сітуацыю, але не сочаць за рознымі крыніцамі інфармацыі, не правяраюць яе. Сярод нашых знаёмых, ёсць напэўна такія, хто сумняваецца ў тым, што кажа рэжым Лукашэнкі, але і не вераць незалежным крыніцам інфармацыі. Такім людзям трэба дапамагаць. Трэба даваць ім праўдзівую інфармацыю, каб яны самі маглі прыняць рашэнне.
Колькі такіх людзей у Беларусі? Адныя кажуць, што не шмат, Лукашысты хваляцца, што іх падтрымліваюць 30% беларусаў.
- Я не памятаю цяпер дакладных дадзеных, але з апытанняў, што праводзіў Chatham House ды NDI вынікае, што дзяржаўнае тэлебачанне ў Беларусі глядзіць не малы працэнт людзей, сочаць за дзяржаўнымі СМІ. Таксама на беларусаў уздзейнічае расійская прапаганда. Мы нядаўна папрасілі людзей пісаць лісты дэпутатам у Беларусі. Да акцыі далучыўся блогер Андрэй Павук, які пазваніў да дэпутата з пытаннем, ці вы разумееце, што з Беларусі едзе ваенная тэхніка, вядзецца напад. Дэпутатка кажа, што яна разумее, але мы маўляў глядзім павярхоўна. Справа нібыта не такая адназначная, што маўляў, калі б Расія не напала на Украіну, тады Кіеў напаў бы на Расію ды Беларусь. Гэта сведчыць пра тое, што прапаганда мае моцнае і доўгатэрміновае ўздзеянне. Плюс ёсць крэдыт даверу да Расіі і дзяржаўным СМІ. Беларусы сумняваюцца, што да слушнасці вайны, але частка з іх верыць дзяржаве, братэрскай Расіі. Гэта пакаленне людзей, якое вырасла на расійскіх серыялах. Гэты давер ці вера не разваліцца за дзень ці тыдзень. Разам з тым у Беларусі ёсць шмат тых, хто пачаў задавацца пытаннямі, сумнявацца. Важна з гэтымі людзьмі размаўляць, казаць аргументавана і не падзяляць грамадства на прыхільнікаў ды апанентаў рэжыму. Трэба пераконваць, у гэтым наш шлях.
- Якая рэакцыя людзей на тое, што вы робіце?
- Мы рабілі даведнікі пра тое, як размаўляць з апантанымі прапагандай, рабілі відэа з абвяржэннем тэзісаў дзяржаўных прапагандыстаў. Там мы дэманстравалі кароткія адказы, набор фактаў. Людзі іх актыўна пачалі выкарыстоўваць, перасылаць адзін аднаму. Гэта зручна, бо не трэба губляць час, шукаць аргументаў самому, казаць за што змагаешся, а гэта проста магчымасць даць канкрэтныя факты. Таксама да нас звяртаюцца актывісты з пытаннямі, як размаўляць з сям'ёй, як адрозніваць фэйк ад рэальных фактаў, праўдзівай інфармацыі. Людзі пішуць нам запыты з просьбай апрацаваць такую тэму. Нядаўна да нас прыйшоў запыт пра тое, як здавацца ў палон. Пыталіся людзі, якія баяліся мабілізацыі ў войска, якая рыхтуецца ў Беларусі. Таму мы маем не толькі зваротную інфармацыю ад людзей, але і адказваем на запыты, якія да нас прыходзяць.
Што вы плануеце з імі рабіць, як бачыце працяг вашай працы?
- Цяпер мы засяроджваемся на працы з дзяржаўнай прапагандай. Мы запускаем сайт з асноўнымі аргументамі, збіраемся вучыць людзей, як распаўсюджваць інфармацыю. Ідзецца пра навучанне як рабіць самвыдат, правільна рабіць вайбер-рассылкі, ўзгадаваць як правільна камунікаваць у аднакласніках. Шмат хто з нас знаходзіцца цяпер у дэмакратычным пухіры, у Інстаграме, Фэйсбуку, аднакласнікі ды Вкантакце забытыя. Мы будзем іх узгадаваць і вучыць як карыстацца. Яшчэ мы спрабуем накіраваць беларусаў на кантакты з чыноўнікамі. У першую чаргу ідзецца пра дэпутатаў, як іх знаходзіць, як да іх звяртацца. Мы падрыхтавалі шаблоны запытаў, зрабілі сайт з дадзенымі дэпутатаў. Мы імкнёмся казаць людзям пра іншыя дзяржаўныя структуры, каб яны маглі, як казала Калеснікава, “далбіць, далбіць, далбіць”, каб мець вынік. Раней ці пазней гэтыя дзеянні дадуць вынік. Але нават і там ёсць людзі, якія сумняваюцца. У пэўны момант сістэма пачне развальвацца. Гэта ціск на вінцікі дзяржаўнай сістэмы.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч