Калі пачалася вайна Расіі супраць Украіны, аналітыкі рабілі прагнозы, колькі яна працягнецца і якія сцэнары яе развіцця. Мала хто прадбачыў, што супраціў украінцаў будзе такім жорсткім, а паводзіны расійскіх салдат такімі садысцкімі, што яны будуць масава забіваць і гвалтаваць мірных жыхароў без ніякай на тое прычыны. Таксама палітыкі не думалі, што могуць здарыцца такія зверствы, як на Кіеўшчыне. Цяпер яны страсаюць з сябе апошнія ілюзіі.
Больш за дзвесце дэпутатаў Еўрапейскага парламенту, у тым ліку з Польшчы, падпісалі зварот аб увядзенні самых жорсткіх санкцый супраць Расеі пасля раскрыцця інфармацыі аб расправе над мірным насельніцтвам у Бучы ды іншых гарадах пад Кіевам. Ліст па гэтым пытанні быў накіраваны старшыні Еўрапейскай рады і Еўракамісіі, а таксама кіраўніку дыпламатыі ЕС. Пра падрабязнасці санкцыяў паведамляе карэспандэнт Польскага радыё ў Бруселі Бэата Пламэцка.
- Поўнасцю забароніць імпарт з Расіі нафты, газу і вугалю, закрыць усе парты для расійскіх суднаў і тавараў, адключыць усе расійскія банкі ад міжнароднай сістэмы фінансавых разлікаў SWIFT і ўвесці санкцыі супраць чарговых алігархаў і прадстаўнікоў уладаў. Такіх крокаў патрабуюць еўрапейскія дэпутаты. Надоечы на пачатку пленарнай сесіі ў Страсбургу пра неабходнасць увесці самыя жорсткія санкцыі ў адносінах Расіі казала старшыня Еўрапарламенту Раберта Мецола: «Мы павінны ўдарыць у фінансаванне машыны Пуціна, каб гэтае нелегальнае ўварванне было самай дарагой памылкай Крамля». У лісце еўрадэпутатаў утрымліваецца таксама заклік у адносінах важных еўрапейскіх установаў, каб у неадкладным парадку выслаць неабходнае ўзбраенне ўкраінскаму боку.
У сваім звароце прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўсе адказныя за злачынствы супраць мірных жыхароў на Кіеўшчыне будуць знойдзеныя і пакараныя, ён прывёў прыклад нацысцкай Германіі, лідары якой панеслі жорсткае пакаранне. Зяленскі звярнуўся таксама да лідараў заходняга свету, якія дагэтуль былі маларашучымі, але цяпер зразумелі, што пуцінская Расіі – нічым не лепшая за гітлераўскую Германію.
Вельмі важная для выніку вайны пазіцыя буйнейшых еўрапейскіх гульцоў – Францыі і Германіі. Прэзідэнт Эмануэль Макрон да апошняга верыў, што ўдасца дамовіцца з Пуціным, ён шмат разоў размаўляў з расійскім дыктатарам па тэлефоне. Аднак званкі былі да падзеяў у Бучы, а цяпер нават ён выступае за новыя еўрапейскія санкцыі, якія павінны закрануць пастаўкі вугалю і нафты з Расіі. У сваю чаргу Германія прыняла рашэнне пра высылку 40 расійскіх дыпламатаў. Гэта магутны крок у напрамку барацьбы з расійскім шпіянажам у Германіі і спробамі распаўсюджваць хлусню і расійскую ваенную прапаганду.
Калі заходнія палітыкі маглі яшчэ верыць, што з расійскім рэжымам удасца нейкім чынам дамовіцца, а прынамсі, лепш яго не раздражняць, дык жыхары Польшчы і Літвы памятаюць, да чаго здольныя расійскія салдаты. Польскія палітыкі здаўна білі трывогу, што нельга супрацоўнічаць з Пуціным, нельга будаваць газаправод Паўночны паток-2 і дастаўляць Расіі валюту, якую тая выкарыстоўвае на ўзбраенне. Цяпер заходнія палітыкі прызнаюць, што заявы палякаў былі не праявамі русафобіі, а лепшага разумення сапраўднай небяспекі сітуацыі.
Зверствы расіян у Бучы ды іншых падкіеўскіх гарадах сталі чарговай чырвонай лініяй не толькі для заходніх палітыкаў. Таксама лідары іншых важных дзяржаваў свету разумеюць, што таксічнасць Крамля зашкальвае і неабходна з пуцінскім рэжымам нешта рабіць. У панядзелак міністр замежных спраў Кітая Ван І правёў тэлефонную гутарку са сваім украінскім калегам Дзмітрыем Кулебам. Трэба адзначыць, што гэта першы кантакт на такім высокім узроўні з кітайскім бокам. Украіна дабівалася гэтай гутаркі больш за месяц, але Кітай адмоўчваўся. Пасля Бучы ўжо не можа маўчаць нават Кітай.
«Войны ў канцы канцоў заканчваюцца. Галоўнае ў тым, каб задумацца пра боль, захаваць трывалую бяспеку ў Еўропе і ўсталяваць збалансаваны, эфектыўны і ўстойлівы механізм еўрапейскай бяспекі», – адзначыў Ван. І дадаў, што «Кітай гатовы адыграць канструктыўную ролю ў гэтым плане».
IAR PR/нг