Заходнія краіны працягваюць дапамагаць Украіне зброяй. Гэта робіцца ў рамках Статуту ААН аб падтрымцы краіны, якая вядзе самаабарону. У рамках новага пакета ваеннай дапамогі Кіеў атрымае далёкасяжную зброю ад ЗША , радары з Францыі ды сучасныя танкі, якія ўжо пачалі адпраўляць ва Украіну. Гэта можа змяніць сітуацыю на полі бою, кажуць эксперты.
Заходнія выведкі паведамляюць, што праз 10 дзён Расія збіраецца пачаць новы маштабны наступ ва Украіне, напярэдадні паслання Пуціна Федэральнаму сходу.
Як паведамляе Financial Times, мэтай расійскага наступу будзе акупацыю ўсяго Данбаса. РФ ужо некалькі тыдняў канцэнтруе там вялікія сілы.
У адказ на гэта заходнія палітыкі кажуць пра неабходнасць павялічыць дапамогу ды прыспешыць пастаўкі. Прэм'ер Вялікабрытаніі Рышы Сунак падчас размовы з украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім заявіў, што жыццёва важна, каб міжнародныя партнёры паскорылі сваю дапамогу Украіне. Прэсавы сакратар МЗС Францыі Ан-Клер Лежандр сказала расійскім журналістам, што пастаўкі зброі Украіне – гэта абсалютна легальна.
- Мы не ваюем з Расіяй. НАТА не ваюе з Расіяй. Ніводны з нашых еўрапейскіх і амерыканскіх партнёраў не ваюе з Расіяй. Пастаўкі зброі дзяржаве, якая вядзе самаабарону, прадугледжаны артыкулам 51 Статута ААН - не з'яўляюцца сумесным удзелам у ваенных дзеяннях.
Францыя заявіла, што украінскія ўзброеныя сілы атрымаюць ад Парыжа радары з серыі «Ground Master». Кіеў і Парыж ужо падпісалі пагадненне аб пастаўках двух РЛС GM200.
Таксама іншыя партнёры пачынаюць рэагаваць. ЗША абвясцілі пра пастаўкі новай зброі на суму 2,2 мільярды долараў, куды ўвойдуць снарады да ракетных сістэм HIMARS, буйнакаліберныя кулямёты, Javelin. Самае галоўнае гэта снарады GLSDB - гэта высокадакладная бомба, далёкасць дзеяння якой складае 150 кіламетраў. Пра гэта заявіў прэсавы сакратар Пентагона Пэт Райдэр.
- Мы передамо бомбы GLSDB, якія дадуць Украине магчымасць страляць на больш далёкую адлегласць, праводзіць аперацыі па абароне іх краіны ды вярнуць назад іх суверэнную тэрыторыю на абшарах акупаваных расіянамі. Што тычыцца украінскага планавання аперацый, гэта іх рашэнне, іх адказнасць. ЗША не збіраюцца спекуляваць адносна будучых аперацый, мы будзем працягваць працаваць над пашырэннем іх магчымасцяў.
Снарады GLSDB вельмі істотная зброя для Украіны. Іх радыус дзеяння істотна большы, чым ва ўжо наяўных у Украіны ракет для ўстановак HIMARS, якія могуць наносіць удары на 80 кіламетраў.
Пасля таго, як Нямеччына дала згоду на пастаўкі танкаў «Леапард» ва Украіну, з Канады быў адпраўлены самалёт з першымі танкамі Leopard 2 для Украіны.
Сёння з Галіфакса вылецеў самалёт Ваенна-паветраных сіл Канады з першым асноўным баявым танкам «Леапард» 2, які Канада адпраўляе ва Украіну, - напісала ў Твітэр кіраўнік Мінабароны Канады Аніта Ананд.
Палітык адзначыла, што Канада падтрымлівае народ Украіны і працягне забяспечваць УСУ тэхнікай, неабходнай для перамогі. Танкі ўжо прыбылі ў Польшчу, дзе ўкраінскія экіпажы пачынаюць навучанне па эксплуатацыі танкаў Леапард.
Былы камандзір спецпадраздзялення GROM генерал Раман Палко заявіў, што перадача сучасных танкаў Украіне неабходная. Мадэрнізаваная артылерыя можа адыграць ключавую ролю ў вайне з Расіяй. Генерал Раман Палко падкрэсліў, што танкі «Абрамс» і «Леапард», якія паступяць ва Украіну, вельмі сучасная і магутная тэхніка.
- Яны маюць актыўную браню, моцныя абарончыя сістэмы, у першую чаргу яны маюць сістэмы выкрыцця ворагаў ды кіравання агнём, якія дазваляюць апераджаць танкі старога тыпу. Перадача такіх танкаў Украіне, як «Леапард» ды «Абрамс», дасць ім перавагу на полю бою ды неспадзяванкі для расіян. Гэтая перавага мае ключавое значэнне, бо дазваляе дакладна страляць уначы ва ўмовах абмежаванай бачнасці. Яны маюць выдатныя тэрмадатчыкі, прыцэлы, страляюць на далёкую адлегласць і падчас руху.
Былы камандзір падраздзялення GROM адзначыў, што таксама вельмі важна для падтрымкі Украіны ў барацьбе з Расеяй выдзеліць сродкі, якія дапамогуць умацаваць яе паветраную прастору. Напрыклад, у Літве за гадзіну сабралі больш за мільён еўра менавіта на радары СПА для Украіны.
Украінскі прэзідэнт падзякаваў партнёрам за дапамогу ды заявіў, што Украіна выстаіць.
- Ужо шмат паведамленняў, што акупанты хочуць зрабіць нешта сімвалічнае ў лютым. Каб паспрабаваць кампенсаваць страты мінулага года. Мы бачым гэты ўзмоцнены ціск на розных напрамках фронту, а таксама ціск у інфармацыйным полі. На Данеччыне вельмі цяжка - жорсткія баі. Але як бы цяжка ні было, і які б ціск ні быў, мы павінны выстаяць.
Міністр абароны Украіны заявіў, што новы маштабны расійскі наступ пачнецца на гадавіну папярэдняга, то бок 24.02.23: «Расія жыве сімвалізмам». Гэтую дату прадказвалі даследчыкі AEI Critical Research Project яшчэ ў снежні. Украіна рыхтуецца да абароны. Захад прыспешвае перадачу сучаснай зброі УУС.
Юры Ліхтаровіч