Беларуская Служба

«Будзем ствараць палітычны суб'ект». «Кіберпартызаны» і полк Каліноўскага аб’ядналіся для сумеснай палітычнай дзейнасці

07.12.2022 16:05
Прадстаўнікі добраахвотніцкага палка імя Кастуся Каліноўскага і «Кіберпартызанаў» заявілі, што супрацоўнічаюць з першых дзён поўнамаштабнай вайны ва Украіне.
Аўдыё
  • «Кіберпартызаны» і полк Каліноўскага аб’ядналіся для сумеснай палітычнай дзейнасці
    ( ),       ().
Прадстаўніца «Кіберпартызан» Юліяна Шаметавец (у цэнтры), прадстаўнік штаба палка Каліноўскага Мікалай Дземідзенка (справа).Фота: screenshot

А цяпер яны гатовыя разам працаваць у палітычных мэтах.

Вось што гаворыць намеснік камандзіра Палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук: «На сённяшні дзень мы абвяшчаем аб’яднанне палка Каліноўскага і кіберпартызан у структуру ў рамках вызвольнага руху беларускага народу».

«Пасля таго, як кіберпартызаны далучыліся да палка Каліноўскага, мы можам сказаць, што так. На базе палка Каліноўскага і кіберпартызанаў мы будзем ствараць палітычны субʼект», – заявіла прадстаўніца «Кіберпартызан» Юліяна Шаметавец, цяпер яна ўваходзіць і ў штаб палка.

Паводле слоў намесніка камандзіра Палка Каліноўскага Вадзіма Кабанчука, каля 80 працэнтаў складу палка – гэта грамадскія, палітычныя актывісты з Беларусі:

«Для нас гэта толькі тэхнічнае пытанне. Мы маем гнуткія кантракты, якія можна спыняць, прыпыняць. І ў спрыяльны час мы гэта зробім. Не бачу ніякіх перашкод, па класіцы, вайна – гэта працяг палітыкі, толькі іншымі сродкамі. Усе вайскоўцы УСУ займаюцца палітыкай, толькі іншымі сродкамі».

– Мы вельмі хацелі захаваць полк палком, вайсковай структурай. Хацелі б яго развіваць у гэтым кірунку, – гаворыць прадстаўнік штаба палка Каліноўскага Мікалай Дземідзенка. – Мы бачым людзей, учорашніх актывістаў, удзельнікаў пратэстаў 2020 года, хлопцаў і дзяўчат, якія знайшлі сябе ў гэтай вайсковай справе. Мы спадзяемся, што яны стануць выдатнымі афіцэрамі для будучага беларускага войска, магчыма, ужо ў Беларусі яны будуць на кіруючых пасадах, фармаваць сілавыя структуры. Але, я думаю, усе разумеюць, што полк у значнай ступені складаецца з людзей з палітычнымі поглядамі, людзей, якія прынялі рашэнне дапамагаць Украіне, адчулі гэтую несправядлівасць. У нас дастаткова высокі працэнт пасіянарнасці, актывізму. І зразумела, што мы не можам не ўдзельнічаць у палітыцы ў той ці іншай ступені, не можам не выказвацца на палітычныя тэмы. І таму натуральна, што рана ці позна зʼявіцца структура, абʼяднанне, якія будуць займацца палітыкай.

Прадстаўнік штаба палка Каліноўскага Мікалай Дземідзенка таксама паведаміў, што ідуць перамовы наконт выплатаў сем’ям беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі ва Украіне.

Паводле яго слоў, у супярэчнасць уступае той факт, што Беларусь з’яўляецца суагрэсарам, аднак у палку спадзяюцца вырашыць гэтае пытанне.

Полк Каліноўскага сёння ўяўляе сабой даволі вялікую структуру, дзе акрамя людзей са зброяй ёсць валанцёры, тэхнічныя супрацоўнікі, цяпер ідзе пашырэнне і ўмацаванне гэтай структуры, і пераход да палітычнай актыўнасці становіцца лагічным наступным крокам.

Па факце канфлікту паміж беларускімі добраахвотнікамі з батальёна «Тэрор» і байцом палка Каліноўскага ва Украіне заведзеная крымінальная справа.

«Заведзеная крымінальная справа, гэта адзінае, што мы можам сказаць, у межах крымінальнай справы ўсё будзе вырашацца», – распавёў прадстаўнік штаба палка Мікалай Дземідзенка.

У канцы лістапада ў палку Каліноўскага заявілі, што некалькімі днямі раней некалькі байцоў батальёна «Тэрор» (ён раней выйшаў са складу палка) «узялі ў палон і жорстка катавалі» байца палка, былі апублікаваныя медыцынскія дакументы аб фізічных пашкоджаннях. Полк падаў заяву ў пракуратуру.

вх