Беларуская Служба

Польскі ўрад: «Ніхто не хоча купляць энергію ад злачынцаў»

31.05.2022 14:15
Да канца года Еўрасаюз збіраецца адмовіцца ад 90% імпартаванай з Расіі нафты.
-
Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі на саміце ЕС у Бруселі EPA/STEPHANIE LECOCQ Dostawca: PAP/EPA

Лідары краін-чальцоў ЕС папярэдне дамовіліся пра ўвядзенне частковага эмбарга на расійскую сыравіну. Ідзецца пра эмбарга на марскія пастаўкі, а не трубаправоды. Урады Чэхіі ды Венгрыі, якія блакіравалі згоду цягам амаль чатырох тыдняў, цяпер адклікалі свае пярэчанні. У бліжэйшыя дні Брусель вызначыць тэхнічныя аспекты эмбарга.

Уначы Еўрапейская рада пагадзілася ўвесці санкцыі на імпарт расійскай нафты па моры. Да канца бягучага года Еўрасаюз адмовіцца ад паставак 90% імпартаванай з Расіі нафты. На саміце ЕС у Бруселі лідары краін-удзельніц дасягнулі пагаднення наконт умоў эмбарга на імпарт расійскай нафты, пра што паведаміла старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.

- Тое, што мы сёння зрабілі, – гэта вялікі крок наперад. Таму што спачатку мы вырашылі пазбавіцца ад расійскага вугалю, а гэта было ўжо складана, а цяпер у нас ёсць палітычная дамоўленасць, як адмовіцца ад нафты на падставе вызначаных тэрмінаў.

Пра настроі, якія панавалі ў Бруселі, у моцных словах распавёў прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі. Ніхто не хоча купляць энергію ў Расіі, гэта варварская краіна, заявіў польскі прэм'ер Матэвуш Маравецкі. У Польшчы лічаць, што Еўрапейская Супольнасць павінна стаць цалкам незалежнай ад расійскай энергіі.

- Расія стала не толькі нявартым даверу партнёрам, але і злачыннай дзяржавай. Таму мы абмяркоўваем, як мага хутчэй адмовіцца ад расійскага вугалю ды нафты. У далейшым, пра гэта кажуць такія краіны ЕС, як Германія ды Аўстрыя, трэба будзе адмаўляцца і ад газу.

Польскі прэм’ер распавёў, што менавіта на Варшаве спачываў цяжар пераканання Вышаградзкай групы ўвесці санкцыі супраць расійскай нафты. Менавіта дзве краіны ўдзельніцы групы – Венгрыя ды Чэхія - блакіравалі раней увядзенне шостага пакета санкцый супраць Расіі за напад на Украіну. Будапешт і Прага выказалі сур'ёзныя сумневы адносна эмбарга. Польшча дапамагла падысці са зразуменнем да іх заклапочанасці.

- У залежнасці ад наяўнасці інфраструктуры трэба пагадзіцца на дробныя саступкі звязаныя з часам увядзення эмбарга. Гэта можа азначаць, што некаторыя краіны раней, а іншыя пазней далучацца да поўнага рэжыму санкцый.

Чэхію задаволіў пераходны перыяд, каб дапасавацца да ўвядзення эмбарга. Прэмʼер-міністр Чэхіі Пётр Фіала абвясціў, што Чэхія, як краіна, якая не мае выхаду да мора, і якая залежыць ад імпарту нафтапрадуктаў, будзе падпадаць пад выключэнне, якое дазваляе, нягледзячы на эмбарга ЕС, ажыццяўляць далейшыя пастаўкі расійскай нафты. Пераходны перыяд працягнецца паўтара года. Чэшскі прэм'ер назваў прымальнымі дадзеныя ўмовы.

- Учорашнія перамовы паказалі, што Еўрасаюз здольны дамагчыся і захаваць адзіную паслядоўную пазіцыю ў дачыненні да расійскага агрэсара.

Венгерскія сем’і могуць спаць спакойна, – заявіў прэм'ер-міністр гэтай краіны Віктар Орбан пасля прыняцця ЕС эмбарга на расійскую нафту. Віктар Орбан распавёў, што прапанова Еўракамісіі аб забароне выкарыстання расійскай нафты ў Венгрыі была адхіленая.

- Мы дасягнулі дамоўленасці, што нафтаатрымальнікі могуць працягваць працаваць на цяперашніх умовах. Сёння сем'і могуць спаць спакойна, нам удалося нас абараніць па максімуму.

Пасля палітычнага ўрэгулявання настаў час тэхнічных дамоўленасцяў. У бліжэйшыя дні амбасадары дзяржаў-чальцоў ЕС сустрэнуцца, каб удакладніць дэталі і ўнесці ў дакументы канкрэтныя выключэння для асобных краін.

Галоўны элемент узгодненага эмбарга – адмова ад паставак нафты марскім шляхам, на які прыпадае 2/3 імпарту Еўрасаюза з Расіі. Выключэнне распаўсюджваецца толькі на трубаправоды, але ў святле рашэння Польшчы і Германіі пазбавіцца ад расійскай нафты, ЕС адмовіцца ад 90% працэнтаў закупак гэтай сыравіны ў Расіі да канца года.

Расія моцна адчуе гэтыя абмежаванні на экспарт нафты ў ЕС, паведамляе агенцтва «Bloomberg». Журналісты агенцтва падлічылі, што страты расійскага бюджэту могуць скласці 22 мільярды долараў у год.

ПР/Юры Ліхтаровіч