Слухайце далучаны файл!
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі адразу ў двух чытаннях законапраект аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь. Верагодна, пазбаўляць грамадзянства змогуць паводле 55 артыкулаў крымінальнага кодэкса. У гэты спіс дадалі так званыя «палітычныя» артыкулы – заклікі да санкцый, адмаўленне генацыду беларускага народа, стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім і шэраг іншых. Дакумент яшчэ павінен ухваліць Савет рэспублікі і падпісаць Аляксандр Лукашэнка. Моц ён набудзе праз паўгода пасля афіцыйнага апублікавання.
Нагадаем, гэты законапраект пярэчыць арт. 10 Канстытуцыі – ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублікі Беларусь ці права змяніць грамадзянства.
Палітолаг Павел Усаў гаворыць, што сістэма вымушаная ўвесь час падвышаць узровень страху, што гарантуе яе захаванне.
– З пункту гледжання эвалюцыі рэжыму Лукашэнкі, які ўсё больш становіцца падобны да таталітарнага, новыя інтэнцыі, як то пазбаўленне грамадзянства, завочныя суды ці смяротнае пакаранне за дзяржаўную здраду – гэта працэс аб’ектыўны, ён звязаны з тым, каб утрымаць на высокім узроўні палітыку ўнутранага тэрору і кансалідацыі сістэмы, апарата чынавенства і сілавога апарата. Без падвышэння ўзроўню тэрору гэтая сістэма даволі хутка пачне даваць збоі. Бо тэрор і палітыка застрашвання грамадства патрабуюць сталага ціску, перш за ўсё псіхалагічнага ціску на сваіх праціўнікаў, каб не даць ім кансалідавацца і праводзіць адпаведную палітыку па падрыву стабільнасці сістэмы. Пазбаўленне грамадзянства, прымяненне смяротнага пакарання ў новых выпадках – гэта скіравана не толькі на тых, хто выехаў, але і на тых, хто застаўся ўнутры Беларусі, каб прадэманстраваць наяўнасць у сістэмы рэсурсу на рэалізацыю самых абсурдных метадаў тэрору і рэпрэсіяў. Не трэба забывацца, што для правядзення ідэалагічнай працы, тэрору патрэбныя людзі. І яны з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі. Пакуль ёсць унутраны рэсурс рэалізоўваць і падвышаць узровень тэрору, ён будзе падвышацца. Яшчэ раз падкрэслю, магчымасць праводзіць самыя абсурдныя формы тэрору – умова выжывання сістэмы як такой, – гаворыць Усаў.
З улікам практыкі завочных судоў, якую нядаўна ўвялі ў Беларусі, без беларускага пашпарта можа застацца шэраг апазіцыйных палітыкаў і актывістаў, якія цяпер знаходзяцца за мяжой. Прычым новы законапраект дазваляе пазбаўляць грамадзянства і тых беларусаў, якія атрымалі пашпарт пры нараджэнні.
Гісторык Аляксандр Фрыдман гаворыць, што бясконцыя рэпрэсіі супраць удзельнікаў пратэстаў гэта і шмат у чым помста, якая не мае абмежавальных тэрмінаў у часе
– Многія з гэтых людзей працягваюць палітычную актыўнасць, можна згадаць офіс Святланы Ціханоўскай, іншых людзей. Помсту Лукашэнка лічыць неабходнай, ён не можа дараваць тое, што давялося перажыць у жніўні 2020 года. Гэта ж тычыцца і яго атачэння. Бо яны адчулі, што ўсё можа абрынуцца і будзе пакаранне за тое, што яны нарабілі. Лукашэнка шмат кажа пра тое, што трэба перагарнуць старонку, але ён сам не ўстане гэта зрабіць.
Суразмоўцы пагаджаюцца, што рэжым Лукашэнкі імкліва эвалюцыянуе ў бок таталітарызму. Ёсць і кропкавыя прыклады ахвяраў цягам апошніх год.
– Мяжы як такой няма. Мы бачым да чаго імкнецца Расія ўнутры сябе. Мы можам узяць за кальку, што было ў часы Сталіна ў Расіі. Адзіна, што рэжым Пуціна і Лукашэнкі пакуль не могуць рэалізаваць масавыя рэпрэсіі, масавае фізічнае вынішчэнне нязгоднага насельніцтва, фізічная ліквідацыя вялікай часткі насельніцтва, як гэта адбывалася ў Чылі, шэрагу Афрыканскіх краін. У Расіі і Беларусі магчымасцяў такіх няма. Але ў Расіі набываюць папулярнасць новыя метады тэрору – пазасудовыя расправы, якія рэалізуюцца прыватнымі ваеннымі кампаніямі, таго ж Прыгожына «Вагнераўцамі». Да такіх непрацэдурных практык забойстваў і ў Беларусі можа дайсці. Тым больш эпізадычна мы гэта назіраем – смерць тых жа Рамана Бандарэнкі, Андрэя Зельцара. Цяпер метады вагаюцца ад кропкавых забойстваў да масавых. Да масавых яшчэ не дайшло, але метады бяруцца тыя ж, што былі ў Савецкім саюзе і ў гітлераўскай Германіі, – гаворыць палітолаг Павел Усаў.
– Сыход у таталітарызм падаецца магчымым сцэнарыем, да таго ж вайна побач, будзе пагаршацца эканамічны стан. Ды і ў 2020 годзе было паказана, што чырвоных ліній няма. Гэты рэжым гатовы на ўсё, што заўгодна. Могуць быць больш лагодныя фазы, але рэпрэсіўны кірунак будзе заставацца. Без рэпрэсій гэты рэжым ужо не зможа, — падзяляе гэтую думку гісторык Аляксандр Фрыдман.
Практыка пазбаўлення грамадзянства прымянялася ў СССР і нацысцкай Германіі.
Нацысты прыйшлі да ўлады ў 1933 г. і ў гэтым жа годзе ўвялі закон аб адмене натуралізацыі і пазбаўленні нямецкага грамадзянства. Пазбаўлялі грамадзянства за дзеянні, «якія супярэчылі доўгу вернасці рэйху і народу», ці проста за адмову вярнуцца ў Нямеччыну з замежжа. Адначасова канфіскоўвалі маёмасць.
Так былі пакараныя пісьменнікі Леон Фейхтвангер, Томас Ман, Генрых Ман, Бертольд Брэхт, Эрых Марыя Рэмарк, Стэфан Цвэйг. Альберт Эйнштэйн сам адмовіўся ад нямецкага грамадзянства вясной 1933 г.
У 1935 г. пазбавілі нямецкага грамадзянства ўсіх нямецкіх габрэяў – яны сталі асобамі без грамадзянства і фактычна апынуліся па-за законам.
Пасля вайны ў ФРГ нямецкае грамадзянства было вернута ўсім, хто пажадаў вярнуцца ў Нямеччыну, а адвольнае пазбаўленне грамадзянства было забаронена законам.
У СССР таксама пісьменнікі, вучоныя і дысідэнты пазбаўляліся грамадзянства – нехта назаўжды, нехта з наступным аднаўленнем.
Па законе, пазбаўленне грамадзянства адбывалася з прычыны «дзеянняў, якія ганьбяць высокае званне грамадзяніна СССР і якія наносяць шкоду прэстыжу або дзяржаўнай бяспецы СССР».
Адзін з найбольш вядомых людзей, каго пазбавілі грамадзянства, Аляксандр Салжаніцын, пісьменнік, драматург і грамадскі дзеяч. Быў пазбаўлены грамадзянства ў лютым 1974 года за антысавецкія дзеянні: у прыватнасці, Салжаніцын даваў інтэрв'ю замежным газетам, распаўсюджваў «Архіпелаг ГУЛАГ» і крытыкаваў савецкую ўладу. Грамадзянства адноўлена ў 1990 годзе. Наталля Салжаніцына, удава і бліжэйшая памочніца Аляксандра Салжаніцына, была пазбаўлена грамадзянства ў 1976 годзе, але адноўлена ў 1990 годзе. Прычына – выехала з СССР за высланым з краіны мужам.
вх