Беларуская Служба

У Мінску без змен: Галоўнай задачай беларускага МЗС па-ранейшаму застаецца ўрэгуляванне спрэчак з Захадам

17.12.2022 08:12
Памерлага 26 лістапада кіраўніка МЗС Беларусі Уладзіміра Макея змяніў яго былы намеснік і сябра Сяргей Алейнік
Сяргей Алейнікфота: БелТА

Гэта азначае, што Лукашэнка спрабуе працягнуць палітыку Макея, якая прадугледжвала пагашэнне канфлікту з Захадам, але не абмежаванне рэпрэсій, распачатых пасля фальсіфікацыі выбараў у 2020 годзе, – піша Міхал Патоцкі ў на старонцы forsal.pl

З усіх кандыдатаў на пасаду кіраўніка дыпламатыі Алейнік вылучаецца тым, што ён не паказаў сябе прыхільнікам паскоранай інтэграцыі з Расіяй.

У адрозненне ад Макея, які дзесяць гадоў працаваў у савецкай ваеннай выведцы, 57-гадовы Алейнік усю сваю кар'еру развіваў у дыпламатыі. У Міністэрстве замежных ён спраў пачаў працаваць у 1992 годзе.

Алейнік быў амбасадарам у Ватыкане і Мальтыйскім ордэне (2002–2009), а таксама ў Вялікабрытаніі (2013–2020). Ён двойчы займаў пасаду намесніка кіраўніка МЗС – у 2009–2013 гадах і пасля 2020 года. Быў правай рукой Макея ў пытанні, якое ўваходзіла ў галоўную задачу міністэрства: спрабаваць пераканаць Захад адмяніць санкцыі і размарозіць адносіны з Мінскам.

Пасля раптоўнай смерці Макея разглядаліся людзі, яскрава звязаныя з ідэяй «Русского мира», напрыклад былы прэс-сакратар міністэрства, а ў апошні час дэпутат Андрэй Савіных, які адкрыта заявіў што Беларусь павінна фармальна прызнаць анексію Крыма.

Лукашэнка вырашыў зрабіць стаўку на Алейніка, які ўсяго месяц таму наведаў з працоўным візітам Швейцарыю. Беларусь разглядае гэтую краіну як адзін з апошніх, пасля Ватыкану, каналаў сувязі з Захадам.

«Як намеснік міністра Алейнік не паказаў сябе як аўтар скандальных або залішне антызаходніх паведамленняў. Гэта азначае, што Лукашэнка не хоча канчатковага разрыву з Захадам, таму прызначыў чалавека, які будзе «наводзіць масты» і «шукаць агульную мову», піша палітолаг Віталь Цыганкоў.

Новы кіраўнік дыпламатыі не зʼяўляецца прыхільнікам паскоранай інтэграцыі з Расіяй, але ўсё роўна будзе падтрымліваць рэпрэсіі, вайну і ўцягванне Беларусі ў вайну, кажа прадстаўнік дыпламатыі ў апазіцыйным кабінеце Святланы Ціханоўскай Валерый Кавалеўскі.

– Сёння МЗС – закладнік палітыкі дыктатара, Алейніка як спецыяліста ў пэўным сэнсе шкада, – пракаментаваў ананімны суразмоўца «Нашай Нівы» з колаў беларускай дыпламатыі.

яс