Снежань у Польшчы – асаблівы час. Як вядома, Польшча – гэта краіна з багатай хрысціянскай традыцыяй, таму перыяд Раства – гэта час падрыхтоўкі да свята, сустрэч, віншаванняў і пажаданняў. Палітыкі і першыя асобы ў дзяржаве таксама праводзяць перадсвяточныя спатканні. Так, прэзідэнт Анджэй Дуда сустрэўся з польскімі салдатамі і афіцэрамі ды з вайскоўцамі краін НАТА, якія служаць у Польшчы.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда разам з першай лэдзі Агатай Карнхаўзэр-Дудай і віцэ-прэм’ерам, міністрам нацыянальнай абароны Польшчы Мар’юшам Блашчакам напярэдадні Калядаў наведалі салдат і афіцэраў, якія дыслакуюцца ў Жэшаве (адміністрацыйны цэнтр Падкарпацкага ваяводства на мяжы з Украінай) (па спасылцы - фотарэпартаж з сустрэчы). Яны сустрэліся з польскімі вайскоўцамі, паліцэйскімі, прадстаўнікамі Памежнай службы і Дзяржаўнай пажарнай службы, а таксама з салдатамі і афіцэрамі армій НАТА і Украіны, якія служаць у Жэшаве.
На сустрэчы з прадстаўнікамі сілавых ведамстваў таксама прысутнічалі кіраўніка Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Яцэк Сявера і Генеральны камандуючы родамі войск Узброеных сіл Польшчы генерал Яраслаў Міка.
На спатканню польскія харцэры (скаўты) перадалі на рукі прэзідэнта Віфліемскі агонь міру. Пасля прыняцца агню Анджэй Дуда перадаў яго вайскоўцам, для якіх і было арганізаванае мерапрыемства. А сустрэча пачалася, паводле польскай традыцыі, выкананнем Калядкі.
Падчас сустрэчы прэзідэнт казаў пра тое, наколькі важныя задачы выконваюць польскія салдаты, паліцэйскія, памежнікі і пажарнікі, і асабліва цяпер, у вельмі неспакойны час. А ў якасці прыкладу ён прывёў крызіс на беларуска-польскай мяжы, справакаваны рэжымам Лукашэнкі, пік якога здарыўся на канец 2021 года, але які працягваецца і цяпер, хоць у меншым маштабе.
- Польскія супрацоўнікі сілавых ведамстваў абараняюць нас ад гібрыднай атакі, справакаванай беларускім рэжымам пры падтрымцы Крамля.
У сваю чаргу першая лэдзі Агата Карнхаўзэр-Дуда звярнула ўвагу на ролю горада Жэшаў, якую ён адыгрывае ў кантэксце гуманітарнай дапамогі Украіне і ўкраінцам.
- Вы дапамагаеце не толькі таму, што так трэба, а таму, што так кажа сэрца.
Жэшаў і жэшаўскі аэрапорт «Ясёнка» на дадзены момант – адно з важнейшых месцаў на карце Польшчы. Менавіта Жэшаў з’яўляецца першым горадам, куды накіроўваюцца бежанцы з Украіны. А аэрапорт цяпер – гэта важная лагістычная кропка па дастаўцы вайсковых і гуманітарных грузаў ва Украіну.
На сустрэчы з прэзідэнтам прысутнічалі вайскоўцы амерыканскай, брытанскай, канадскай і ўкраінскай армій.
Дзякуючы спалучэнню па Інтэрнэце за перадкаляднай сустрэчай, якая прайшла ў Жэшаве, маглі таксама сачыць вайскоўцы польскіх кантынгентаў за мяжой і паліцэйскага кантынгенту ў Косаве.
Віцэ-прэм’ер і міністр абароны Польшчы Мар’юш Блашчак падзякаваў салдатам за службу і звярнуў увагу на пэўны сімвалізм, які заўважыў, будучы на сустрэчы.
- Перш за ўсё я дзякую за службу вайскоўцам і супрацоўнікам сілавых ведамстваў у імя бяспекі нашай радзімы. А прыкладаў адданай службы вельмі шмат, хоць бы служба на беларуска-польскай мяжы, пра якую згадваў спадар прэзідэнт. Служба на мяжы з’яўляецца дасканалым прыкладам супрацоўніцтва паміж вайскоўцамі і супрацоўнікамі сілавых ведамстваў са структур Міністэрства ўнутраных спраў.
Я заўважыў сімвалічны момант... З аднаго боку па Інтэрнэце мы спалучаемся з нашымі салдатамі, якія служаць тысячы кіламетраў ад Польшчы, але служаць у імя бяспекі нашай радзімы, а з другога боку тут, у Жэшаве, у гэтай зале ёсць салдаты з ЗША і Канады, якія тысячы кіламетраў ад сваёй радзімы служаць у нас, каб падтрымліваць Войска Польскае.
Прэзідэнт Польшчы таксама спалучыўся з польскімі лётчыкамі і наземным персаналам, якія нясуць службу на аэрадроме ў літоўскім Шаўляі ў рамках місіі НАТА «Балтыйскае паветранае патруляванне».
- Мы вельмі ўдзячныя вам за службу радзіме, за тое, што робіце для нашай бяспекі. Жадаем вам здароўя і ўсяго добрага, шчаслівага вяртання з кожнага задання і шчаслівага вяртання на радзіму пасля завяршэння замежнай місіі.
У рамках аперацыі «Балтыйскае паветранае патруляванне», якая стартавала ў 2004 годзе пасля ўступлення балтыйскіх дзяржаў у НАТА, пачалася праграма па абароне паветранай прасторы гэтых краін, якая ўяўляе сабой частку адзінай прасторы НАТА. Гэтую місію выконваюць па чарзе краіны НАТА, у тым ліку і Польшча. Пастаяннай базай місіі з'яўляецца літоўская Першая паветраная база ў Шаўляі. З 2014 года самалёты місіі сталі базіравацца і на другой пастаяннай базе Эмары ў Эстоніі. Сёлета польскія лётчыкі пачалі місію 1 снежня. Звычайна яна працягваецца чатыры месяцы, а кантынгент складаецца з чатырох самалётаў і 50-100 лётчыкаў ды наземнага персаналу.
На авіябазе ў Шаўляі польскіх вайскоўцаў наведала пасол Польшчы ў Літве Уршуля Дарашэўска.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл