Беларуская Служба

У Сейме прадстаўнік Падляшша наўпрост лабіраваў інтарэсы беларускага рэжыму

05.12.2022 14:22
Ні адзін удзельнік паседжання камітэту Сейму, не сказаў, што Талвіньскі лабіруе ў інтарэсах беларускага рэжыму.
 -
Былы віцэ-маршалак Падляшша Кшыштаф ТалвіньскіAutorstwa Jacek.porosa - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=79071861

Былы намеснік міністра фінансаў ва ўрадзе Яраслава Качыньскага і былы віцэ-маршалак Падляшша Кшыштаф Талвіньскі (Krzysztof Tołwiński) лабіраваў інтарэсы беларускага рэжыму падчас апошняга паседжання парламенцкага камітэта па сельскай гаспадарцы. І зрабіў гэта са згоды старшыні гэтага камітэта ад ПіС і з маўчаннем дэпутатаў і намеснікаў міністраў сельскай гаспадаркі і дзяржаўных актываў, піша Gazeta Wyborcza.

Сам Талвіньскі, які гэтым разам прадставіўся актывістам Федэрацыі сямейных гаспадарак, не хаваючы шкадавання, сцвярджаў, што польскія фермеры ня могуць купляць калійную соль наўпрост у беларускіх прадпрыемстваў, бо яны знаходзіцца пад санкцыямі. Талвіньскі адзначыў, што перамовы, якія ён правёў «з калегамі» ў Беларусі, паказваюць, што калійная соль будзе больш чым удвая таннейшая, чым цяпер, калі мы не будзем яе купляць з іншых краін праз пасярэднікаў, а непасрэдна з Беларусі.

«Мы павінны нешта з гэтым зрабіць», – заклікаў Талвіньскі. Ён таксама пытаў: – Калі польскі ўрад звернецца да Еўракамісіі з просьбай вызваліць ад санкцый штучныя ўгнаенні, асабліва калійную соль [з Беларусі – рэд.], таму што гэта працуе супраць нас?
Перад гэтым Талвіньскі абвясціў: – З Украіны ідзе т.зв. тэхнічнае зерне, гэта значыць кармавое, якое вырабляецца на расійскіх і беларускіх угнаеннях, асабліва на калійнай солі, і запаўняе польскі рынак.

Ні адзін удзельнік паседжання камітэту Сейму, не сказаў, што Талвіньскі лабіруе ў інтарэсах беларускага рэжыму.

Gazeta Wyborcza нагадала, што ад пачатку вайны ва Украіне Талвіньскі, як прадстаўнік польскага Падляшша двойчы сустракаўся ў Беларусі з мясцовымі прадстаўнікамі ўладаў рэжыму Лукашэнкі і прадпрымальнікамі (прынамсі, пра столькі візітаў ён паведаміў). У кастрычніку ён размаўляў там у тым ліку з віцэ-губернатарам Гродзенскай вобласці пра энергетычную бяспеку і пра атамную электрастанцыю ў Астраўцы. З нагоды гэтага візыту ён заявіў, што Беларусь «з'яўляецца адной з найлепш кіраваных краінаў», а Лукашэнка – «дзяржаўны дзеяч і сапраўдны палітык». Талвіньскі цалкам адпавядае антыамерыканскай рыторыцы, якая выкарыстоўваецца ў Крамлі і лукашэнкаўская прапаганда, піша GW.

яс