«Калі я паўтараю, што Польшча ў бяспецы, я не кажу толькі за сябе. Я таксама кажу ад імя прэзідэнта Джо Байдэна, што мы будзем абараняць кожны сантыметр тэрыторыі НАТА», – запэўніў амбасадар ЗША ў Польшчы Марк Бжэзіньскі ў інтэрв'ю для часопісу Do Rzeczy.
У інтэрвʼю штотыднёвіку амбасадар нагадаў, што ў 1990-я гады ён жыў у Польшчы два гады, будучы стыпендыятам Праграмы імя Фулбрайта, і бачыць розніцу паміж тымі і сённяшнімі часамі, калі Польшча зʼяўляецца сябрам Паўночнаатлантычнага альянсу.
«Тысячы амерыканскіх салдат дыслакаваныя ў Польшчы. Прэзідэнт Байдэн падчас саміту ў Мадрыдзе заявіў, што штаб V корпуса арміі ЗША ў Познані будзе знаходзіцца пастаянна. Палякі могуць адчуваць сябе ў большай бяспецы», – сказаў дыпламат.
На мінулым месяцы Марк Бжэзіньскі прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі пачатку абслугоўвання і мадэрнізацыі амерыканскіх знішчальнікаў F-16 ў Быдгашчы. Тады амерыканскі дыпламат таксама падкрэсліў гатовасць ЗША абараняць сваіх хаўруснікаў ва Усходняй Еўропе.
эж