Беларуская Служба

Неўзабаве пачнецца суд рэжыму Лукашэнкі над Польшчай

03.01.2023 17:23
9 студзеня пачнуць судзіць Анджэя Пачобута.
Ілюстрацыйны здымакфота: ilikeyellow/shutterstock

"Суд Лукашэнкі над Польшчай". Пад такім загалоўкам Rzeczpospolita піша пра самага вядомага ў Польшчы беларускага палітвязня – гэта актывіст Саюзу палякаў у Беларусі, журналіст Анджэй (Андрэй) Пачобут. 9 студзеня пачнецца яго судовы працэс у Гродне. Ён прабывае ў следчым ізалятары з сакавіка 2021 года, абвінавачаны ў распальванні нацыянальнай варожасці і дзеянні, накіраваныя супраць дзяржаўнай бяспекі.

Пачобут быў унесены ў спіс тэрарыстаў, яму пагражае да 12 гадоў турэмнага зняволення. На жаль, ён не можа разлічваць на сумленны суд. Прысуд залежыць ад стаўлення Лукашэнкі да Польшчы, а яно ўжо шмат гадоў вельмі негатыўнае. Улады прыдумалі абсурдныя абвінавачанні, напрыклад, словы Пачобута, што 17 верасня 1939 года Савецкі Саюз напаў на Польшчу, былі прызнаныя распальваннем нянавісці, паколькі, згодна з афіцыйнай беларускай гістарыяграфіяй, тады наступіла вызваленне беларусаў, якія былі пад прыгнётам Польшчы.

Анджэй напісаў у лістападзе ў лісце жонцы, што думае пра тых, хто сядзеў у той жа турме ў 40-ых і 50-ых гадах. «Ім было значна горш, іх прыклад дадае сілы... Мы не выбіраем часоў, у якіх нам прыйдзецца жыць, але вырашаем пра тое, як будзем у гэтых часах жыць», – адзначыў Пачобут.

Актывіст СПБ некалькі разоў адхіліў прапанову напісаць прашэнне аб памілаванні да Лукашэнкі. Ён таксама не згадзіўся пакінуць Беларусь і выехаць у Польшчу ў траўні 2021 года, калі па просьбе былога прэзідэнта Казахстану Назарбаева з Беларусі былі выпушчаныя тры актывісткі Саюзу палякаў. Пад хатнім арыштам прабывае надалей старшыня СПБ Анжэліка Борыс.

Па словах віцэ-старшыні СПБ Марэка Занеўскага, які знаходзіцца ў Польшчы, апошнія два гады для палякаў Беларусі – гэта барацьба за выжыванне. Няма ўжо польскіх школ, яны былі цалкам русіфікаваныя, разбураныя польскія помнікі ў памяць аб загінулых салдатах Арміі Краёвай. А нядаўна беларускія прапагандысты знайшлі новага ворага – малюнак у каталіцкім касцёле, які прадстаўляе Варшаўскую бітву з бальшавікамі ў 1920 годзе ў Солах.

нг