Вайна Расіі супраць Украіны няўхільна прывядзе да распаду ідэі вялікай Расійскай імперыі. І гэта добра не толькі для свету, але таксама для саміх расіян, у якіх паявіцца шанец жыць значна лепш у дзяржаве, якая не мроіць пра імперыялізм. Пра гэта разважае госць нашага эфіру, прафесар гісторыі Мікалай Іваноў, ураджэнец Беларусі, які шмат гадоў жыве ў Польшчы.
Спадар прафесар, скажыце, як тры тыдні таму Вы ўспрынялі інфармацыю пра вайну, якую пачала Расія супраць Украіны?
- Гэта было зусім нечакана. Я да гэтага пісаў артыкулы, даваў шмат інтэрв’ю, і казаў, што Пуцін хоча толькі запужаць Захад і прымусіць яго да перамоваў. Мне здавалася, што пачаць вайну ў такой сітуацыі – гэта для Расіі самазабойства. Расія прайграла вайну, нават яе не пачаўшы.
Калі пачалася вайна, у першы дзень, я падумала – расіяне паломяць сабе зубы на Украіне. У мяне тады ўзнікла думка пра паралель з паўстаннем Багдана Хмяльніцкага (сярэдзіна 17-га стагоддзя), якое палякі хацелі падавіць. І яно фактычна стала пачаткам распаду Рэчы Паспалітай, што давяло да падзелу краіны. Ці такія далёкія паралелі на вашу думку, як гісторыка, можна праводзіць?
- Канешне, можна праводзіць. Толькі трэба памятаць, што распад польскай дзяржавы цягнуўся 200 гадоў. Цяпер усё адбудзецца значна хутчэй. Я амаль упэўнены, што крок Пуціна – гэта пачатак канца Расійскай імперыі. Яна, праўда, ужо даўно распалася (у выглядзе Савецкага Саюзу) і пазіцыі Расіі ў свеце былі ўсё слабейшымі. Расія страціла сваю пазіцыю супердзяржавы. Цяпер мары пра Расію як супердзяржаву пахаваныя назаўсёды. Гэта добра і для самога расійскага народу. Імперыя заўсёды каштуе, да яе трэба шмат даплачваць. У часы СССР самі расіяне жылі значна горш, чым іншыя народы. У часы ПНР я прыехаў у Польшчу, якая была сатэлітам СССР, але ўзровень жыцця тут быў значна лепшы, чым у самім Саюзе. Я ўжо не кажу пра ГДР, Чэхаславакію і іншых. Саюз да гэтай імперыі даплачваў. І сёння расійскі народ плоціць вялізныя грошы за авантуру Пуціна, не кажучы ўжо пра людскія і духоўныя страты. Чым хутчэй Расія пазбавіцца гэтай імперскай хваробы, тым лепш будзе для самой Расіі і для нас, беларусаў.
Яшчэ я хацела б пагаварыць пра польска-украінскія адносіны. Яны былі складаныя, палякам цяжка было выбачыць тое, што здарылася на Валыні, дзе былі забітыя тысячы мірных жыхароў, палякаў. Парадаксальна, цяпер ёсць шанец на поўнае прымірэнне, што станецца дзякуючы Пуціну, які зрабіў для польска-украінскага прымірэння больш, чым іншыя палітыкі разам узятыя.
- Тое, што сталася каля 80 гадоў таму на Валыні, у Галіцыі, гэта вельмі глыбокая рана ў палякаў. Загінула ад 60 да 200 тыс. палякаў, але і ўкраінцаў загінула каля 10 тысяч. Гэта была вайна пад нямецкай акупацыяй. Гэтая рана цяпер крыху загаілася ў сувязі з тым, што пачалася вайна, і ўкраінцы з палякамі маюць супольнага ворага – Расію. Але нельга пра гэта забыць. Жывуць яшчэ людзі, якія перажылі тыя падзеі, выдаюцца кніжкі пра Валынскую разню, ставяцца помнікі, гісторыкі яе вывучаюць. У гэтым пакаленні праблема будзе яшчэ існаваць, але не так востра, як яна існавала яшчэ 10 гадоў таму. Тое, што здарылася цяпер, значна наблізіла польскі і ўкраінскі народы. Ніводзін народ у Еўропе не дапамагае так украінцам, як палякі. І польская дзяржава ідзе значна далей, чым іншыя дзяржавы. Цяпер у Польшчы ідзе дыскусія наконт міратворчай місіі НАТА, каб скончыць вайну. Прапанову высунуў польскі прэм’ер-міністр. Чуваць галасы, што гэта адбылося без кансультацый. Тым не менш, Польшча – адзіная дзяржава, якая цалкам падтрымлівае ідэю закрытага неба над Украінай.
нг