Беларуская Служба

Прэм'ер Польшчы: Калі падзе Кіеў, Расія накіруе сваю агрэсію супраць Польшчы

22.11.2022 13:13
«Разам з ЗША, НАТА і Еўрасаюзам мы працягнем падтрымліваць Украіну», – напісаў прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі.
Polands Prime Minister Mateusz Morawiecki speaks in parliament in Warsaw on Wednesday, Nov. 16, 2022.
Poland's Prime Minister Mateusz Morawiecki speaks in parliament in Warsaw on Wednesday, Nov. 16, 2022.Photo: PAP/Rafał Guz

«Смерць двух грамадзян Польшчы дала зразумець, наколькі блізка вайна. Пуцін некалькі месяцаў тэрарызуе Украіну. Расійскія ракетныя ўдары наносяцца не па ваенных, а па грамадзянскіх абʼектах. Бомбы падаюць ля межаў Польшчы», – напісаў прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі ў артыкуле, апублікаваным у аўторак, 22 лістапада на старонках Super Express.

Кіраўнік ураду падкрэсліў, што Польшча не была атакаваная непасрэдна, і гэта пацверджана польскімі і саюзніцкімі экспэртызамі, дадзеныя выведкі сведчаць аб няшчасным выпадку. Паводле Маравецкага, пасля тэхналагічнага збою ракеты СПА Украіны ўпалі на тэрыторыю Польшчы, хоць, як напісаў прэмʼер, падрабязныя прычыны яшчэ будуць высвятляцца.

«Але галоўная прычына вядомая – калі б не вайна, калі б не масавыя абстрэлы Украіны, гэтага б ніколі не было. Адказнасць за гэтую трагедыю нясе толькі Расія», – падкрэсліў у сваім артыкуле польскі прэм’ер. Палітык дадаў, што Польшча ў бяспецы і не хоча вайны з Расіяй.

«Гэтага можна пазбегнуць толькі адным чынам – падтрымаць перамогу Украіны. Пуцін паказаў, што ён бязлітасны палітык, які не спыніцца ні перад чым. Калі Кіеў падзе, Расія накіруе сваю агрэсію ў бок Польшчы», – папярэдзіў Матэвуш Маравецкі.

Прэмʼер адзначыў, што «расійскія тролі ўжо працуюць на аслабленне нашай волі. Яны засыпаюць нас фальшывымі навінамі, чуткамі і дэзынфармацыяй. Яны хочуць выклікаць паніку і хаос. Яны ведаюць, што Польшча зʼяўляецца ключом да кааліцыі, якая падтрымлівае Украіну».

Паводле Маравецкага, «калі мы спынім падтрымку ўкраінцаў, уся архітэктура падтрымкі Кіева разваліцца як картачны домік. І тады палякі зноў будуць працаваць на Маскву і мы трапім у залежнасць ад Расіі. Таму мы павінны трымацца як скала, быць моцнымі і згуртаванымі. Мы не дамо сябе запалохаць», – пераконваў Матэвуш Маравецкі.

«Разам з ЗША, НАТА і Еўрасаюзам мы працягнем падтрымліваць Украіну. Замест падпарадкавання мы выбіраем свабоду. Любое іншае рашэнне – гэта не проста баязлівасць – гэта памылка. Мы жывем у час геапалітычных узрушэнняў. Мы павінны гарантаваць бяспеку Польшчы і вярнуцца на шлях развіцця. І мы гэта забяспечым», – запэўніў кіраўнік польскага ўраду ў сваім артыкуле для выдання Super Express.

эж