Украінскія СМІ паведамляюць пра незвычайныя паводзіны беларускага дыктатара. Аляксандр Лукашэнка пакрыўдзіўся на Украіну за санкцыі супраць Мінска і запэўніў, што беларускае войска не пойдзе ваяваць з Кіевам, паведамляе старонка dorzeczy.pl.
У сваю чаргу ў іншым сваім выступе, які цытавалі дзяржаўныя беларускія СМІ, Лукашэнка згадаў прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага. Беларускі палітык заявіў, што ставіўся да Зяленскага «як да свайго дзіцяці».
«Вы бачылі маю пазіцыю па Украіне. Чаго я там толькі не рабіў. І першымі супраць нас увялі санкцыі Кіеў і Валодзя Зяленскі, да якога я ставіўся як да свайго дзіцяці. З намі нават размаўляць не хочуць. І супраць нас увялі санкцыі. Чаму? Таму што яны несамастойныя. Амерыканцы праз палякаў давалі ім указанні», – сказаў Лукашэнка.
Беларускі палітык заявіў, што яму незразумелыя прэтэнзіі да яго з боку Украіны, якую з тэрыторыі Беларусі рэгулярна бамбяць расійскія ракеты. Лукашэнка тлумачыў, што ён толькі «выконвае саюзныя дамоўленасці з Расіяй». Ён таксама дадаў, што не хоча адпраўляць сваіх жаўнераў на вайну з Украінай, хіба што ўкраінцы ўвойдуць на беларускую тэрыторыю са зброяй.
«Калі ласка, прыязджайце. Мы будзем вас лячыць, насіць на руках. Вы нам родныя. Але са зброяй у руках – асцярожна», – папярэдзіў Лукашэнка.
Выданне нагадвае, што Беларусь з самага пачатку расійскага ўварвання ва Украіну падтрымлівае ваенныя дзеянні Крамля. Беларускі рэжым прадаставіў Расійскай Федэрацыі сваю тэрыторыю для ўварвання на ўкраінскія землі 24 лютага. Расіяне таксама неаднаразова абстрэльвалі Украіну з тэрыторыі Беларусі з розных відаў зброі. У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка толькі на пачатку кастрычніка прызнаў заангажаванне беларускага боку ў баявыя дзеянні ва Украіне.
аз