Беларуская Служба

У пятніцу павінен быць прыняты чарговы пакет санкцый супраць Расіі

08.12.2022 13:42
 Пакет уключае шэраг прапаноў, прадстаўленых Польшчай, падтрыманых Эстоніяй, Літвой і Латвіяй.
.
.PAP/EPA/ALEXEY MAISHEV/KREMLIN POOL/SPUTNIK / POOL

Пастаянны прадстаўнік Польшчы пры ЕС Анджэй Садась заявіў, што дзявяты пакет санкцый Еўрасаюза супраць Расіі, хутчэй за ўсё, будзе прыняты ў пятніцу. Ён дадаў, што пакет уключае шэраг прапаноў, прадстаўленых Польшчай, падтрыманых Эстоніяй, Літвой і Латвіяй, піша партал niezalezna.pl.

«Істотна пашыраны пералік артыкулаў т.зв двайнога выкарыстання. Мы пашыраем спіс суб'ектаў, якія працуюць на расійскую ваенную машыну. Мы ўводзім забарону на інвестыцыі ў горназдабыўную прамысловасць Расіі. Мы ўносім у санкцыйныя спісы амаль 200 асоб і арганізацый, у т.л. датычныя да агіднай практыкі выкрадання і дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, датычныя да крадзяжу ўкраінскага збожжа», – сказаў дыпламат.

Ён адзначыў, што ў дзявяты пакет санкцый ЕС, уведзеных супраць Расіі за агрэсію супраць Украіны, будуць уключаны дадатковыя палажэнні аб забароне экспарту ў Расію прадукцыі авіяцыйнай прамысловасці.

«Я тут кажу пра рухавікі для беспілотнікаў. Мы спадзяемся, што гэты пакет будзе прыняты ў бліжэйшы час. Як я ўжо казаў, работа экспертаў цяпер працягваецца», – паўтарыў Садась.

На пытанне, ці задавальняе Польшчу гэтая прапанова, ён адказаў: «Шмат тыдняў мы заклікалі да прыняцця гэтага чарговага пакета санкцый. Вядома, прапановы Польшчы заўсёды самыя амбіцыйныя. Тут трэба выпрацаваць кансэнсус, знайсці агульны пункт для 27 дзяржаў-членаў».

Анджэй Садась звярнуў увагу на спробы некаторых дзяржаў-членаў выключыць з санкцыйных спісаў асоб ці фірмы, у дачыненні да якіх былі сабраны доказы таго, што яны працуюць на расійскую вайну.

«Грамадскасць мае права ведаць падрабязнае абгрунтаванне (такіх дзеянняў), каб не было месца для здагадак, што мы маем справу з нейкай палітычнай карупцыяй пры выдаленні алігархаў або высокапастаўленых вайскоўцаў ці прапагандыстаў з санкцыйных спісаў», – пастуляваў польскі амбасадар.

Ён таксама падкрэсліў, што кожны наступны пакет санкцый ЕС супраць Расіі адаптаваны да бягучай сітуацыі. «Натуральна, расійскі бок спрабуе абысці санкцыі, спрабуе адаптавацца да цяперашняга санкцыйнага рэжыму. Вядома, мы гэтаму перашкаджаем, уключаючы ў санкцыйныя спісы прадукцыю грамадзянскага сектара, але якая патэнцыйна можа быць выкарыстана расійскай арміяй», – заключыў Садась.

ав

Пасля ўкраінскай атакі на расійскія аэрапорты на Заходзе і Усходзе запанавала збянтэжанасць

08.12.2022 12:16
Напярэдадні Дзярждэпартамент ЗША запэўніваў, што не пастаўляў Украіне ніякіх ракет, якія маглі б атакаваць цэлі ў самой Расіі.