Беларуская Служба

Польскі бізнесовец: Да нас прыязджае беларускае КДБ на гутаркі

19.01.2023 12:13
Па прыкладзе Расіі ў Беларусі ўведзены рэпрэсіўныя механізмы ў дачыненні да замежных інвестараў.
 .
Ілюстрацыйны здымак.stevepb/pixabay.com/CC0

Улады могуць адвольна выводзіць менеджараў з саветаў дырэктараў сваіх кампаній. КДБ вызначае, хто спрабуе вывезці машыны з краіны, піша эканамічны партал money.pl.

- Супрацоўнікі беларускага КДБ рэгулярна наведваюць наша прадпрыемства ўжо даўно, але пакуль гэтыя візіты менш траўматычныя, чым праверкі польскай падатковай, – з горкай усмешкай кажа польскі бізнесовец, які вядзе бізнес у Беларусі.
Паводле яго слоў, КДБ пачаў рэгулярныя візіты з моманту пачатку расійскага ўварвання ва Украіну.

Ён апісвае, што візіты КДБ маюць на мэце праверыць, ці ўсе станкі стаяць на месцы, ці своечасова прадпрыемствы плацяць работнікам і абавязацельствы перад дзяржавай, і што цікава, ці не пераследуюць яго розныя спекулянты, якія жадаюць купіць тэхніку і станкі.

Замежным інвестарам у Беларусі пагражаюць сур'ёзныя наступствы за давядзенне кампаніі да банкруцтва або дзеянні па яе ліквідацыі. Напрыклад, замена існуючых кіраўнікоў на конкурсную ўправу з прадстаўнікоў мясцовых і цэнтральных беларускіх уладаў або поўная нацыяналізацыя, то бок канфіскацыя маёмасці.

Гэта стала магчымым дзякуючы апублікаванаму ў ноч на 6 студзеня 2023 года закону аб «канфіскацыі маёмасці», прынятым Нацыянальным сходам Беларусі ў снежні. Гэта жывая копія дзеючага ў Расіі рэгламенту, прынятага ў 2022 годзе.

- Перш за ўсё, ад замежных кампаній чакаюць нейтральнасці: не ўдзельнічаць у бягучых палітычных справах, не падтрымліваць апазіцыю, устрымлівацца ад публічнай крытыкі мясцовых уладаў, – пералічвае эксперт Цэнтру ўсходніх даследаванняў Каміль Клысіньскі.

Ён дадае, што ад таго, ці застануцца пасіўнымі бізнесмены, залежыць лёс іх кампаній. Раней Лукашэнка шмат разоў паказваў, што прыватная ўласнасць для яго не зʼяўляецца нічым святым. Дзяржава ўжо забірала кампаніі ў прадпрымальнікаў, таксама без «ніякай працэдуры».

Пакуль, паводле апытанага money.pl польскага бізнесмена, акрамя новых пастановаў і праверак КДБ, іншых трывожных дзеянняў з боку беларускіх уладаў няма.
«Лукашэнка хоча, каб людзі мелі працу, каб замежныя кампаніі працавалі і плацілі падаткі, каб замежны капітал не выцякаў з краіны», – кажа суразмоўца парталу.

ав/money.pl