Беларуская Служба

Толькі-толькі было вырашана паставіць танкі Украіне, а ўжо зайшла гаворка пра амерыканскія знішчальнікі

28.01.2023 18:00
Пастаўка дадзеных самалётаў будзе тэмай наступнай сустрэчы саюзнікаў Кіева на базе Рамштайн у ФРГ у сярэдзіне лютага.
  F-16
Амерыканскі знішчальнік F-16 A Periam Photography/Shutterstock

Партал, прысвечаны абароне – Defence24.pl – сабраў інфармацыю, звязаную з вайной ва Украіне. Ён, у прыватнасці, прыводзіць артыкул з выдання Rzeczpospolita: «F-16 – новая мара Уладзіміра Зяленскага». Ідуць дэбаты наконт перадачы гэтых знішчальнікаў Украіне. Пра пастаўку дадзеных самалётаў думаюць не толькі ЗША, гэта будзе тэмай наступнай сустрэчы саюзнікаў Кіева на базе Рамштайн у ФРГ у сярэдзіне лютага. У сераду канцлер Германіі Олаф Шольц правёў новую чырвоную лінію: ФРГ не вырабляе і не валодае такімі ваеннымі самалётамі. Ці адкажа НАТА на апошні заклік Зяленскага даць Украіне знішчальнікі, будзе вырашаць Амерыка.

Выданне Rzeczpospolita задаецца таксама пытаннем, ці магчымая ўзброеная агрэсія Расіі супраць Польшчы. Намеснік кіраўніка Міністэрства нацыянальнай абароны Войцех Скуркевіч адзначыў, што такую сітуацыю ніколі нельга выключаць. «Неабходна мець на ўвазе, што мы з'яўляемся прыфрантавой краінай, мы – дзяржава, якая таксама павінна мець належную бяспеку, калі справа даходзіць да ключавых аператыўных пытанняў», – сказаў Скуркевіч.

У сваю чаргу Адрыян Сівэк у выданні Gazeta Polska Codziennie піша пра заходнія танкі для Украіны, ці яны могуць стаць гарантам бяспекі для Польшчы. На думку Барташа Каўнацкага, былога віцэ-міністра нацыянальнай абароны і цяперашняга намесніка старшыні парламенцкага Камітэту нацыянальнай абароны, рана ці позна сучасныя танкі прывядуць да перамогі Украіны. Як гэта ўплывае на бяспеку Польшчы? Каўнацкі кажа, што Польшча раней пачала перадаваць Украіне тэхніку старэйшага пакалення – танкі, якія ў бліжэйшыя гады, магчыма, і так былі б здадзеныя на злом, а ўкраінскія салдаты ўмеюць абыходзіцца з гэтай тэхнікай. Таксама Польшча намерана паставіць паўтара дзясятка танкаў новага пакалення. Такім чынам павышаецца бяспека польскай дзяржавы, імкненне да сітуацыі, каб у яе былі прадказальныя суседзі, бо Украіна будзе незалежнай дзяржавай і гэта скароціць патэнцыйную лінію фронту на польскай мяжы. «Я перакананы, што гэта таксама прывядзе да краху беларускага рэжыму і аслабіць расійскі», – сказаў Барташ Каўнацкі.

нг