Некаторыя аналітыкі прагназавалі страту суверэнітэту ды пераўтварэнне Беларусі ў БССР. Пакуль гэтыя прагнозы не спраўдзіліся. Пуціну ды Лукашэнку гэта не трэба, перакананы польскі адмысловец.
Снежаньскі візіт Пуціна ў Беларусь стаў даволі вялікай нечаканасцю. У лістападзе было заяўлена, што беларускі ўзурпатар меўся ляцець да Пуціна. На мінулым тыдні бакі ўсё перайгралі. З візітам у Мінск засабіраўся Пуцін.
Расійскі бок заявіў, што ідзецца пра рэвізію супрацоўніцтва ў сферы інтэграцыі Беларусі ды Расіі, а таксама пра актывізацыю вайсковага супрацоўніцтва. Аналітык цэнтру «Еўразійскія дзяржавы ў трансфармацыі» Андрэй Елісееў выказаўся ў сацыяльных сетках пра тое, што візіт Пуціна азначае трансфармацыю Беларусі ў БССР-2. Журналісты знайшлі нават у расійскіх СМІ загатоўкі матэрыялаў пра святкаванне падпісання Дамову аб уз'яднанні Беларусі ды Расіі, запланаваную на 22 снежня.
Аднак афіцыйна ўчора пра гэта нічога не было паведамлена. Наадварот расійскі прэзідэнт казаў пра тое, што ніякага паглынання не будзе. У сваю чаргу Лукашэнка казаў пра тое, што ён з Пуціным самы таксічны чалавек на зямлі. За гэтай рыторыкай бачна, што наяўная сітуацыя адпавядае расійскаму ды беларускаму кіраўніцтву, зазначае аналітык варшаўскага Цэнтру ўсходніх даследаванняў Каміль Клысінскі.
- Я з самага пачатку не падзяляў негатыўных прагнозаў. Яны відаць вынікаюць з напружанасці ды адсутнасці празрыстасці ў стасунках Мінска і Масквы. Калі ж паглядзець рацыянальна, Пуціну ды Лукашэнку адпавядае цяперашняя сітуацыя. Лукашэнка дэ факта падтрымлівае расійскую спецыяльную аперацыю ва Украіне. Ён прадставіў расіянам тэрыторыю, інфраструктуру, базы вайсковыя. Усё, што Расія патрабуе. Адначасова Лукашэнка не ўводзіць свае войскі, бо гэта азначала б сур'ёзныя праблемы ў грамадстве, у наменклатуры, і для самой арміі. Гэта магло прывесці да кампраметацыі беларускай арміі, ваеннага саюза Беларусі ды Расіі. Абодвум спадарам пасуе тое, што ёсць. Лукашэнка мае значныя субсідыі, Расія працягвае палітыку падтрымкі Беларусі ў энергетычнай сферы, а Беларусь дае ўсё, што патрабуе расійская армія без свайго непасрэднага ўдзелу ў вайне. Ані анексія, ані ўступленне беларускага войска ў вайну нікому не патрэбныя.
З мовы цела было бачна, што Лукашэнка меў добры настрой на прэсавай канферэнцыі, тады як Пуцін не жартаваў, глядзеў засяроджана ўніз, не падымаў вачэй. Відаць не атрымаў на тое, што разлічваў, магчыма Масква хацела большага?
- Я б не спяшаўся з ацэнкамі, мова цела не заўсёды добры паказнік. Пуцін выглядаў прыгнечаным, але гэта вынікае з таго, што Расія прайграе вайну. Ніводная стратэгічная мэта не рэалізаваная, расіяне аддаюць захопленую тэрыторыю, уключна з Херсонам і большай часткай Харкаўскай вобласці. Няма прычын для радасці. Лукашэнка стаў адным палітыкам, да якога Пуцін можа паехаць, нават на постсавецкай прасторы. Арменія выйшла з-пад кантролі, Казахстан вядзе сваю палітыку. Поспехаў у Масквы не відаць. Што да Беларусі, уступленне беларускай арміі ў вайну – слабой ды малаколькаснай – магло б прынесці больш праблем, чым карысці.
Цяпер ва ўмовай расійскай падтрымкі, які будзе далейшы ўнутраны курс Лукашэнкі: працяг рэпрэсій ці залагоджванне палітыкі тэрору?
- Лукашэнка мусіць утрымаць кантроль над грамадствам. Сілавікі, атрымаўшы вялізарныя прывілеі, мусяць далей даказваць сваю патрэбнасць. Механізм рэпрэсій на дададзены момант не спыніцца. Калі б быў ціск з боку Расіі, Лукашэнка мог б спрабаваць нешта рабіць. На сённяшні дзень ціску не бачна, затое бачна вялізарная залежнасць Беларусі ад Расіі. Таму ніякіх перамоў з Захадам пры Лукашэнку не будзе. Гэтым зоймецца ўжо яго пераемнік. Калі гэта станецца – адкрытае пытанне.
Юры Ліхтаровіч