Беларуская Служба

Віцэ-міністр абароны Польшчы: Грамадства ўжо крыху стомленае вайной, але палітыкі і вайскоўцы - не

06.02.2023 14:27
Адзіны шлях да поўнай перамогі Украіны – гэта працяг заходняй падтрымкі. 
Marcin Ociepa
Marcin Ociepagov.pl

Выданне Rzeczpospolita друкуе інтэрв’ю з віцэ-міністрам абароны Польшчы Марцінам Ацепам (Marcin Ociepa). Гаворка ідзе пра вайну ва Украіне напярэдадні гадавіны шырокамаштабнага ўварвання Расіі. На думку суразмоўцы выдання, Расія панесла паразу ў гэтай вайне, якая па ідэі павінна была закончыцца за некалькі дзён, а расцягнулася ўжо на год. На думку Ацепы, адзіны шлях да поўнай перамогі Украіны – гэта працяг заходняй падтрымкі. У доўгатэрміновай перспектыве ўмовы міру павінны дыктаваць украінцы. Ужо зразумела, што Пуцін не можа выйсці з гэтай вайны з «захаваннем твару».

На пытанне, ці заходнія краіны ўжо стомленыя вайной, міністр адказвае, што грамадствы – крыху так, але ваенныя і палітыкі – не. Важна, каб заходнія палітыкі сумелі захаваць лідарства ў сваіх грамадствах і каб не спынілася дапамога ў адносінах Украіны. Самы цяжкі перыяд – зіма, калі Расія можа шантажаваць заходнія грамадствы адсутнасцю паставак сыравіны. У цёплую пару года будзе прасцей вытрымаць гэты шантаж.

Госцю задаюць пытанне таксама пра Беларусь, ці ваенныя бяруць пад увагу новае наступленне з боку Беларусі. Марцін Ацепа адзначае, што ў дзяржаве назіраецца русіфікацыя, асабліва ва ўзброеных сілах, ствараюць сумесныя расійска-беларускія брыгады. Калі яшчэ згадаць пра значную прысутнасць прадстаўнікоў расійскіх узброеных сілаў і спецслужбаў ва ўладных структурах, то, канешне ж, мы павінны быць гатовымі да чарговай атакі на Украіну з беларускага напрамку, а таксама павінны быць гатовымі (Польшча – рэд.) да новай хвалі ўцекачоў.

нг