Беларуская Служба

Зянон Пазьняк: Час дэзынтэграваць пачварную імперыю. Альбо не будзе яе – альбо не будзе нас

07.02.2023 17:58
Зянон Пазняк падкрэсліў небяспеку паўтарэння памылак Захаду ў адносінах да расійскага імперыялізму.
Аўдыё
  • На завяршэнне прэсавай канферэнцыі ў Варшаве лідар беларускага нацыянальнага адраджэння 1980-90 гг. Зянон Пазняк падкрэсліў небяспеку паўтарэння памылак Захаду ў адносінах да расійскага імперыялізму
 -
Удзельнікі прэс-канферэнцыіФота: radyjo.net

7 лютага ў сядзібе Беларускага дому ў Варшаве Зянон Пазьняк, Павел Усаў і Дзмітрый Шчыгельскі падвялі вынікі сваёй паездкі ва Украіну. Ім таварышаваў намеснік камандзіра Палка імя Кастуся Каліноўскага.

Палітыкі абвясцілі аб стварэнні ваенна-палітычнай арганізацыі, ядром якой стане Полк Каліноўскага. Структура мае называцца Рада бяспекі, афіцыйную заяву з гэтай нагоды агучыў старшыня КХП-БНФ Зянон Пазьняк:

-Паміж Палком імя Кастуся Каліноўскага і іншымі нацыянальна-вызваленчымі арганізацыямі вядуцца кансультацыі пра стварэнне ваенна-палітычнай структуры Рады Бяспекі з мэтай абароны нацыянальных інтарэсаў Беларусі ва ўмовах вайны ва Украіне і акупацыі Беларусі Расійскай Федэрацыяй.

Мы плануем стварыць такі орган, які ў перспектыве можа сыграць вялікую ролю у адражэнні Беларусі і заваяванні яе свабоды. Будзем разам працаваць дзеля гэтага. Гэта і ёсць галоўны выннік нашай паездкі ва Украіну. (...)

Намеснік камандзіра Палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук удакладніў, што Рада Бяспекі будзе мець прадстаўнічыя функцыі, а галоўнай яе мэтай з’яўляцца падрыхтоўка ваенна-палітычанага складніка для ажыццяўлення перамен у Беларусі, у тым ліку, пры выкарыстанне сілавых сродкаў:

Багата закідаў ідзе ў бок палка, што мы пачынаем занадта пераймацца палітыкай. Маўляў, вайсковыя ЗСУ лезуць не зусім у сваю справу. Менавіта дзеля таго каб спыніць закіды ў наш бок, мы ствараем ваенна-палітычны суб'ект. Цяпер ён будзе несці больш прадстаўнічыя функцыі. Для Палка Каліноўскага вельмі важна, каб ключавая краіна рэгіёну – Украіна – была максімальна задзейнічана ў працэсе вырашэнне лёсу Беларусі.

На 11-ты месяц вайны мусім канстатаваць, што паміж Украінай і рознымі дэмакратычнымі структурамі Беларусі не былі створаныя пастаянныя кантакты, гэта адбылося з розных прычын і я не хочу ўваходзіць у падрабязнасці, але час гэта выпраўляць і ў тым ліку дзеля гэтага мы ствараем гэты суб’ект.

Нам як вайсковай структуре неабходна наяўнасць палітычнай структуры дзеля лабіравання нашых інтарэсаў ва Украіне і за мяжой. (...)

Новая структура, паводле Кабанчука, патрэбна таксама, каб наладзіць сталыя кантакты Украіны з беларускай палітычнай апазіцыяй, а з гэтым вялікая складанасць. Падчас прэсавай-канферэнцыі «штабам» у прыватнасці закідалася пасіўнасць на ўкраінскім кірунку, а прадстаўнік руху «Супраціў» Дзмітрый Шчыгельскі даў практычныя парады Офісу Ціханоўскай:

Цягнікі ў Кіеў ніхто не адмяняў, яны ездзяць і далей на ўсход. Чакаць асаблівых запрашэнняў ды ўмоваў паездкі – гэта адзін падыход. Таксама ёсць падыход, як у Зянона Станіслававіча – сесці ў машыну і паехаць, сустрэцца і дамаўляцца. Першы крок просты і ясны, а далей будзем кансультавацца і размаўляць. (...)

На завяршэнне прэсавай канферэнцыі ў Варшаве лідар беларускага нацыянальнага адраджэння 1980-90 гг. Зянон Пазняк падкрэсліў небяспеку паўтарэння памылак Захаду ў адносінах да расійскага імперыялізму:

-Наша арыентацыя – на Украіну: пераможа Украіна, і для нас з’явіцца перспектыва. Вельмі важна, каб Расія ў гэтай вайне пацярпела паразу і атрымала ганебны мір і капітуляцыю, і ў рэшце рэшт адбылася дэзынтэграцыя імперыі. Гісторыя другі раз дала шанец расправіцца з ардой, зараз усё трымаецца на ўкраінцах, але ад Захаду патрэбныя рашучыя крокі, каб разбіць гэтую арду. Час дэзынтэграваць гэтую пачварную імперыю. Буратам, татарам, чувашам і г.д. стане прасцей жыць, яны перастануць быць рабамі і атрымаюць шанец на развіццё. Калі застанецца імперскі арганізм Расіі – усё кончыцца, тым жа чым і цяпер. Альбо не будзе яе – альбо не будзе нас. (...)

Бліжэйшы час пакажа, ці Захад не паўтарыць памылак часоў развалу  Савецкага Саюзу і адважыцца дапамагчы гэтым разам ужо Украіне канчаткова вырашыць пытанне перафарматавання расійскай дзяржавы, што безумоўна паўплывае і на становішча Беларусі.

Слухайце аўдыё! 

эж