Беларуская Служба

«Анджэй Пачобут не заслужыў ніводнага дня, гадзіны ці хвіліны знаходжання ў турме»

11.02.2023 12:55
Вынесены вердыкт яшчэ і доказ таго, што Лукашэнка сапраўды баіцца праўды, незалежнай журналістыкі, таго, што людзі зноў выйдуць на вуліцы.
Анджэй ПачобутФота: PAP/Wojciech Pacewicz

Магчыма, станецца так, што Пачобут не праседзіць гэтыя восем гадоў у калоніі, піша Ягенка Вільчак (Jagienka Wilczak) у тыднёвіку Polityka.

У дзяржаве Аляксандра Лукашэнкі самая вялікая правіна – незалежнасць, сумленнасць, адданасць каштоўнасцям журналісцкай прафесіі і грамадзянская пазіцыя. І прывязанасць да свабоды.

Пачобут плаціць высокую цану

Пачобут знаходзіцца ў зняволенні амаль два гады, яго арыштавалі ў сакавіку 2021 года. За свае перакананні ён расплачваецца самым дарагім для чалавека – здароўем і крывёй.

Калі 16 студзеня, у першы дзень працэсу, Анджэй з'явіўся ў судзе ў Гродне, балюча было бачыць яго запалы твар, астрыжаныя валасы, схуднелую постаць.

Але Анджэй не толькі ў той момант, у зале суда, трымаў галаву высока паднятай. Усе два гады ён ні на хвіліну не апусціў ні галавы, ні вачэй, глядзеў прама, не здаваўся. Яму прапаноўвалі пакаяцца і прасіць памілавання ў Лукашэнкі. Верагодна, ён мог бы выехаць у Польшчу з пашпартам у адзін бок. Але Анджэй адмовіўся, ён не збіраўся здраджваць сваім ідэалам, сваім прынцыпам. Ён быў гатовы прыняць прысуд лукашэнкаўскага суддзі.

Вынесены вердыкт яшчэ і доказ таго, што Лукашэнка сапраўды баіцца праўды


Вынесены вердыкт яшчэ і доказ таго, што Лукашэнка сапраўды баіцца праўды, незалежнай журналістыкі, таго, што людзі зноў выйдуць на вуліцы, піша Вільчак. Гэты прысуд павінен запалохаць, пазбавіць жадання свабодна думаць, нават марыць, а тым больш марыць пра свабоду. Прысуд зʼяўляецца яшчэ адным элементам тэрору, якому падвяргаецца беларускае грамадства. Павінен прымусіць да паслухмянасці і трымаць людзей на павадку ўлады.

Магчыма, станецца так, што Пачобут не праседзіць гэтыя восем гадоў у калоніі... Можа, гэтая хворая, дʼябальская сістэма абрынецца разам з яе правадыром у Мінску і яго начальнікам у Крамлі. Магчыма... мы доўга жывем гэтай надзеяй. Але Анджэй Пачобут не заслужыў  ніводнага дня, гадзіны ці хвіліны знаходжання ў турме. Ён не заслужыў ніякага пакарання. Ён невінаваты. Усе гэтыя пакуты і мукі ён трывае толькі таму, што сумленная журналістыка – яго прынцып, а адданасць каштоўнасцям, у тым ліку польскасці, – яго веравызнанне.

яс