Усе выданні прысвячаюць увагу на сваіх старонках нечаканаму візіту прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў ЗША. У газеце Rzeczpospolita каментар на тэму першага выезду ўкраінскага лідара за мяжу з пачатку поўнамаштабнай вайны напісаў Ежы Гашчыньскі (Jerzy Haszczyński).
Ён піша, што за час гэтай вялікай вайны было шмат падзей, якія ўвойдуць у гісторыю, а цяпер мы сталі сведкамі гістарычнага візіту, гістарычнай прамовы і гістарычнай сустрэчы двух важнейшых чалавек, якія стаяць па правільным баку дабра – Джо Байдэна і Уладзіміра Зяленскага.
Прэзідэнт Украіны рашыўся на такі крок, выезд за мяжу, паколькі прыйшоў важнейшы момант вайны. Гаворка ідзе пра стаўленне Захаду і магчымасці ўкраінцаў вызваліць сваю зямлю. У стаўленні Захаду самае важнае – адказ на заклік украінцаў даць ім больш узбраенняў. ЗША вырашыла перадаць комплексы Patriot, якія дагэтуль лічыліся табу і сімвалам непатрэбнай эскалацыі. Цяпер жа рашэнне Амерыкі паказвае, што ўсё менш важнейшыя палітыкі ЗША клапоцяцца пра самаадчуванне Крамля.
Тым не менш, чым даўжэй Расія будзе забіваць, знішчаць і выганяць, карыстаючыся тактыкай холаду і голаду, тым цяжэй будзе ўтрымаць падтрымку для Украіны ў заходніх грамадствах. Гэтая падтрымка ўсё яшчэ высокая, але яна паступова змяншаецца, як у Еўропе, так і ЗША, асабліва сярод электарату Рэспубліканскай партыі. Ад палітыкаў гэтай партыі перш за ўсё залежыць, ці ва Украіну паступіць вялізны пакет дапамогі памерам у 45 млрд долараў.
нг