Вайна ва Украіне ідзе 35 дзень. Мільён бежанцаў, тысячы забітых, зруйнаваныя гарады. Пра тое, як гэтыя падзеі ўплываюць на Беларусь, расказвае Ігар Тышкевіч, палітолаг, эксперт Незалежнага аналітычнага ўкраінскага цэнтра «Інстытут будучыні».
– Лукашэнка праводзіў свой рэферэндум, была пэўная надзея на гульню, на пазітыўныя чаканні, што вось правядзем, нешта супакоіцца і будзе нешта далей. Вайна паламала ўсе гэтыя карты, прычым кардынальна. У Мінску проста не ведаюць, што рабіць. Ёсць традыцыйная спроба згуляць на сваім электаральным полі, маўляў, мы тут ні пры чым, мы мірныя і гэта далей. Але ёсць невялікі шанец для Лукашэнкі, калі будзе магчымасць праявіць сябе аддалена ад Пуціна.
Палітолаг Ігар Тышкевіч скептычна глядзіць на пазіцыю, напрыклад, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) і Паўла Латушкі, якія выступілі з заявай, назваўшы Беларусь часова акупаванай тэрыторыяй і заклікалі міжнародную супольнасць даць гэтаму адпаведную прававую ацэнку. А таксама да прэтэнзій беларусаў да прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, які ў інтэрв’ю расійскім медыя заявіў, што не супраць таго, каб Лукашэнка атрымаў суб’ектнасць праз прадстаўленне пляцоўкі для перамоў.
Прывядзем цытату: «Я не супраць гэтых размоў (перамоў. – Рэд), абы быў вынік. Расійскі бок адчувае перамогу ў тым, што гэтая сустрэча адбылася, што гэта дадае нейкую суб'ектнасць Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку. Ды на здароўе. Калі мы можам скончыць вайну, а Аляксандр Рыгоравіч будзе адчуваць ад гэтага, што ён зноў у доме гаспадар, – ды на здароўе. Мне, шчыра кажучы, усё роўна. Гэта ўвогуле выбар беларусаў, а дакладна не наш. Таму я пагадзіўся, калі будзе прадметная ў іх сустрэча».
Тышкевіч падкрэслівае, што ідзе вайна і задача прэзідэнта Украіны дбаць пра інтарэсы Украіны, а не вырашаць пытанні дэмакратыі ў Беларусі.
Беларусь цяпер цалкам залежыць ад Расіі. Таму варта пачуць і прагнозы наконт будучыні гэтай дзяржавы.
Незалежны аналітычны ўкраінскі цэнтр «Інстытут будучыні» падрыхтаваў даклад «Санкцыі супраць Расіі: што насамрэч можа зламаць рэжым Пуціна».
Сцісла галоўныя высновы аналітыкаў такія:
- Унутрыпалітычная стабільнасць Расіі на дадзены момант выглядае высокай. Пратэстныя настроі ў Расіі нізкія, істотнага расколу эліты не назіраецца, а лаяльнасць сілавікоў пакуль не ставіцца пад сумнеў. У невялікай колькасці эліты сярод «тэхнакратаў» і «старых чыноўнікаў» мала незадаволенасці наступствамі вайны.
- Пры пэўных умовах вялізны разрыў паміж моладдзю і старэйшым пакаленнем у Расіі можа стаць крыніцай разрыву, які прывядзе да якасных палітычных змен, бо гэта на дадзены момант слабае месца расійскай палітычнай сістэмы. Моладзь ва ўзросце да 30 гадоў і гарадскі сярэдні клас найбольш пацярпелі ад цяперашняй сітуацыі.
- Асновай унутранай стабільнасці ў Расіі зʼяўляецца асабісты імідж Пуціна і абсалютны давер да яго асабіста з боку насельніцтва, а не ўрада, парламента або ўрада ў цэлым. Ён мае элітарны кансэнсус, а таксама сацыяльны кантракт у Расіі, які ён сам гарантуе і ўвасабляе.
- Фінансавая сістэма Расіі даволі стабільная. Згодна з любым з агульнапрынятых міжнародных крытэрыяў, незамарожаныя рэзервы ЦБ перавышаюць узровень дастатковасці. Улічваючы высокія цэны на нафту і адсутнасць эмбарга з боку Кітая і Еўропы, няма сурʼёзных пагроз з пункту гледжання плацёжнага балансу і патрэбнасці ў замежнай валюце.
- Пакуль цэны на нафту застаюцца высокімі і Расія іх прадае, ніякіх рызык для стабільнасці расійскага бюджэту няма. Фактары, якія могуць крытычна паўплываць на бюджэтную стабільнасць: а) цэны на нафту (іх падзенне); б) эмбарга на закупку нафты з Еўропы і / або Кітая + другасныя санкцыі за парушэнне эмбарга.
- Расійская эканоміка знаходзіцца на піку. Санкцыі будуць мець крытычныя наступствы для ўзроўню і якасці жыцця расейцаў у бліжэйшыя 10 гадоў, што паскорыць працэс эміграцыі і паглыбіць дэмаграфічны крызіс. Аднак эфект ад санкцый будзе доўгатэрміновай тэндэнцыяй, праз 1-2 гады ніводная з іх не нясе пагрозы рэжыму.
- У знешняй палітыцы ўстойлівасць Расіі залежыць ад нейтралітэту/супрацоўніцтва з большасцю незаходніх краін, у тым ліку з «цяжкавагавікамі» Кітаем, Індыяй, Турцыяй, ААЭ, Саудаўскай Аравіяй і гэтак далей.
- Ключавыя задачы Расіі ў гэтай галіне – недапушчэнне далучэння да санкцый незаходніх краін, падтрымка супрацоўніцтва з імі, перавод гандлю ў нацыянальныя валюты, пераарыентацыя на свае рынкі, наладжванне паставак тавараў праз трэція краіны.
– Расія можа ўзмацніцца толькі ў выпадку поўнай капітуляцыі Украіны. Пытанне толькі ў тым, ці гэта магчыма, улічваючы цяперашнюю сітуацыю. Так, будзе другая хваля, спробы дасягнуць пэўных поспехаў. Але поўнай капітуляцыі Украіны ўжо не будзе, гэта нерэальна. Ва ўсіх іншых выпадках Расія часова слабейшая, і будзе залежаць, ці прызнае Расія сваё паражэнне. Калі прызнае, то будзе больш працяглы час барацьбы ўнутраных элітаў, але не веру, што Расія можа стаць дэмакратыяй. На пэўны час, магчыма. Цалкам – не веру. Калі Расія прызнае паражэнне, час закіпання ўнутры дзяржавы 5-6 год. Калі прыдумаецца новы канцэпт для ўнутранага поля, маўляў, мы перамаглі, тады час турбулентнасці 3-4 гады. Але любы час турбулентнасці азначае, што паслядоўнай палітыкі на знешнія полі становіцца менш. Як гэта было, напрыклад, па загону Лукашэнкі ў цяперашнюю сітуацыю з 2018 года і па сёння. І гэта вакно магчымасцяў для постсавецкай прасторы адскочыць ад Масквы, – гаворыць палітолаг Ігар Тышкевіч.
вх