Беларусь перажывае самы турбулентны перыяд сваёй незалежнай гісторыі. Змены ў апошнія гады адбываюцца настолькі хутка, што становіцца ўсё складаней вылучаць устойлівыя і адносна доўгатэрміновыя трэнды. Эксперты, у тым ліку эканамісты BEROC, раз у тры месяцы адсочваюць асноўныя трэнды ў дакладзе «Беларускі трэкер перамен». У апошняй справаздачы аўтары даследавання адзначаюць рост залежнасці ад Расіі ва ўсіх сферах, узмацненне рэпрэсій, падзенне рэальных даходаў насельніцтва, спробы беларускіх уладаў знайсці новых эканамічных партнёраў ва ўмовах санкцый.
Найперш было адзначана разбурэнне старых мадэляў міжнародных адносінаў: Беларусь становіцца дзяржавай, ад якой лепш трымацца падалей. Да таго ж ідзе трэнд, які можна назваць «дэсуверэнізацыяй». У прыватнасці, на тэрыторыі Беларусі была разгорнутая сумесная групоўка войскаў, а падчас візіту міністра абароны РФ Сяргея Шайгу ў Мінск быў падпісаны пратакол аб зменах у пагадненне 1997 года «аб сумесным забеспячэнні рэгіянальнай бяспекі».
Аналітык Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах Павел Слюнькін адзначае, што Беларусь усё больш «уцягваецца ў вайну», вымушае суседнія дзяржавы ў прамым сэнсе адгароджвацца:
– Уцягванне ў вайну, дэсувернізацыя Беларусі. Міграцыйны крызіс на межах – гэта правакуе ўсіх суседзяў. За выключэннем Расіі, займацца ўмацаваннем уласнай бяспекі. Яны будуюць фізічныя бар’еры на мяжы, такім чынам афармляецца новая інфраструктурная жалезная заслона. Літва і Латвія адгарадзіліся плотам з калючым дротам, Польшча пабудавала бетонную сцяну, Украіна будуе фартыфікацыйныя збудаванні – бетонную сцяну, капае равы, мініруе тэрыторыю, падрывае масты. Такім чынам беларуская заходняя мяжа выглядае як жалезная заслона, і гэта ўжо не фігура мовы, жалезная заслона набывае фізічныя контуры. Пры гэтым перагляд адносінаў з Беларуссю адбываецца і на ўзроўні нарматыўна-прававой базы. Латвія, Літва прыпынілі дзеянне шэрагу двухбаковых пагадненняў. Сярод іх ёсць як тэхнічныя, так і даволі важныя. Напрыклад, Латвія прыпыніла дзеянне пагаднення наконт паездак жыхароў памежных тэрыторый. Украіна ўвогуле лідар, яна прыпыняе дзеянне дзясяткаў пагадненняў. І Беларусь сама гэтаму садзейнічае. Беларусь выйшла з пагаднення з Польшчай аб прызнанні дыпломаў у сферы навукі, культуры і мастацтва. Гэты трэнд фіксуецца на ўсіх узроўнях, нават на рэгіянальных. Брацкія сувязі паміж гарадамі, той жа Акадэміяй навук – яны таксама разрываюць пагадненні, якія заключаліся гадамі і дзесяцігоддзямі. То бок Беларусь пераўтвараецца ў таксічную зону, якая ўспрымаецца міжнароднымі партнёрамі як крыніца пагроз.
Назіраецца дрэйф у бок антыдэмакратычных тэндэнцый. Улады хочуць адмовіцца нават ад дэкаратыўных элементаў дэмакратыі. Найперш пра гэта сведчыць законапраект аб Усебеларускім народным сходзе, гаворыць заснавальнік агенцтва Sense Analytics Арцём Шрайбман:
«Роля прамых выбараў як інстытуту, нават з усімі скажэннямі, што былі ў Беларусі, заканадаўча падае. Усебеларускі народны сход зойме найвышэйшае месца, калі будзе сазваны, ён не будзе абірацца наўпрост. І калі ў адказ на публікацыю гэтага законапраекта некаторыя праўладныя аналітыкі паспрабавалі яго пакрытыкаваць акурат за тое, што няма наўпроставых выбараў дэлегатаў – яны ўсе прызначюцца нейкімі галінамі бюракратыі, Лукашэнка правёў нараду і сказаў, што гэта такая задумка. Мы не хочам простых людзей мець у гэтых органе, для простых людзей ёсць парламент. Цікава, што адно з паўнамоцтваў УНС наўпрост звязана з магчымасцю адмяняць рашэнні выбарцаў».
Шрайбман падкрэслівае таксама, што беларуская дзяржава пашырае рэпрэсіі, павялічваюцца выдаткі бюджэту на ўтрыманне сілавых структур. Паводле яго слоў, на гэта маглі, у тым ліку, паўплываць і палітызацыя добраахвотніцкага палка імя Кастуся Каліноўскага, які ваюе за Украіну, а з другога – стварэнне сілавога блока пры пераходным кабінеце Святланы Ціханоўскай.
Кацярына Барнукова, даследчыца цэнтра BEROC, адзначае, што скарачаюцца эканамічныя адносіны з краінамі Захаду, хаця новых санкцый не было ўведзена.
Экспарт у ЕС працягвае скарачацца. Калі паглядзім на ўзровень экспарту ў верасні, то ўбачым, што ён скараціўся на 60 %. Нягледзячы а тое, што некаторыя пазіцыі ўсё ж такі растуць, тыя, што не патрапілі пад санкцыі. З цікавых дэталяў: рост паставак электраэнергіі, асноўным спажыўцом з'яўляецца Літва. Можна чакаць, што гэты экспарт будзе расці, бо цяпер Беларусь нарэшце ўвяла ў дзеянне першы блок АЭС. Яшчэ адзін момант – Беларусь імкнецца выкарыстоўваць іншыя краіны для абыходу санкцый, гэта добра бачна па дрэваапрацоўцы. Калі мы паглядзім імпарт у ЕАЭС такіх краін, як Кыргызстан, Казахстан, іншыя сярэднеазіяцкія краіны, краіны ЕАС, то ўбачым, што па некаторым пазіцыям, які ў Беларусі пад санкцыямі, ідзе рост.
Эканаміст Леў Львоўскі адзначыў, што эканоміка Беларусі працягвае знаходзіцца ў рэцэсіі.
Крызісныя часы перажывае нават сфера IT-тэхналогій, хаця раней яна была драйверам росту эканомікі
У кастрычніку 2022 года ВУП, у параўнанні з леташнімі паказчыкамі, знізіўся на 4,7%, а рэальныя заробкі – на 4,5%. Цяпер крызісныя часы перажывае нават сфера IT-тэхналогій, хаця раней яна заўсёды была драйверам росту эканомікі. Сферу ІT у Беларусі пакінулі 25-30% работнікаў, а таксама дрэваапрацоўку, якая не змагла прыстасавацца да санкцый.
Таксама аналітыкі адзначаюць узмацненне рэпрэсій. У верасні-лістападзе ў тры з паловай разы, у параўнанні з летам, вырасла колькасць палітычна матываваных затрыманняў, у паўтара раза – колькасць судоў. Утрая павялічыліся тэрміны зняволення, прызначаныя судамі. Сярод палітвязняў паступова павялічваецца доля жанчын. Афармляецца тэндэнцыя затрыманняў цэлых семʼяў і супрацоўнікаў аднаго прадпрыемства. На новы ўзровень выходзяць рэпрэсіі адвакатуры і медыя.
вх