Беларуская Служба

«12 снежня я выйшаў з дому і вярнуўся ў яго толькі праз амаль пяць гадоў»

14.12.2022 20:31
Намеснік старшыні Сенату Польшчы Богдан Барусэвіч згадвае ваеннае становішча, якое было ўведзенае ўладамі ПНР 41 года таму.
Аўдыё
  • «12 снежня я выйшаў з дому і вярнуўся ў яго толькі праз амаль пяць гадоў»
Bogdan Borusewicz
Bogdan BorusewiczWojciech Kusiński/Polskie Radio

41 год таму, ноччу з 12 на 13 снежня 1981 года, у Польскай Народнай Рэспубліцы было ўведзена ваеннае становішча. Улада ў краіне перайшла да Ваеннага савету нацыянальнага выратавання, які ўзначаліў першы сакратар ЦК Польскай аб'яднанай рабочай партыі, старшыня Савету міністраў ПНР, генерал Войцех Ярузельскі.

Нашым суразмоўцам зʼяўляецца дзеяч апазіцыі ў часы ПНР, а ў свабоднай Польшчы – шматгадовы дэпутат, сенатар, старшыня Сенату, а цяпер – намеснік старшыні Сенату Богдан Барусэвіч. Якія эмоцыі вас суправаджаюць у гэты дзень?

- Гэта сумная гадавіна. Гэта дзень, калі Ярузэльскі вырашыў павярнуць ход гістарычных падзей – гэта значыць знішчыць масавы рух прафсаюзу «Салідарнасць», які змяняў Польшчу. Тады здавалася, што ўладам гэта ўдалося, але насамрэч гэта не так, бо людзі пачалі ствараць падпольныя структуры, і яны дзейнічалі ажно да пачатку грамадска-палітычных перамен канца 1980-х гадоў. Што тады здавалася немагчымым, стала магчымым, бо падзеі тых часоў прывялі да першых свабодных парламенцкіх выбараў, і ўлады іх з сорамам прайгралі.

Увядзенне ваеннага становішча прыпыніла на пэўны час працэс перамен у Польшчы.

- Польшча страціла 10 гадоў. Прычым не толькі палякі страцілі свабоду, якую ўдалося ім здабыць у 1980 годзе ў выніку пратэстаў. Пацярпела таксама эканоміка, грамадства трапіла ў крызіс, фінансава страцілі ўсе, у тым ліку нават тыя людзі, якія ўводзілі ваеннае становішча. Ваеннае становішча мела выглядаць як дзяржаўны пераварот, які ў Чылі ўвёў генерал Піначэт. Гэта значыць, планавалася заблакаваць свабоду і дэмакратыю, але эканоміка мела развіцца. У Польшчы ж заблакавалі ўсе свабоды, а эканоміка пацярпела калапс. Канчаткова кепская эканамічная сітуацыя прывяла да падзення камунізму ў Польшчы.

Ваеннае становішча таксама паламала жыцці шматлікім грамадзянам – многа людзей трапіла ў турмы, былі інтэрнаваныя.

- Так, і каля 30 чалавек загінула на вуліцах падчас дэманстрацый. Праз вязніцы і лагеры інтэрнавання прайшло некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, некалькі сот тысяч былі звольненыя з працы. Гэта была траўма для іх, гэта быў фатальны час. Я гэты час успамінаю з сумам, але ён закончыўся добра, бо перамогай.

12 снежня 1981 года на Гданьскай суднаверфі адбывалася паседжанне Агульнапольскай камісіі прафсаюзу «Салідарнасць». У краіне расла напружанасць, усе разумелі, што канфлікту паміж «Салідарнасцю» і ўладамі ПНР не ўдасца пазбегнуць... Цяпер вядома, што генерал Войцех Ярузэльскі да ўвядзення надзвычайнага становішча рыхтаваўся некалькі месяцаў. Як вы памятаеце той дзень, дзе вы тады былі?

- 12 снежня я выйшаў з дому і вярнуўся ў яго толькі праз амаль пяць гадоў. Для мяне ваеннае становішча пачалося не 13 снежня, а 12 снежня, калі мяне спрабавалі затрымаць. Мне ўдалося скрыцца, выскачыўшы праз вакно, і з таго моманту я дзейнічаў ужо на нелегальным становішчы, у падполлі, ажно да 1986 года. Толькі ў 1986 годзе я вярнуўся дадому.

Вам прыйшлося доўга хавацца і дзейнічаць у падполлі...

- Так, больш за чатыры гады мне прыйшлося хавацца. Пазней я сядзеў таксама ў турме, праўда, нядоўга, каля паўгода, але аднак... Таму, як казаў, я вярнуўся дадому пад канец 1986 года.

У падполлі вы кіравалі дзейнасцю гданьскай апазіцыі, арганізоўвалі нелегальныя друкарні, рыхтавалі грамадскія пратэсты... Многія людзі з вашага акружэння былі затрыманыя... Вы самі кажаце, што ў той момант свайго жыцця вы былі «прафесійным рэвалюцыянерам».

- Так, бо тады я нічога іншага не рабіў, а толькі змагаўся з дыктатарскай уладай. І мы з калегамі рабілі гэта паспяхова. Я нагадаю, што рух «Салідарнасць» у тыя часы быў вялізны. Гэта, дарэчы, трэці такі прыклад у гісторыі Польшчы. Першы раз вялікае падполле было створанае ў 1863 годзе падчас Студзеньскага паўстання, а другі раз – у часы Другой сусветнай вайны. Прыгадаю, што толькі ў адной Арміі Краёвай – адзінай на свеце рэгулярнай падпольнай арміі, – было каля 300 тыс. салдат і афіцэраў. Больш за тое, існавала цэлая Падпольная Польшча з усімі структурамі, як у нармальнай дзяржаве.
І трэцяя падобная сітуацыя – гэта часы ваеннага становішча ў ПНР: канец 1981 года, 1982 год і ажно да 1988 года, калі апазіцыя пачала кантактавацца з уладамі, а ўлады вырашылі ісці на кампраміс. І толькі тады пачала мяняцца сітуацыя. Але перад гэтым цягам многіх гадоў сотні тысяч людзей выходзілі на вуліцы і змагаліся за свае правы. Я нагадаю, што членамі прафсаюзу «Салідарнасць» у тыя часы былі 9 млн чалавек. Зразумела, не ўсе былі актыўнымі, але гэта быў масавы рух супраціву. Калі прымем, што актыўнымі былі толькі 5% членаў прафсаюзу, то гэта нам дасць 450 тыс. людзей. А гэта вялізная лічба.
Калі пасля забастоўкі на Гданьскай суднаверфі ў 1980 годзе быў створаны прафсаюз «Салідарнасць», то ён хутка стаў масавых рухам. І гэта стала праблемай не толькі для ўлад ПНР, але ўвогуле для цэлай камуністычнай сістэмы.

Канчаткова абодва бакі канфлікту селі за стол перамоў, хоць вы пачаткова не былі прыхільнікам перамоваў з уладамі. Але пазней змянілі сваё меркаванне...

- Так, таму што канчаткова перамовы прывялі да перамен у Польшчы. Апазіцыя была дапушчаная да ўлады, а пазней перамены пачалі адбывацца вельмі хутка, і ў канцы мы забралі ўладу ў камуністычнага апарату.

Размаўляла Галіна Остас