У 2020, а пазней у 2021 годзе нам здавалася, што гэта былі вельмі цяжкія і насычаныя часы, на нашу долю выпала шмат выпрабаванняў – ва ўсім свеце пандэмія, у Беларусі масавыя пратэсты, а пазней вельмі жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці. Што можа быць горш? Але, аказалася, што ў 2022 годзе на людзей нечакана звалілася новая бяда – вайна ў суседзяў, у якую ў кожную хвіліну можа быць уцягнутая і Беларусь.
Інфармацыйны офіс «Беларусь у фокусе» у партнёрстве з беларускай экспертнай сеткай «Наша думка» і Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў (BISS) надоечы падвёў вынікі года і пазначыў прагнозы на наступны год.
Паводле дырэктара Інстытуту «Палітычная сфера» Андрэя Казакевіча, важнейшым фактарам, які ўплывае на сітуацыю ў Беларусі, з’яўляецца і застанецца вайна ва Украіне. Да пералому ў вайне зменаў у лепшы бок у Беларусі хутчэй за ўсё не будзе.
- Беларусь падтрымала ў агрэсіі Расію. Цяпер Беларусь на міжнародных пляцоўках адпрацоўвае расійскую павестку. Унутрыпалітычная дынаміка таксама моцна звязаная з вайной, у тым ліку новая хваля рэпрэсіяў. Улады стараюцца зачысціць прастору, таксама не можа быць дыскусіі з Захадам, у тым ліку пра вызваленне палітвязняў. Да завяршэння вайны такія кантакты нявыгадныя Маскве.
Сітуацыя ў Беларусі можа яшчэ пагоршыцца ў наступаючым годзе, але гэта залежыць ад таго, што будзе адбывацца на ўкраінскім фронце. Вайна паўплывала на павышэнне жорсткасці беларускага рэжыму, і гэта яшчэ не пік, паколькі адбываецца дыфузія злачынных рэжымаў, – мяркуе адна з заснавальніц даследчыцкага цэнтру EAST Center Вераніка Лапуцька.
- З-за вайны Беларусь стала яшчэ больш ізаляванай. Беларускія ўлады існуюць у вакууме з расійскімі ўладамі. У паліталогіі такая з’ява называецца дыфузіяй рэжымаў, калі таталітарныя рэжымы вельмі хутка вучацца адзін ад аднаго. Мы ўжо не здзіўляемся вялізным турэмным тэрмінам, якія атрымліваюць палітвязні. Гэта ўжо сталінскія маштабы і метады. Рэжыму ўжо няма чаго губляць. Дзяржаўная прапаганда зрабілася зусім беспрэцэдэнтнай і сюррэалістычнай, на жаль, некаторыя людзі пачынаюць ёй верыць... Будзе працягвацца выезд беларусаў за мяжу – у Польшчу, у Літву, дзе фармуюцца моцныя цэнтры беларускай палітычнай дыяспары.
Якія працэсы будуць назірацца ў 2023 годзе ў беларускай эканоміцы? Эканаміст Дзмітрый Крук адзначае, што ў наступаючым годзе будзе расці эфект ад санкцыяў, уведзеных заходнім светам у адносінах Беларусі.
- Санкцыі вельмі магутныя, да пачатку вайны для мяне было за мяжой фантастыкі ўявіць сабе такі пакет. Санкцыі яшчэ сябе цалкам не праявілі, яны не выклікалі такога падзення, якое маглі выклікаць, але гэта не азначае, што тэма знікне з павесткі дня.
Цяжка рабіць прагнозы на будучы год, але спікеры, якія ўдзельнічалі ў дыскусіі, адзначылі, што ў Беларусі, хутчэй за ўсё, будзе працягвацца інфляцыя, рост коштаў жыцця і масавая эміграцыя.
нг