Беларуская Служба

У Балтыйскім моры ля выспы Волін знойдзена буйнешае ў Польшчы радовішча нафты і газу

21.07.2025 13:04
У акваторыі каля вострава можа залягаць больш за 33 млн тон нафты і 27 млрд кубаметраў газу.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:redhawkgroup/pixabay.com/CC0 Public Domain

Непадалёк ад выспы Волін (Заходняя Памеранія) выяўлена вялікае радовішча нафты і прыроднага газу. Паводле падлікаў экспертаў, там знаходзіцца каля 22 млн тон нафты і пяць мільярдаў кубаметраў газу. Увогуле, у акваторыі каля вострава можа залягаць больш за 33 млн тон нафты і 27 млрд кубаметраў газу.

Войцех Якубік з Цэнтра энергетычнай бяспекі адзначыў, што названыя аб’ёмы прыблізна адпавядаюць гадавому спажыванню гэтых рэсурсаў у Польшчы:

— Нашы нафтаперапрацоўчыя заводы штогод выкарыстоўваюць каля 27 млн тон нафты, а газу — каля 17 млрд кубаметраў. Таму выяўленае радовішча нельга назваць надзвычай вялікім. Аднак сам факт таго, што прыватны інвестар зацікавіўся пошукам радовішчаў у Балтыйскім моры і здолеў нешта знайсці, можа палепшыць інвестыцыйны клімат. У кантэксце ўсёй Еўропы гэта асабліва актуальна.

Аб адкрыцці паведаміла кампанія Central European Petroleum (CEP). Свідравіна размешчана прыблізна за шэсць кіламетраў ад горада Свінауйсце і  размешчана на глыбіні трох кіламетраў.

Паводле прадстаўнікоў кампаніі, знойдзенае радовішча з’яўляецца найбуйнейшым традыцыйным радовішчам вуглевадародаў, калі-небудзь выяўленым у Польшчы, і адным з найбуйнейшых радовішчаў нафты, знойдзеных у Еўропе за апошнія дзесяць гадоў.

IAR/эж