Святлана Ціханоўская дала інтэрв'ю выданню Rzeczpospolita.
Першае пытанне – пра прысуд 8 гадоў калоніі актывісту Саюзу палякаў у Беларусі Анджэю Пачобуту. Чаму абсалютна невінаваты чалавек апынуўся за кратамі? Таму што дзясяткі тысяч людзей у Беларусі сядзяць ні за што. Такія маштабы беззаконня ў нашай краіне – кажа Ціханоўская. «Пачобут адчувае адказнасць за будучыню нашай краіны. Робячы такі выбар, ён становіцца на бок Беларусі. Гэта заслугоўвае вялікай павагі. Асуджаючы Пачобута, зачыняючы польскія школы і знішчаючы польскія месцы памяці, улада помсціць Польшчы за падтрымку вольнай Беларусі».
Гучыць пытанне і пра тое, чаму лідарка Свабоднай Беларусі не пабывала яшчэ ва Украіне. Яна адказвае, што пасля выбараў 2020 года Украіна не прызнала іх вынікі і далучылася да першых санкцый Захаду. «Я не ведаю, што сталася потым. Магчыма, у Кіеве ўжо зразумелі, што Расія рыхтуецца да вайны, і палічылі за лепшае паводзіць сябе ў дачыненні Беларусі больш асцярожна. Я не крыўдую. Гэта палітыка. Да вайны Лукашэнка быў папулярным палітыкам ва Украіне, бо былі стэрэатыпы, што ў Беларусі добрыя дарогі і няма алігархаў. Пасля пачатку вайны гэтыя адносіны змяніліся. Нам трэба больш кантактаваць з украінцамі, яны – нашы сябры. Калісьці мы разам будзем членамі Еўрасаюза».
Зянон Пазняк пагражаў вам турмой, а нядаўна наведаў Украіну і сустрэўся з беларускім палком Каліноўскага. У аўторак у Варшаве разам з прадстаўніком гэтага палка ён абвясціў аб стварэнні Рады бяспекі. Гэта раскол ці беларуская апазіцыя спрабуе дзяліць шкуру жывога мядзведзя?
«Тыя, хто ваюе на баку Украіны – нашы героі. У іх ёсць палітычныя амбіцыі і яны могуць іх рэалізаваць. Але ў нас агульная мэта – вызваленне Беларусі. Я не разумею, чаму мы павінны змагацца адзін з адным. Цяпер не час для палітычнай канкурэнцыі, час патрабуе супрацы. Трэба разумець, што мы будуем дэмакратычныя інстытуты з нуля. У нас няма свабоднага парламента, дзе кожны можа спрачацца і змагацца за свае погляды. Мы не можам загразнуць у брудзе ўзаемных сварак» – кажа Святлана Ціханоўская.
нг