Беларуская Служба

Што важней восем год у вязніцы ці трохдзённы шоп-тур у Беласток?

10.02.2023 14:34
Польшча прыпыніла пасажырскі ды таварны рух на памежным пераходзе з Беларуссю ў Баброўніках у адказ на прысуд Анджэю Пачобуту і рэпрэсіі беларускага рэжыму супраць польскай меншасці.
Ілюстрацыйны здымакPAP/Artur Reszko

Крыніца ў польскім урадзе паведаміла адной з найбуйнейшых польскіх радыёстанцый, RMF24, што рашэнне Варшавы — адказ на прысуд Анджэю Пачобуту і іншыя дзеянні беларускага рэжыму супраць польскай меншасці. Восенню 2021-га года рэжым адрэагаваў на падобны аргумент з закрыццё пераходу ў Кузніцы і запаволіў міграцыйны крызіс. Ці пачуе цяпер?

«У звязку з важнымі інтарэсамі дзяржаўнай бяспекі я вырашыў прыпыніць рух на польска-беларускім памежным пераходзе ў Баброўніках да далейшага паведамлення», паведаміў у чацвер кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Каміньскі. Транспамежны рух у Баброўніках прыпынілі ў пятніцу а 12 гадзіне дня

Пасажырска-таварны памежны пераход «Баброўнікі-Бераставіца», размешчаны ў Падляшскім ваяводстве», з лістапада 2021 года стаў адзіным аўтамабільным памежным пераходам на Падляшшы, які абслугоўвае грузавыя зносіны з Беларуссю.

Як паведаміла прэс-сакратарка Памежнай службы падпалкоўнік Ганна Міхальска, пераход у Кузніцы і Полаўцах на ўчастку Падляшскага памежнага аддзелу застаецца закрытым, у той час як на ўчастку Надбужанскага памежнага аддзелу застаецца закрыты пераход у Славатычах. — На дадзены момант на ўчастку мяжы з Беларуссю дзейнічае памежны пераход у Тэрэспалі, які адкрыты для пасажырскага руху, і памежны пераход Кукурыкі — Карашчын для грузавога руху. Чэргаў там пакуль няма, сказала Міхальска.

Паводле звестак Памежнай службы, у студзені на памежным пераходзе ў Баброўніках у напрамку ў Польшчу прапушчана 55 014 чалавек, у напрамку з Польшчы ў Беларусь — 55 310 чалавек; У сярэднім за суткі супрацоўнікі Памежнай службы прапускалі больш за 3,5 тысячы чалавек у абодва бакі.

Усяго ў студзені ў абодвух напрамках аформлена 41 368 легкавых аўтамабіляў, з іх на ўездзе ў Польшчу — 19 190, на выездзе — 22 178, у тым ліку ў напрамку ў Польшчу — 4 345 грузавых аўтамабіляў, у напрамку з Польшчы — 5 929.

За ўвесь мінулы год на пераходзе «Баброўнікі» у абодвух напрамках прапушчана больш за 1,2 мільёна чалавек.

У Беларусі можна сустрэць рознае стаўленне да прынятага рашэння. Адныя кажуць, што гэта добры крок і Польшча павінна зачыніць усе пераходы з лукашэнкаўскай Беларуссю.

- Гэта добры крок, але чаму не закрылі Брэст, чаму Літва ды Латвія не закрылі межы цалкам, каб яны там пазадушваліся. Маскалі сёння зноў Украіну моцна бамбілі. Я б усе межы зачыніў. Не ведаю, чаму еўрапейцы па сёння не могуць зрабіць жалезную заслону ды перакрыць усё адным рухам.

Іншыя наракаюць, кажучы, што рэжым ад гэтага не пацярпіць, толькі звычайныя беларусы. Магчымасць паехаць на трохдзённы шопінг і восем год турмы, гэта не тое самае, кажа палітолаг Аляксандр Лагвінец.

- Што важней восем год у вязніцы ці трохдзённы шоп-тур у Беласток? На маю думку, больш важна адрэагаваць на 8-гадовы прысуд Анджэю Пачобуту, паказаць рэжыму, што яны мусяць прытрымлівацца правіл. Беларусь сёння апынулася ў ізаляцыі ў выніку палітыкі рэжыму Лукашэнкі. Трэба рабіць крокі па асуджэнні рэжыму ды стварэнні яму праблем.

У лістападзе 2021 года - у сувязі з міграцыйным крызісам на польска-беларускай мяжы – быў прыпынены рух на суседнім памежным пераходзе ў Кузніцы. Тады Памежная ахова Польшчы паведаміла, што да такіх дзеянняў польскі бок быў вымушаны пайсці з-за адсутнасці рэакцыі беларускага боку на спробы незаконнага перасячэння польска-беларускай мяжы арганізаванымі групамі нелегальных мігрантаў у раёне г.п. скрыжаванне дарог у Кузніцы. Таксама Варшава прыгразіла зачыніць іншыя пераходы. Гэта падзейнічала і лукашысты забралі мігрантаў з мяжы. Ці цяперашні сігнал з Варшавы ў Мінску пачуюць? Складана сказаць, перакананы палітолаг Аляксандр Лагвінец. За два гады Лукашэнка зрабіў Польшчу галоўным ворагам, але грошы ён умее лічыць.

- Польскі бок узважыў усе плюсы і мінусы, паведаміў пра яго ўладам Беларусі да таго, як было агучана ў публічнай прасторы. Гэта будзе мець негатыўныя наступствы як для Польшчы, так і для Беларусі. Рэжым будзе кіравацца эканамічнымі інтарэсамі, але заўсёды будзе спрабаваць не згубіць твар. Пытанне, ці будуць наступныя крокі з польскага боку.

Адмыслоўцы кажуць, што ў Польшчы ёсць іншыя вагары ўздзеяння на Лукашэнку. Гэта ініцыятывы «Паспалітае рушанне», якая яднае беларускіх добраахвотнікаў да змагання ва Украіне з Расіяй. Падтрымка для ініцыятывы з боку польскага ўраду можа хутка астудзіць «гарачыя галовы» у Мінску.

Юры Ліхтаровіч