Беларуская Служба

Польская палітолаг: Мы не назіраем фармавання значнай расійскай групоўкі ў Беларусі, а без гэтага немагчыма паўторны наступ на Кіеў

01.02.2023 16:23
Украінскія вайскоўцы і заходнія эксперты лічаць малаверагодным паўторнае ўварванне РФ ва Украіну з тэрыторыі Беларусі. 
Аўдыё
  • Анна Марыя Дынер лічыць, што расіяне, верагодна, рыхтуюцца да чарговага буйнога наступу на тэрыторыю Украіны.
Ілюстрацыйнае фота https://t.me/modmilby

31 студзеня пачаліся сумесная штабная трэніроўка Аб'яднанага камандавання рэгіянальнай групоўкі войскаў так званай саюзнай дзяржавы. Паведамляецца, што комплекс сумесных мерапрыемстваў аператыўнай падрыхтоўкі накіраваны на павышэнне сумяшчальнасці органаў ваеннага кіравання дзвюх дзяржаў.

Расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін можа паспрабаваць правесці маштабную атаку з поўначы, поўдня і ўсходу, як гэта адбылося 24 лютага 2022 года, прымеркаваўшы яе да гадавіны вайны, заявіў у інтэрвʼю тэлеканалу Sky News сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў. Паводле яго слоў, Украіна рыхтуецца да сурʼёзнай эскалацыі з боку Расіі, якая можа пачацца ў найбліжэйшыя два-тры тыдні. Данілаў сказаў, што самыя цяжкія баі яшчэ наперадзе, а наступныя некалькі месяцаў будуць вырашальнымі ў вайне.

Аднак аналітык па Беларусі і палітыцы бяспекі Расіі польскага Інстытуту міжнародных спраў (Polski Instytut Spraw Międzynarodowych – PISM) Анна Марыя Дынер лічыць, што расіяне, верагодна, рыхтуюцца да чарговага буйнога наступу на тэрыторыю Украіны. Наступ можа адбыцца на многіх участках фронту, але другі наступ на Кіеў на дадзены момант малаверагодная.

Анна Марыя Дынер падкрэсліла, што мэта расійскага наступу – як пераняць ініцыятыву на фронце, так і супакоіць настроі ў расійскім грамадстве.

-Калі прыгледзецца таму, што зараз адбываецца ў шэрагах УС Расіі, якім чынам абыходзяцца са свежа мабілізаванымі салдатамі, то падобна на тое, што Расія, верагодна, захоча правесці буйны наступ вясной. Гэта важна і з палітычнага пункту гледжання, бо ўсё часцей раздаюцца галасы, што ні адна з мэтаў так званай спецыяльнай ваеннай аперацыі пакуль не дасягнутая.

Аналітык PISM падкрэслівае, што напад можа адбыцца ў некалькіх кірунках адначасова, але вырашальнай будзе толькі адна атака. На гэты момант наступ на Кіеў з беларускай тэрыторыі малаверагодны:

-Зараз цяжка казаць пра нейкую адну мэту наступу. Хутчэй за ўсё будзе два-тры кірункі чарговага наступу. Што тычыцца чарговай спробы ўзяць Кіеў, пакуль мы не назіраем фармавання нейкай значнай расійскай групоўкі на тэрыторыі Беларусі. А без гэтага цяжка ўявіць сабе нейкі наступ.

Украінскія ўлады таксама кажуць пра чаканы расійскі наступ. Гэта можа адбыцца ў бліжэйшыя тыдні. Найбольш верагодна, што расійскія акупанту нанясуць удар на Данбасе. На думку ўкраінскіх экспертаў, расейцы таксама могуць актывізаваць атакі ў Запарожскай вобласці, каб прыкрыць свой асноўны ўдар.

Тым часам, сітуацыя на мяжы з Беларуссю застаецца напружанай, але кантраляванай, пра гэта паведаміў на брыфінгу прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка. Паводле яго слоў, рэжым Лукашэнкі не спыняе падтрымку ўзброенай агрэсіі Расіі:

-На яе тэрыторыі пастаянна праходзяць сумесныя вучэнні падраздзяленняў РФ і Беларусі. З 16 студзеня ідзе падрыхтоўка авіяцыйнага кампанента, аб завяршэнні якой было заяўлена 1 лютага, гэта значыць заўтра.

Пры гэтым украінскіх ваенны дадаў, што падчас вучэнняў трэніровак ля мяжы з Украінай зафіксавана не было:

-Стварэнне неабходнай наступальнай групоўкі, якая была б гатовая ўварвацца на тэрыторыю Украіны з гэтага кірунку, пакуль не адзначаецца. Расійскія падраздзяленні ў Беларусі знаходзяцца на палігонах, дзе праходзяць падрыхтоўку.

Паводле інфармацыі Дзяржаўнай памежнай службы Украіны, завяршаецца перадыслакацыя з Беларусі ў Расію тых падраздзяленняў, якія ўжо прайшлі падрыхтоўку. Замест гэтага з пачатку студзеня на тэрыторыю Беларусі пачалі ўводзіць новыя падраздзяленні расійскіх акупантаў для правядзення з імі баявога зладжвання.

Прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны дадаў, што выведвальныя падраздзяленні Украіны і Службы дзяржаўнай аховы сочаць за сітуацыяй у Беларусі і фіксуюць усё, што адбываецца, каб разумець, наколькі небяспечная сітуацыя. Прэс-сакратар падкрэсліў, што галоўная задача Украіны – мець моцную абарону на беларускім напрамку, таму што праціўніка нельга недаацэньваць і трэба быць гатовым да любога развіцця падзей.

Частка вайскоўцаў, якія праходзяць навучанне ў Беларусі, пасля трапляюць на вайну ва Украіны. Так, паводле звестак брытанскай выведкі, напярэдадні ў Беларусі завяршылася навучанне 2-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі УС РФ. Яе плануюць адправіць на фронт.

Украінскія вайскоўцы і заходнія эксперты лічаць малаверагодным паўторнае ўварванне РФ ва Украіну з тэрыторыі Беларусі. Аднак на фоне восеньскіх вучэнняў аналітыкі ISW называюць магчымым уварванне РФ у Беларусь менавіта ў гэты момант.

На фоне таго, што адбываецца ў Беларусі, камічным выглядаюць намаганні рэжымнай прапаганды ўчыніць з Украіны ды яе хаўруснікаў ваяўнічых агрэсараў. Напрыканцы кастрычніка 2022 года Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі (ЛДПБ) звярнулася ў Міжнародны крымінальны суд з просьбай прыцягнуць да адказнасці польскія ўлады за «падрыхтоўку акту агрэсіі супраць Беларусі». 31 студзеня ў Мінск паступіў наступны адказ: «Абвінавачванні Мінска выходзяць за межы суда і падстаў для далейшага разгляду не маюць».

Слухайце аўдыё!

pr/iar/pap/эж