Беларуская Служба

У. Зяленскі на Давоскім форуме: «Мы павінны захаваць аб’яднанасць вакол Украіны, якая змагаецца за супольныя каштоўнасці»

20.01.2023 14:03
Адной з важных тэмаў форуму стала вайна ва Украіне, пытанне паставак ёй узбраення, а таксама аказанне эканамічнай дапамогі. 
Аўдыё
  • Тэма Украіны на Давоскім форуме
Уладзмір Зяленскі выступае на Сусветным эканамічным форумефота: PAP/EPA/GIAN EHRENZELLER

20 студзеня ў швейцарскім Давосе афіцыйна завяршаецца Сусветны эканамічны форум – самая прэстыжная міжнародная сустрэча высокапастаўленых чыноўнікаў ды эканамічных экспертаў з розных дзяржаваў свету. На гэты раз важнейшай тэмай форуму стала вайна ва Украіне, пытанне паставак ёй сучаснай тэхнікі, а таксама аказанне эканамічнай дапамогі. 

Сёлета Давоскі форум праходзіў пад дэвізам «Супраца ва ўмовах раздробленага свету». На думку арганізатараў, у гэтым годзе самы складаны эканамічны ды геапалітычны фон, паколькі ў свеце назіраецца адначасна некалькі крызісаў, у тым ліку важнейшая тэмай стала вайна Расіі супраць Украіны, і, адпаведна, неабходнасць пастаўкі ўзбраенняў Украіне і аказання ёй эканамічнай падтрымкі. Пра гэта, між іншым, казаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў звароце да ўдзельнікаў форуму.

- Мы павінны захаваць аб’яднанасць свету вакол Украіны, якая змагаецца за нашы супольныя каштоўнасці, каб працягваліся пастаўкі адпаведнай зброі, якая нам патрэбная для перавагі над ворагам на полі бою. Таксама патрэбная эканамічная падтрымка, я дзякую ўсім дзяржавам, у тым ліку краінам Еўрасаюзу, які нас падтрымаў і працягвае дапамагаць нашаму бюджэту. Калі цяпер нас атакуюць расійскімі ракетамі, у тым ліку нашу інфраструктуру, вельмі важна развіваць нашу супрацьпаветраную абарону. Мы бачым, што Расія рыхтуецца да рэваншу, але мы мяркуем, што ім не ўдасца, паколькі яны ваююць не толькі супраць Украіны, але агулам супраць цывілізаванага падыходу да жыцця.

Тыранія абганяе дэмакратыю, – звярнуўся Зяленскі да ўдзельнікаў форуму. – У той час, пакуль свабодны свет думае, дзяржава-тэрарыст працягвае забіваць. Расія павінна адказаць за кожны разбураны ўкраінскі горад і знішчанае жыццё. Гэтая тэрарыстычная вайна Расіі павінна стаць апошняй такой вайной, каб ніколі больш ніводная дзяржава не ступіла на шлях тэрарызму. Дзеля гэтага патрэбная справядлівасць і пакаранне злачынцаў, – дадаў Зяленскі.

Падчас Давоскага форуму працуе выстава Russian War Crimes, якая дэманструе ваенныя злачынствы расіян ва Украіне. Паглядзеўшы выставу, былы брытанскі прэм’ер-міністр Барыс Джонсан заявіў у размове з украінскім дэпутатам Аляксеем Ганчарэнкам, што неабходна паскорыць пастаўкі зброі Украіне, каб яна хутчэй перамагла ў вайне.

- Я паглядзеў выставу фатаграфій – яны абсалютна жахлівыя, паказваюць злачынствы расіян. На маю думку, кожны павінен убачыць гэтую выставу, каб зразумець, чаму неабходна працягваць падтрымліваць Украіну. Мы павінны павялічыць падтрымку. Вялікабрытанія адправіць ва Украіну танкі, іншыя краіны павінны зрабіць тое ж самае дзеля перамогі. Украіна павінна перамагчы як мага хутчэй.

Актыўны ўдзел у Сусветным эканамічным форуме прыняў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, які падкрэсліваў падчас перамоваў, што Украіне патрэбны вельмі тэрміновыя пастаўкі сучаснай ваеннай тэхнікі. Дыскусіі палітыкаў па-ранейшаму сканцэнтраваныя на пытанні перадачы Украіне заходніх танкаў, у тым ліку нямецкіх "Леапардаў". Прэзідэнт Дуда мяркуе, што Украіне неабходна прадставіць больш танкаў для таго, каб яна перамагла ў вайне. Польшча гатовая перадаць нямецкія танкі Украіне, якія знаходзяцца на яе ўзбраенні, яна перадасць 14 такіх танкаў, нават калі Германія не дасць згоды. Анджэй Дуда таксама адзначыў, што ў яго перамовах фігуравала і тэма амерыканскіх танкаў. Вось што ён адказаў на пытанне, ці рашэнне Берліна аб перадачы танкаў залежыць ад адпаведнага рашэння ЗША.

- Я пакуль нічога не чуў пра тое, каб Германія ставіла такую ўмову. Калі б так было, то з пункту гледжання ўкраінскай абароны гэта вельмі добра. Такім чынам, нямецкі бок заахвоціў бы амерыканскі, каб ён таксама паставіў свае вельмі сучасныя танкі "Абрамс". Мы ведаем, што амерыканскі бок, Пентагон, пазітыўна аднёсся да гэтай ініцыятывы – перадачы танкаў "Леапард" Украіне. Так што, калі б так было, я б гэта ўспрыняў станоўча.

Свет паступова мяняе свой падыход да пастаўкі Украіне цяжкага сучаснага ўзбраення, якое дазволіць атрымаць большую перавагу на полі бою. Аб гэтым заявіў палкоўнік запасу, украінскі ваенны эксперт Алег Жданаў.

- Складваецца вельмі пазітыўнае ўражанне, што Захад, краіны-партнёры, урэшце пачынаюць разумець, што трэба даваць зброю. І даваць не адзін-два-тры, а сто і болей. І ў міжнароднай супольнасці цывілізаваных краін, якія падтрымліваюць Украіну, ужо становіцца правілам добрага тону аказваць Украіне як мага большую дапамогу.

Узбраенне Украіны, а таксама выклікі, якія стаяць перад НАТА – гэта тэмы, якія дамінавалі падчас дыскусіяў у Давосе на Сусветным эканамічным форуме. З эканамічнага пункту гледжання галоўнай тэматыкай дэбатаў была занепакоенасць сусветнай рэцэсіяй.

нг