Беларуская Служба

Яшчэ аднаму расійскаму прапагандысту забаранілі ўезд у Польшчу

09.01.2023 11:27
Па заяве Агенцтва ўнутранай бяспекі расійскі прапагандыст Віктар Бязека ўнесены ў спіс непажаданых асоб у Польшчы, паведамілі ў Дэпартаменце нацыянальнай бяспекі канцылярыі прэм'ер-міністра.
.
.isaevdm/pixabay.com/CC0

На думку польскіх службаў, журналісцкая дзейнасць расіяніна зʼяўляецца элементам інфармацыйнай вайны Крамля супраць Польшчы і ЕС.

Дэпартамент нацыянальнай бяспекі паведаміў, што Віктар Бязека на працягу многіх гадоў удзельнічаў у распаўсюджванні расійскай прапаганды, накіраванай супраць польскіх інтарэсаў, іміджу Польшчы на міжнароднай арэне. Мужчыну звязваюць з прапагандысцкім тэлебачаннем «Russia Today» і польскамоўнай рэдакцыяй інфармацыйнага агенцтва «Sputnik».

«Вышэйпералічаныя «СМІ» зʼяўляюцца тыпова дэзінфармацыйнымі структурамі, якія зʼяўляюцца апірышчам Крамля, падтрымліваюць яго знешнюю палітыку і распаўсюджваюць ілжывае ўяўленне аб рэчаіснасці сярод грамадзян іншых краін».

Ва ўрадзе нагадваюць, што гэта чарговы выпадак выкарыстання забароны на ўезд у краіну расійскаму «журналісту». У сакавіку 2021 года па просьбе Агенцтва ўнутранай бяспекі забарону на ўезд у Польшчу і краіны Шэнгенскай зоны Леаніду Свірыдаву, які мае дачыненне да распаўсюджвання крамлёўскай прапаганды, падоўжылі да 2025 года.

Аналагічная пастанова вынесена ў дачыненні да рэпарцёра расійскага тэлебачання Яўгена Рэшэтнева, які «правёў шкодную для Польшчы дзейнасць, якая выходзіць за рамкі працы журналіста». «Рашэтнева выконваў мерапрыемствы, якія ўваходзілі ў задачы структур, якія вядуць інфармацыйную вайну ў Расіі», – чытаем.

У верасні 2022 года Польшча па ўзгадненні з краінамі Балтыі зрабіла больш жорсткім парадак уезду для грамадзян Расіі. «Прынятыя рашэнні служаць абмежаванню неабавязковых паездак грамадзян Расійскай Федэрацыі ў Польшчу», – адзначае Дэпартамент нацыянальнай бяспекі.

Ён нагадвае, што расійскія «журналісты», якія працуюць у Польшчы, гэта група, якая выкарыстоўваецца для агрэсіўнай інфармацыйнай дзейнасці Крамля супраць Польшчы, краін NATO і Захаду.

ав/TVP Info