На днях стала вядома, што Германія і ЗША перададуць Украіне сучасныя баявыя танкі. Некаторыя дзяржавы, у тым ліку Польшча, ужо даўно заяўлялі, што паставяць ва Украіну баявыя машыны для змагання з расійскімі захопнікамі. Цяпер, пасля рашэння глабальна важных дзяржаў, сітуацыя з пастаўкамі сучаснай зброі і тэхнікі Украіне можа змяніцца.
Урад Германіі паведаміў, што перадасць Украіне 14 танкаў «Леапард 2». Адначасова афіцыйны Берлін даў згоду на перадачу згаданых танкаў іншымі дзяржавамі, якія іх маюць на ўзбраенні. Так, Польшча, якая нашмат раней чым іншыя краіны заяўляла пра перадачу «Леапардаў», перадасць таксама 14 танкаў, Нідэрланды – 18 машын. Пра пастаўкі танкаў нямецкай вытворчасці таксама заявілі Нарвегія і Фінляндыя. Адначасова з заявай канцлера Германіі Олафа Шольца аб перадачы танкаў, пра «Абрамс» ва Украіну паведаміў Джо Байдэнт. ЗША перададуць украінцам 31 танк. У сваю чаргу Францыя паведаміла, што перадасць украінцам танкі айчыннай вытворчасці «Лёклер», а Вялікабрытанія – сваіх 12 танкаў «Чэленджэр 2».
Пастаўкі танкаў і іншага сучаснага ўзбраення ва Украіну можа мець ключавое значэнне для далейшага ходу вайны, асабліва калі ўзяць пад увагу планы Расіі па наступленні ў бліжэйшыя месяцы, лічыць былы міністр нацыянальнай абароны і былы начальнік Службы вайсковай контрразведкі Польшчы Антоні Мацярэвіч.
- Калі расіяне зоймуць гарады, якія цяпер узялі ў акружэнне, то нельга выключыць сур’ёзнага мілітарнага крызісу, які можа змяніць сітуацыю на Украіне. А гэта, у сваю чаргу, непасрэдная пагроза для бяспекі Польшчы, і таму мы павінны зрабіць усё, каб дапамагчы Украіне ў змаганні з Расіяй.
Дарэчы, як польскія, так і замежныя эксперты сцвярджаюць, што змена пазіцыі перш за ўсё Германіі адносна перадачы танкаў Украіне – гэта ў немалой ступені вынікі дыпламатычных захадаў і таксама ціску з боку афіцыйнай Варшавы. Польшча ўжо нейкі час таму зазначала, што перадасць Украіне танкі «Леапард 2», якія знаходзяцца ў польскай арміі, незалежна ад пазіцыі афіцыйнага Берліна. Справа ў тым, што Германія валодае экспартнай ліцэнзіяй на танкі «Леапард 2», таму перадача танкаў Украіне іншымі дзяржавамі ЕС, якія маюць гэтую тэхніку, без згоды Берліна немагчымая. Раней Польшча неаднаразова заклікала Германію не адкладваць вырашэння пытання, звязанага з перадачай баявых машын.
Дарэчы, афіцыйная Варшава ўжо заявіла, што прыме ўкраінскіх танкістаў для падрыхтоўкі да службы на танках «Леапард».
Кіраўнік Кабінета прэзідэнта Польшчы Павал Шрот сказаў, што змена падыходу Германіі адносна танкаў «Леапард» – гэта таксама вынікі дыпламатычных дзеянняў Анджэя Дуды. Чыноўнік зазначыў, што рэальнымі становяцца планы адносна стварэння танкавай брыгады, укамплектаванай танкамі заходняй вытворчасці.
- Гэта таксама вынік працы спадара прэзідэнта – я маю на ўвазе перадачу Германіяй танкаў «Леапард» і згоду на перадачу іншымі краінамі. Гэта вельмі добрае рашэнне, прэзідэнт Польшчы яго падтрымлівае і спадзяецца на тое, што яно будзе рэалізаванае як мага хутчэй. На гэта таксама спадзяюцца нашыя сябры з Украіны, якія змагаюцца за незалежнасць і свабоду сваёй дзяржавы.
Дарэчы, Польшча дадаткова перадасць Украіне танкі Т-72. Такім чынам атрымаецца, што ў бліжэйшыя месяцы ва Украіну можа быць пастаўлена каля 200 танкаў. А гэта ўжо сур’ёзная сіла. Для ўкраінцаў пэўнай праблемай можа быць выкарыстанне заходніх узораў тэхнікі, але, як паказала практыка, яны добра спраўляюцца і дасканала выкарыстоўваюць замежнае ўзбраенне, хоць бы польскія самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Краб» альбо амерыканскія сістэмы залпавага агню «Хаймарс».
Эксперты таксама звяртаюць увагу на тое, што ўслед за танкамі ва Украіну могуць быць пастаўленыя баявыя самалёты. Яшчэ цалкам нядаўна заходнія краіны выключалі пастаўкі танкаў, цяпер усё цалкам змянілася. Ужо сёння, для прыкладу, урад Нідэрландаў заявіў, што да паставак Украіне самалётаў Ф-16 «падыдзе з пазітыўным стаўленнем». Зразумела, што саюзнікі перадалі б не апошнія мадыфікацыі Ф-16. У сваю чаргу Польшча магла б дапамагчы Украіне знішчальнікамі МіГ-29, якія яшчэ знаходзяцца на ўзбраенні ВПС. Гэта быў бы добры ход, бо ўкраінскія пілоты дасканала ведаюць гэтыя машыны.
Але Украіна магла б атрымаць не толькі гэтыя тыпы самалётаў. Яшчэ летам з’явілася інфармацыя пра тое, што ва Украіну маглі б трапіць амерыканскія штурмавікі А-10.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл