Беларуская Служба

Дарадца Зяленскага Міхаіл Падаляк: Прарасійскія лабісты ў Еўропе пачынаюць падымаць галовы

26.05.2022 15:33
Былы дзяржсакратар ЗША Генры Генры Кісінджар падчас Сусветнага эканамічнага форуме ў Давосе заявіў, што Украіна павінна саступіць частку сваёй тэрыторыі Расіі, калі яна хоча дасягнуць міру. Што пра гэта думаюць ва Украіне ды ў іншых дзяржавах.
 .
Міхаіл Падаляк.Фота: president.gov.ua

Былы дзяржсакратар ЗША Генры Генры Кісінджар падчас Сусветнага эканамічнага форуме ў Давосе заявіў, што Украіна павінна саступіць частку сваёй тэрыторыі Расіі, калі яна хоча дасягнуць міру. Што пра гэта думаюць ва Украіне ды ў іншых дзяржавах.

Сцверджанне пра «адступныя» з боку Украіны ў выглядзе тэрыторый справакавала шэраг абураных каментароў палітыкаў, якія бачаць у такой пазіцыі недальнабачнасць і абыякавасць да ўкраінскага народу.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ягоная краіна не аддасць сваю зямлю дзеля абяцанняў Расеі міру. Украінскі лідар падкрэсліў, што яго краіна будзе змагацца за вяртанне акупаваных Расіяй тэрыторый.
 
— «Вялікія геапалітыкі» часта не бачаць простых людзей — яны не бачаць мільёнаў украінцаў, якія жывуць на тэрыторыі, ад якой хочуць адмовіцца ў абмен на ілюзію міру. І больш за ўсё трэба памятаць пра людзей».

«Што б ні рабіла расійская дзяржава, ёсць той, хто кажа: давайце ўлічваць яе інтарэсы. Сёлета ў Давосе гэта зноў прагучала. Нягледзячы на тое, што тысячы расійскіх ракет трапілі ва Украіну. Нягледзячы на дзесяткі тысяч забітых украінцаў. Нягледзячы на Бучу і Марыупаль. Нягледзячы на разбураныя гарады. І нягледзячы на пабудаваныя расійскай дзяржавай «фільтрацыйныя лягеры», у якіх забіваюць, катуюць, гвалцяць і зневажаюць як на канвееры. Усё гэта Расія зрабіла ў Еўропе. Але ўсё ж такі ў Давосе, напрыклад, спадар Кісінджір выходзіць з глыбокага мінулага і кажа, што кавалак Украіны трэба аддаць Расеі. Каб не было адчужэння Расіі ад Еўропы».

Яшчэ раз вернемся да ідэі Генры Кісінджара: «Перамовы павінны пачацца ў бліжэйшыя два месяцы, перш чым гэта прывядзе да ўзрушэнняў і напружанасці, якія будзе няпроста пераадолець. У ідэале лініяй падзелу павінна стаць вяртанне да ранейшага статус-кво», – сказаў 98-гадовы палітык Кісінджар.

«Антэ статус-кво» пра які сказаў Кісінджар – гэта значыць вярнуцца да сітуацыі, калі Расія фармальна кантралявала Крым і нефармальна кантралявала частку дзвюх усходніх абласцей Украіны – Луганск і Данецк.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што частка яго ўмоў для ўступлення ў мірныя перамовы з Расіяй будзе ўключаць аднаўленне межаў да ўварвання Расіі 24 лютага гэтага года.

Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла ў Давосе, што вайна – гэта не толькі «пытанне выжывання Украіны» або «пытанне еўрапейскай бяспекі», але і «задача для ўсёй сусветнай супольнасці». Яна пашкадавала аб «разбуральнай лютасці» прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, але заявіла, што Расія можа аднойчы аднавіць сваё месца ў Еўропе, калі «знойдзе шлях назад да дэмакратыі, вяршэнства закона і павагі да міжнароднага парадку, заснаванага на правілах, таму што Расія з'яўляецца нашым суседам».

Дарадца Зяленскага Міхаіл Падаляк падкрэслівае, што «любая саступка Расіі – гэта не шлях да міру, а вайна, адкладзеная на некалькі гадоў». Апублікаваная афіцыйная заява дарадцы Зяленскага.

«Прарасійскія лабісты ў Еўропе пачынаюць падымаць галовы. Учора на парадку дня былі толькі нафтавае эмбарга і расійскія ваенныя злачынствы. Сёння некаторыя палітыкі прапануюць нам новы парадак дня: спыненне агню, замарожаны канфлікт і здача некаторых тэрыторый дзеля міру. Чаго толькі не прапануеш, каб абараніць свой камфорт у сацыяльных сетках ад дрэнных навін і аднавіць бізнес з Расіяй. «Мы хочам вярнуцца да ранейшага, даваеннага ладу жыцця. Згаджайцеся на нейкія кампрамісы» – у некаторых заходніх вачах можна прачытаць гэта літаральна.

Мы не гандлюем нашымі грамадзянамі, тэрыторыямі або суверэнітэтам. Гэта выразная чырвоная лінія.

Каб не было двухсэнсоўнасці. Украіна не будзе ўдзельнічаць у гэтай дыскусіі. Мы не гандлюем нашымі грамадзянамі, тэрыторыямі або суверэнітэтам. Гэта выразная чырвоная лінія. Украінскае грамадства заплаціла страшную цану і нікому не дазволіць нават зрабіць крок у гэтым кірунку – ніводнай уладзе і ніводнай краіне. Любы намёк на гэта ад любога партнёра атрымае прынцыповую адмову. Аб замарожванні канфлікту не можа быць і размовы.

Па-першае, любое замарожванне – гэта адкладзеная вайна. Больш вялікая, больш крывавая і лепш падрыхтаваная агрэсарам, які будзе працаваць над памылкамі, звальняць і арыштоўваць генералаў, а на іх месца паставіць баевікоў з досведам сённяшняй вайны.
Мы, дарэчы, таксама працавалі над памылкамі: Украіна зрабіла высновы з мінскіх пагадненняў і таму не пойдзе на Мінск-3.

З пачатку вайны свае дамы пакінулі 13 мільёнаў украінцаў. Гэтыя людзі не вернуцца жыць на акупаваныя тэрыторыі або ў «шэрую» зону ваенных дзеянняў.

Па-другое, геапалітычныя «стратэгі» кажуць пра тэрыторыі, а пра людзей ніхто. З пачатку вайны свае дамы пакінулі 13 мільёнаў украінцаў. Гэтыя людзі не вернуцца жыць на акупаваныя тэрыторыі або ў «шэрую» зону ваенных дзеянняў. Бо гэта рызыкоўна. Значыць, эканомікі ў нас не будзе. Няўжо тыя, хто заклікае замарозіць вайну, пакінуць нашых мігрантаў на ўсё жыццё? У гэтым ёсць сурʼёзныя сумневы. Мільёны ўкраінцаў таксама знаходзяцца пад акупацыяй, і мы нікому не дазволім гандляваць сваімі багаццямі, седзячы ў зручным крэсле ў краіне, якая не ваюе. Любая вайна заканчваецца за сталом перамоваў, і гэта не будзе выключэннем. Але перамовы магчымыя толькі тады, калі бакі будуць гатовыя да згоды. Для гэтага Расіі трэба пачаць цвяроза ацэньваць сітуацыю», — апублікаваў разгорнуты каментар дарадца Зяленскага Міхаіл Падаляк.

Міхаіл Падаляк, да слова, удзельнічаў з украінскага боку ў некалькіх сустрэчах-перамовах з расійскім бокам пасля пачатку вайны.

Прапановы заходніх палітыкаў і экспертаў аддаць Расіі частку тэрыторыі Украіны ў імя міру небяспечныя для Літвы, пра гэта заявіў міністр замежных спраў Літвы Габрыэліус Ландсбергіс.

«Яны небяспечныя для нас, для Літвы, таму што нармалізуюць не толькі адносіны з гэтым рэжымам (прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. – Аўт.), але і нармалізуюць тое, што робіць гэты рэжым», – сказаў Ландсбергіс журналістам.

Па словах кіраўніка літоўскай дыпламатыі, такія прапановы зʼяўляюцца «моцным сігналам усім іншым агрэсарам, патэнцыйным злачынцам, што калі ты здзейсніш злачынства і не будзеш змецены на працягу трох месяцаў, то ўсё ў парадку».

«Прапанова прызнаць частку тэрыторыі Украіны на карысць Расіі накіравана на нармалізацыю цяперашняй сітуацыі», – падкрэсліў Ландсбергіс і дадаў, што менавіта Кіеў скажа, «калі скончыцца вайна і на якіх умовах».

Гісторык, аглядальнік Аляксандр Фрыдман звяртае ўвагу на выступ канцлера германіі Олафа Шольца ў Давосе. «Шольц паўтарае дзве тэзы, якія адлюстроўваюць яго жаданні, але не маюць нічога агульнага з рэальнасцю: Пуцін пачне перамовы аб міры тады, калі зразумее, што ён не зможа перамагчы ў вайне. – Насамрэч: не зразумее і не пачне. «Пуцін не павінен выйграць вайну». – Насамрэч: Пуцін павінен прайграць вайну. Без пройгрышу не будзе міру і спакою ў Еўропе».

Паводле PAP / IAR / вх