Беларуская Служба

Польшча прыступіла да мадэрнізацыі бронетанкавых войск і ракетнай артылерыі (ФОТА + ВІДЭА)

08.12.2022 17:09
Асноўным экспарцёрам вайсковай тэхнікі і ўзбраення ў Польшчу становіцца Паўднёвая Карэя: толькі за РСЗА Варшава заплаціць 6 млрд долараў ЗША. 
Аўдыё
  • Польшча прыступіла да мадэрнізацыі бронетанкавых войск і ракетнай артылерыі
        5  2022
Польскія афіцэры ля новай бронетэхнікі ў порце Гдыні 5 снежня 2022 года PAP/Adam Warżawa

Дзяржаўны дэпартамент ЗША на днях даў згоду на продаж Польшчы танкаў «Абрамс». Бронетэхніка паступіць у Войска Польскае замест танкаў, якія афіцыйная Варшава перадала Украіне.

Амерыканскі Дзярждэп згадзіўся на пастаўкі ў Польшчу 116 танкаў М1А1 Abrams і аснаджэння ды тэхнікі для іх абслугоўвання на суму ў 3 млрд 750 млн долараў ЗША. Танкі, якія будуць пастаўленыя ў Польшчу, гэта тэхніка не найноўшага пакалення. Яны трапяць у Войска Польскае замест танкаў, перададзеных Украіне. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Польшча перадала Украіне 240 танкаў Т-72, а таксама сотню адзінак баявых машын пяхоты і палкавых самаходных гаўбіц «Гваздзік». Таксама неафіцыйна гаворыцца, што ва Украіну былі адпраўленыя адносна нестарыя танкі польскай вытворчасці PT-91 Twardy. Пра колькасць згаданай бронетэхнікі інфармацыя адсутнічае. Агулам афіцыйная Варшава паставіла ва Украіну ваеннай дапамогі на суму ў 7 млрд злотых – гэта амаль 1 млрд 490 млн еўра паводле сённяшняга курсу НБП.

Amerykańskie czołgi Abrams Amerykańskie czołgi Abrams

Міністр нацыянальнай абароны і віцэ-прэм’ер Польшчы Мар’юш Блашчак не скрывае, што мадэрнізацыя польскай арміі, у тым ліку бронетанкавых сіл, з’яўляецца вынікам геапалітычнай сітуацыі і перш за ўсё – нападзення Расіі на Украіну.

- Хутка дзейнічаць нас прымушае сітуацыя. Вайна ва Украіне дасканала паказвае, што Войска Польскае павінна быць моцнае і падрыхтаванае да абароны нашай радзімы, бо гэта адпужвае агрэсара. Без сумневу, Пуцін прадпрымае спробы аднаўлення імперыі. А наш урад і галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі, прэзідэнт Анджэй Дуда... мы ствараем новыя вайсковыя часці і купляем сучасную вайсковую тэхніку ды ўзбраенне. Нагадаю, пару дзён таму ў Польшчу былі дастаўленыя першыя танкі і самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі з Паўднёвай Карэі. У маі я здзейсніў візіт у Сеул, у жніўні мы падпісалі кантракт, а ўжо сёння першыя танкі і першыя САУ – на польскай зямлі.

Увечары ў панядзелак у порце Гдыні была разгружаная першая партыя 10 танкаў К2 і 24 самаходных гаўбіц К9, пра якія згадваў польскі віцэ-прэм’ер і якія Польшча сёлета закупіла ў Паўднёвай Карэі. Гаўбіцы павінны перадаць 18-й механізаванай дывізіі, часткі якой дыслакуюцца на ўсход ад Віслы.

Карэйскія танкі К2 падчас разгрузкі ў порце Гдыні 5 снежня 2022 года Карэйскія танкі К2 падчас разгрузкі ў порце Гдыні 5 снежня 2022 года

У наступным годзе Польшча рыхтуецца атрымаць чарговую партыю зброі з Паўднёвай Карэі. Сярод іншага павінны быць дастаўленыя першыя рэактыўныя артылерыйскія пускавыя ўстаноўкі K239. Сума кантракту – 6 млрд долараў за 288 рэактыўных сістэм залпавага агню (РСЗА). Польскі бок будзе ставіць устаноўкі на польскае шасі Jelcz. Рэактыўная артылерыя будзе інтэграваная ў польскую сістэму кіравання агнём Topaz.

Ракетная сістэма залпавага агню K239 Chunmoo карэйскай вытворчасці Ракетная сістэма залпавага агню K239 Chunmoo карэйскай вытворчасці

Заключаныя паміж Польшчай і Паўднёвай Карэяй кантракты прадугледжваюць пастаўку 189 танкаў і 212 САУ на гусенічным шасі. Агульны кошт першых кантрактаў на танкі K2 склаў 3 млрд 370 млн долараў. За гаўбіцы Варшава заплаціць 2 млрд 400 млн долараў.

Самаходная артылерыйская ўстаноўка К9 карэйскай вытворчасці Самаходная артылерыйская ўстаноўка К9 карэйскай вытворчасці

Пастаўкі будуць адбывацца да 2026 года. Дзякуючы мадэрнізацыі праз некалькі гадоў польская армія стане адной з найбуйнейшых у Еўропе. Увогуле ў далейшай перспектыве Польшча плануе закупіць у Сеула 980 танкаў K2 Black Panther і 648 САУ K9 Thunder. Акрамя таго, у планах афіцыйнай Варшавы – закупкі 48 вучэбна-баявых самалётаў FA-50 Fightning Eagle.

У сваю чаргу летам мінулага года стала вядома пра тое, што Міністэрства абароны Польшчы плануе закупіць у ЗША каля 250 танкаў M1 Abrams. Расійскае ўварванне ва Украіну актуалізавала гэтае пытанне, бо Польшча перадала Кіеву звыш 240 танкаў і амаль 100 адзінак іншай бронетэхнікі. Узамен ЗША паабяцалі ў 2023 годзе прадаць польскім Узброеным сілам 116 танкаў М1А2 Abrams, якія знаходзяцца зараз на захоўванні. Гэтай колькасці машын хопіць для фарміравання двух паўнавартасных танкавых батальёнаў. Пастаўкі гэтай тэхнікі пройдуць паралельна дзяржаўнаму заказу на 250 танкаў M1 Abrams SEPv2.

Танкі Abrams амерыканскай вытворчасці неўзабаве з'явяцца ў Войску Польскім Танкі Abrams амерыканскай вытворчасці неўзабаве з'явяцца ў Войску Польскім

Паколькі расіяне не хаваюць варожых адносін да палякаў, то ў Польшчы вырашылі падрыхтавацца да магчымай агрэсіі Расіі.

K2 Black Panther – сучасны паўднёвакарэйскі асноўны баявы танк. Па стане на 2022 год, К2 нараўне з М1А2С Abrams, Leopard 2A7, Merkava 4М і японскім Тып 10 з'яўляюцца адзінымі ў свеце танкамі чацвёртага пакалення, якія знаходзяцца на ўзбраенні.

Цяпер на ўзбраенні ў Польшчы знаходзіцца каля 250 танкаў Leopard і 230 танкаў PT-91 Twardy.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл