У польскай сталіцы прайшла міжнародная канферэнцыя прысвечаная даследаванню феномену СССР праз 30 год пасля распаду. У канферэнцыі ўзялі ўдзел даследчыкі з розных еўрапейскіх краін, у тым ліку Літвы, Германіі, Латвіі, Украіны, ЗША ды іншых.
За гады, якія прайшлі пасля распаду СССР, краіна Саветаў стала прадметам даследаванняў спецыялістаў з усяго свету. Савецкі Саюз разглядаўся з перспектывы палітычнай, грамадскай, параўнальных даследаванняў. Нават тлумачэнне расійскай агрэсіі супраць Украіны можна знайсці ў сацыяльных працэсах, якія праходзілі ў Расіі ў 1980-90-ыя гады. Пуцінскі рэжым мае свае карані ў Вялікай айчыннай вайне ды ў грамадскіх каштоўнасцях і паводзінах 1970-ых гадоў, заявіла прафесар Віялета Даваліутэ з Віленскага ўніверсітэта.
- Зацікаўленасць перыядам позняга сацыялізму расце апошнія гады. Тыя часы ўспрымаліся зусім нядаўна, як момант культурнай стагнацыі, дзе нічога цікавага не павінна было здарыцца. На міжнародным узроўні пачаўся з’яўляцца інтарэс да падзей 1960-80 гг у СССР ды краінах Балтыі. Адбыўся значны перанос акцэнтаў. На першае месца пад уплывам балцкіх даследчыкаў выйшла таталітарная парадыгма і факусіраванне на рэпрэсіях, нацыянальным супраціве. Цяпер назіраецца пашырэнне нарытыву. Усё часцей даследчыкі засяроджваюцца на наступствах савецкага панавання, ды на тлумачэнні распаду СССР у 1991-годзе.
Беларуская даследчыца Алена Маркава за Карлава ўніверсітэта ў Празе зазначыла, што для Беларусі распад СССР быў спачатку часам нацыянальнага адраджэння, а потым ператварыўся ў новую русіфікацыю.
- Распад Савецкага Саюза зрабіў актуальным пытанні адраджэння нацыянальнай культуры, мовы ды спадчыны. Гэта стала клеем для ўмацавання нацыянальнай тоеснасці ды будавання нацыі і нацыянальнай дзяржавы. У выпадку Беларусі быў вельмі кароткі перыяд нацыянальнага адраджэння з 1990 па 1995. Пасля чаго пачаўся другі перыяд, які можна назваць часам нацыянальнай замарозкі ды чарговай русіфікацыі.
Польскі адмысловец, доктар філасофіі Вітальд Радкевіч з Цэнтру ўсходнееўрапейскіх даследаванняў, зазначыў, што савецкае мінулае не да канца раскрытае.
- Прайшло 30 год, то бок жыццё амаль цэлага пакалення. За гэтыя 30 год даследаванняў мы спрабавалі апісаць гісторыю СССР, але заўважаем шмат не адкрытага. Гэта тычыцца гісторыі ды ўсяго абшару. Застаюцца пытанні пры прычыны рэвалюцыі ды распаду СССР.
У сваю чаргу прафесар Наталля Шліхта з Нацыянальнага ўніверсітэта «Кіева-Магілянская акадэмія» заклікала разглядаць савецкую гісторыю ў больш шырэйшым кантэксце.
- Савецкі феномен трэба канцэптуалізаваць. Немагчыма яго вывучаць як адзінкавую з’яву, адарваную ад працэсаў, якія мелі месца ў другой палове ХХ стагоддзя. На маю думку, савецкасць павінна разглядацца ў кантэксце еўрапейскай ды сусветнай гісторыі. Пры гэтым трэба засяроджвацца на вывучэнні дробных характарыстык гістарычных працэсаў, у тым ліку ўспаміны ды досвед асобных людзей. Без гэтага немагчыма зразумець феномен савецкасці.
Пры гэтым удзельнікі дыскусіі пагадзіліся, што апошнія гады існавання СССР неабходна працягваць вывучаць, каб разумець, як будуць развівацца падзеі на постсавецкім абшары, у першую чаргу гэта тычыцца Расіі. Гэтая тэрыторыя можа справакаваць яшчэ не адзін канфлікт.
Юры Ліхтаровіч