Беларуская Служба

Эксперт: Беларускі футбол чакае толькі дэградацыя

16.12.2022 14:52
Дыктатар не задаволены адсутнасцю беларусаў на важных міжнародных турнірах. Пры Лукашэнку ніякіх змен да лепшага не будзе.
Аўдыё
  • Беларускі футбол у заняпадзе дзякуючы эфектыўнаму кіраванню Лукашэнкі
Ілюстрацыйнае фота EPA/TINO ROMANO Dostawca: PAP/EPA

Пры канцы чэмпіянату свету па футболе ў Катары Лукашэнка заўважыў, што беларускай зборнай там не было і абурыўся. Дзяржаўныя СМІ паказалі кадры разносу чыноўнікаў і заклікі даваць большы зварот. Гэтыя словы не маюць ніякага значэння, перакананыя заўзятары. Пры Лукашэнку ніякіх змен да лепшага не будзе, бо збудаваная ім сістэма можа толькі дэградаваць.

У чацвер ў Палацы рэспублікі адбылося пашыранае пасяджэнне, прысвечанае асобным пытанням развіцця спорту ва ўмовах санкцый ды стымуляванню дасягнення высокіх спартыўных вынікаў. Удзел у нарадзе ўзялі міністр спорту, старшыня НАК і віцэ-прэм'ер і намеснік кіраўніка АП ды Лукашэнка.

Узурпатар накінуўся з крытыкай на прызначанае ім самім спартыўнае кіраўніцтва.

- Ідзе чэмпіянат свету, а я не заўважыў там нашых футбалістаў. Ці я кепска бачу? Не, добра. Там нас блізка няма. Больш за тое, я параўноўваю гульню нашых футбалістаў з тым футболам, які паказваюць там. Як былому футбалісту, які шмат займаўся футболам, мне робіцца страшна. Стан гэтага віду спорту жудасны. Дзе вынікі? Дынама Мінск з драўлянымі медалямі ходзіць. Я іх сам вам нарысую без грошай. А вы кажыце пра санкцыі. Калі цябе давяць, зварот у спорце павінен быць толькі мацнейшы.

Лукашэнка заявіў, што ўлады даюць грошы спартсменам, будуюць спартовыя пляцоўкі, таму вынік павінен быць адпаведны. Гэта пустыя словы, перакананы футбольны заўзятар Зміцер Міцкевіч. Сістэма пабудаваная Лукашэнкам здольная толькі да дэградацыі.

- На вялікі жаль, усю гісторыю незалежнай Беларусі беларускі футбол няспынна дэградуе. Мы не бачым ніякага стратэгічнага планавання, развіцця наперад і не бачым падрыхтоўкі. Лукашэнка раздае загады, але яго чыноўнікі не ўстане іх выканаць колькі грошай ім не давай. Сістэма пабудавана так, што не разлічана на пазітыўны вынік. Лукашэнка прызначае кіраваць футболам людзей, якія не цямяць у гэтай тэме. Для іх – гэта дадатковая нагрузка. Асноўным крытэрам у сістэме з’яўляецца лаяльнасць. Гэта не тыя людзі, якія дадуць вынік.

За ўсё гады кіравання «былога футбаліста» у краіне не была створана дзеючая сістэма падрыхтоўкі футбалістаў, вырошчвання зорак, зазначае адмысловец.

- У Беларусі вялікія праблемы з дзіцячымі школамі. У сытыя гады ў Беларусі на футбол выдзяляліся не малыя грошы. Але іх проста праелі. Ніхто не кіраваўся тым, каб пераняць досвед лідзіруючых еўрапейскіх акадэмій. Іх не выдаткавалі на пабудову сістэмы палёў, каб мець магчымасць рыхтаваць дзяцей круглы год. Дагэтуль у Беларусі дзеці гуляюць у футбол зімой на снезе ці на асфальце. Дзеці не могуць нармальна трэніравацца. Гэта толькі пачатак праблем.

Але як раз пра пляцоўкі Лукашэкна абураўся, што ён набудаваў у краіне спартовыя аб'екты, а выніку няма.

- Гэта хлусня. Тэмпы пабудовы стадыёнаў смешныя. За любое поле ў Беларусі трэба рэальна змагацца. Чыноўнікі не бачаць у гэтым выгады і не займаюцца дадзеным пытаннем. Усё што знаходзіцца пад дзяржаўным кантролем не можа канкурыраваць з еўрапейскімі сістэмамі, бо ў Беларусі футбол цалкам месціцца ў дзяржаўна-карупцыйнай схеме. Там людзі не зацікаўленыя развіццём, бо тады ім давядзецца несці адказнасць. Палі трэба будаваць, пасля чаго трэба вучыць трэнераў, якіх няма, бо сістэма спартовай адукацыі на нулі.

Гэта таксама ўплывае на якасць беларускага футбола, зазначае наш суразмоўца.

-   Добрага трэнера не возьмеш з ніадкуль, з космасу. Іх трэба выхаваць. У першую чаргу патрэбныя дзіцячыя трэнеры. Нават калі пачаць гэтую працу зараз, вынік яе будзе мінімум праз 10 гадоў. Цяперашняй сістэме, дзе сядзяць чыноўнікі, якіх тасуюць з аднаго месца на другое, ніхто ў жыцці не будзе займацца праектамі, у якіх тэрмін планавання далей чым год. Тады як футбол, гэта карпатлівая праца, якую трэба планаваць і займацца штодзённа. 

Некалі смяяліся з Лукашэнкі, які казаў, што ўзяўся за яйкі – прапала масла. Калі цяпер Лукашэнка ўзяўся за футболь, ён таксама прападзе?

- Нічога не зменіцца. Дастаткова зірнуць на мінскае Дынама, якое нягледзячы на апеку Лукашэнкі нічога не дасягнула. Дыктатар проста пагражае, але ніхто там нічога не зробіць. Без змены сістэмы немагчыма пабудаваць горад-сад у асобнай федэрацыі.  

Размаўляў Юры Ліхтаровіч