Беларуская Служба

ЗША не хочуць пастаўляць Украіне некаторых тыпаў узбраенняў

21.05.2022 07:11
Вашынгтон баіцца эскалацыі канфлікту ў выпадку атрымання Кіевам сучасных ракет, якімі ўкраінцы маглі б абстрэльваць тэрыторыю Расіі.   
Украінскія салдаты Bumble Dee/ Shutterstock

Джо Байдэн да гэтага часу не накіраваў ва Украіну ракетныя ўстаноўкі далёкага дзеяння. Затрымка прэзідэнта ЗША турбуе ўкраінскіх чыноўнікаў. Як паведамляе Politico, у Белым доме могуць быць занепакоеныя тым, што зброя будзе выкарыстаная ўкраінцамі для абстрэлу расійскай тэрыторыі, што прывядзе да эскалацыі канфлікту, піша Gazeta Wyborcza.

Злучаныя Штаты павінны былі паставіць Украіне гусенічныя рэактыўныя сістэмы залпавага агню (РСЗА) і высокамабільныя ракетныя комплексы HIMARS, піша Politico. Паводле ўкраінскіх чыноўнікаў, гэтая зброя вельмі патрэбная Украіне на Данбасе.

Злучаныя Штаты баяцца таго, што Украіна можа выкарыстаць амерыканскую зброю для абстрэлу тэрыторыі Расеі. Тады канфлікт абвастрыўся б. Дзве краіны вядуць перамовы аб адпраўцы гэтага роду зброі. Аднак Украіна падкрэслівае, што адтэрміноўка гэтага можа мець страшныя наступствы для ўкраінскіх мірных жыхароў. «Мы хочам як мага хутчэй перамагчы ворага і вызваліць нашы тэрыторыі», – заявіў у аўторак міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў на радзе Еўрасаюза па замежных справах.

Сенат ЗША ў чацвер прыняў пакет ваеннай, гуманітарнай і эканамічнай дапамогі Украіне на 40 мільярдаў долараў. Цяпер законапраект паступіць на стол прэзідэнта Джо Байдэна, які паведаміў, што яго падпіша. Пакет, зацверджаны Сенатам, уключае, сярод іншага 6 мільярдаў долараў на ваенную тэхніку, 8 мільярдаў 700 мільёнаў долараў на папаўненне ўжо перададзеных Украіне ўзбраенняў і 3 мільярды 900 мільёнаў на ўзмацненне прысутнасці амерыканскіх сіл у рэгіёне.

8 мільярдаў 800 мільёнаў было выдзелена на эканамічную дапамогу Украіне, 4 мільярды – на закупку зброі Украінай і саюзнікамі ЗША, 900 мільёнаў – на дапамогу ўкраінскім уцекачам у ЗША.

Прэзідэнт Джо Байдэн пахваліў Кангрэс за прыняцце закона аб дапамозе Украіне і падкрэсліў, што ён забяспечыць бяспеку, эканамічную, харчовую і гуманітарную дапамогу Украіне і рэгіёну, а таксама ўмацуе Украіну – як на полі бою, так і за сталом перамоваў. Джо Байдэн выказаў рашучую падтрымку «адважным грамадзянам Украіны, якія абараняюць сваю краіну ад працяглай агрэсіі з боку Расеі».

Былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выступіў супраць пакета для Украіны.

вс