Беларуская Служба

Палітолаг: Прагучалі словы, якія маглі быць папярэджаннем, у т.л. для Польшчы

21.12.2022 11:18
Падчас сустрэчы дыктатараў абмяркоўвалася падрыхтоўка беларускіх лётчыкаў да кіравання самалётамі са «спецыяльнымі» баявымі часткамі.
 .  .  .
Сустрэча У.Пуціна і А.Лукашэнкі ў Мінску. EPA/SPUTNIK/KREMLIN POOL MANDATORY CREDIT Dostawca: PAP/EPA.

«Сустрэча Уладзіміра Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам павінна была паказаць, што Расія ўсё яшчэ з'яўляецца гульцом вялікай гульні», – сказаў польскаму прэс-агенцтву PAP кіраўнік Кіеўскага інстытуту сусветнай палітыкі Яўген Магда.

Па словах палітолага, падчас перамоваў прагучалі словы, якія могуць стаць папярэджаннем для краін НАТА.

Для Пуціна, які ўсё больш арыентуецца на ўнутранага адрасата сваёй палітыкі, было важна паказаць, што вялікая гульня ўсё яшчэ працягваецца, сказаў Яўген Магда, каментуючы перамовы ў Мінску.

Эксперт адзначыў, што падчас сустрэчы дыктатараў абмяркоўвалася ваеннае супрацоўніцтва, у прыватнасці падрыхтоўка беларускіх лётчыкаў да кіравання самалётамі са «спецыяльнымі» баявымі часткамі, пра якія казаў Лукашэнка.

«Тэзіс аб падрыхтоўцы лётчыкаў да палётаў са спецыяльнымі баявымі часткамі наводзіць на думку, што гэта ядзерная зброя. Я лічу, што гэтыя словы адрасаваныя не Украіне, а Польшчы, Літве і Латвіі, гэта значыць краінам НАТА», – адзначыў Яўген Магда.

Украінскі эксперт мяркуе, што на дадзеным этапе Пуцін не меў намеру пераконваць Лукашэнку да ўваходу беларускіх войскаў ва Украіну.

«Я не думаю, што Пуцін хацеў прымусіць Лукашэнку, каб ён аддаў загад беларускім войскам уступаць у вайну. Бо гэта не было б сюрпрызам. Гэта можна зрабіць толькі тады, калі ў Беларусі будзе дастаткова расійскіх войскаў», лічыць палітолаг.

Яўген Магда запэўніў, што Украіна гатовая да магчымага нападу з боку Беларусі.
«Украіна гатовая да гэтага як тэхнічна, так і ваенна», – падкрэсліў ён. «Калі беларускае войска возьме ўдзел у гэтай атацы, гэта будзе пачаткам палітычнага канца Лукашэнкі. Пакуль гэтага не адбылося, у Лукашэнкі ёсць яшчэ шанец выратавацца пасля паразы Расіі і Пуціна», мяркуе ўкраінскі эксперт Яўген Магда.

яс