Беларуская Служба

Зяленскі ў кангрэсе ЗША: Вашы грошы – не дабрачыннасць. Гэта інвестыцыі ў глабальную бяспеку і дэмакратыю

22.12.2022 11:47
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн абвясціў, што Украіна атрымае чарговы транш вайсковай падтрымкі ў памеры 1,85 мільярда долараў.
.   .
У. Зяленскі і Дж. БайдэнPAP/EPA/JIM LO SCALZO

ЗША перададуць Украіне сістэмы супрацьпаветранай абароны «Пэтрыёт». Украіна прасіла аб гэтым шмат тыдняў, каб мець магчымасць больш эфектыўна, чым раней, абараняцца ад расійскіх бамбёжак. Заява прагучала падчас сустрэчы прэзідэнтаў ЗША і Украіны ў Белым доме.

Візіт у Белы дом – гэта першая замежная паездка Уладзіміра Зяленскага з пачатку расійскага ўварвання ва Украіну. Раней прэзідэнт Украіны не пакідаў краіну з меркаванняў бяспекі. Ён прыляцеў у ЗША амерыканскім урадавым самалётам з Польшчы.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн абвясціў, што Украіна атрымае чарговы транш вайсковай падтрымкі ў памеры 1,85 мільярда долараў.

-Пакет уключае ў сябе непасрэдную перадачу Украіне неабходнага абсталявання, а таксама кантракты на пастаўку неабходных боепрыпасаў – у першую чаргу для артылерыі, бранятанкавага ўзбраення, ракетных сістэм, а таксама высокадакладных боепрыпасаў. Акрамя таго, у камплект падтрымкі ўваходзіць акумулятар «Пэтрыётаў». Мы будзем навучаць украінскіх вайскоўцаў карыстацца гэтай тэхнікай для павышэння эфектыўнасці іх супрацьпаветранай абароны.

Падчас свайго выступу Джо Байдэн адзначыў, што да гэтага часу да дапамогі Украіне прыцягнута больш за 50 краін за межамі ЗША. Ён таксама анансаваў неадкладнае падпісанне двух законапраектаў, якія палегчаць пастаўкі ваеннай тэхнікі і павялічаць сродкі для Кіева.


У. Зяленскі выступае ў Кангрэсе ЗША У. Зяленскі выступае ў Кангрэсе ЗША

Прэзідэнт Украіны выступіў у Кангрэсе ЗША. Ён прывёз туды ўкраінскі сцяг, які атрымаў ад абаронцаў Бахмута. Уладзімір Зяленскі падзякаваў амерыканцам за падтрымку Украіны ў вайне з Расіяй. Ён звярнуўся з просьбай аб далейшай дапамозе і запэўніў, што ўкраінцы на фронце бароняць не толькі сваю свабоду. Украінскі лідар таксама распавядаў пра становішча ўкраінскіх мірных жыхароў, якія пакутуюць ад расійскіх ракет.

Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што менавіта ва Украіне вырашаюцца лёс свабоды будучых пакаленняў. Як ён запэўніў, у наступным годзе ў гэтай вайне будзе пералом, але каб гэта адбылося, Украіне патрэбна больш зброі:

-Мы не хочам, каб ва Украіне ваявалі амерыканскія салдаты. Украінскія жаўнеры выдатна спраўляюцца з амерыканскімі самалётамі і танкамі. Дзякуй за фінансавую дапамогу, якую вы аказалі нам і тую, якую хочаце аказаць. Вашы грошы – не дабрачыннасць. Гэта інвестыцыі ў глабальную бяспеку і дэмакратыю.


У. Зяленскі і Н. Пеласі У. Зяленскі і Н. Пеласі

Спікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пелосі заявіла, што Уладзімір Зяленскі робіць сёння тое, што зрабіў Уінстан Чэрчыль у снежні 1941 года, заклікаючы Амерыку дапамагчы ў барацьбе з тыраніяй. Нэнсі Пелосі сустрэлася з прэзідэнтам Украіны ў Кангрэсе.

Яна згадала, што яе бацька быў кангрэсменам, калі ў снежні 1941 года ў ім выступаў з прамовай прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі.

-Тады ён сказаў, што брытанцы робяць самую высакародную працу ў свеце, абараняючы не толькі сваіх блізкіх і свае дамы, але і справу свабоды ў кожнай краіне. Менавіта так робіць украінскі народ. Ён змагаецца за свае семʼі, за сваю краіну і ў той жа час за дэмакратыю і свабоду ва ўсім свеце. Дзякуй, спадар прэзідэнт, што аказалі нам гонар сваім візітам. Дзякуй за тое, што вы звярнуліся да нашай Палаты са сваім пасланнем адзінства, мужнасці і рашучасці.

Нэнсі Пелосі выказала надзею, што Кангрэс прыме новы пакет мер для Украіны на 45 мільярдаў долараў на працягу 48 гадзін. Пакет уключае больш за 13 мільярдаў долараў эканамічнай дапамогі і больш за 20 мільярдаў долараў ваеннай дапамогі.

Візіт Уладзіміра Зяленскага ў ЗША мае пераломны характар, лічыць украінская аналітык Марыя Золкіна. На яе думку, самым важным рашэннем стала перадача сістэм «Пэтрыёт». На думку эксперта, гэты візіт павялічвае верагоднасць перадачы ва Украіну і іншых відаў зброі. У інтэрвʼю Польскаму радыё Марыя Золкіна падкрэслівае, што прэзідэнт Украіны пачуў запэўніванні амерыканцаў аб працягу падтрымкі Украіны:

-Словы аб тым, што ЗША будуць з Украінай столькі, колькі гэта неабходна, будзе пацверджана рэальнымі дзеяннямі – перш за ўсё, новымі пастаўкамі ўзбраенняў і падаўжэннем фінансавай падтрымкі. Злучаныя Штаты парушылі некаторыя самаабмежаванні, якія дзейнічалі ў гэтым годзе ў дачыненні да тыпаў зброі, якія яны пастаўляюць. Справа нават не ў тым, колькі сістэм «Пэтрыёт» атрымае Украіна ў бліжэйшы час, а ў тым, што від узбраенняў змяняецца на больш сучасныя, больш цяжкія і тыя, на якія былі абмежаванні.

Сусветныя СМІ адзначаюць, што візіт Зяленскага ў ЗША вызначае новы этап вайны і ўзмацняе саюз Кіева і Вашынгтона.

ав