Беларуская Служба

Польская разведка папярэджвае, што расіяне рыхтуюць тэракты на сваёй тэрыторыі «пад чужым сцягам»

18.02.2023 07:02
«Расійскія прапагандысцкія цэнтры працягваюць інфармацыйную вайну, асноўны вектар якой накіраваны супраць саюзнікаў Украіны».
Stanisław Żaryn
Stanisław Żaryntwitter.com

Польская разведка папярэджвае, што расіяне рыхтуюць тэракты на сваёй тэрыторыі «пад чужым сцягам», паведамляе Gazeta Wyborcza. Пра гэта сведчаць апошнія наратывы, якія распаўсюджваюць прапагандысты крамлёўскай палітыкі, мяркуе Упаўнаважаны па бяспецы інфармацыйнай прасторы Польшчы Станіслаў Жарын.

Ён заявіў, што Служба знешняй выведкі Расіі распаўсюджвае розную хлусню. Сярод ілжывых тэзісаў – датычнасць амерыканскіх вайскоўцаў да «вярбоўкі баевікоў Ісламскай дзяржавы і Аль-Каіды для правядзення тэрактаў у Расіі і СНД», паведаміў Жарын.

Як ён расказаў, паводле версіі расіян, амерыканцы нібыта надаюць асаблівую ўвагу навабранцам з расійскага Каўказа і Цэнтральнай Азіі, якіх яны рыхтуюць на амерыканскай ваеннай базе ў Сірыі для нападу на «строга абароненыя» аб'екты.

«У паведамленні расійскай разведкі гаворыцца, што ў бліжэйшы час запланаваныя «першыя дзеянні з вышэйназванымі тэрарыстамі», якіх нібыта перапраўляюць у Расію і краіны СНД. Пад ударамі – дыпламаты, чыноўнікі, вайскоўцы і афіцэры», піша Жарын.

Паводле яго слоў, расійскі дзяржаўны апарат сістэматычна, свядома і цынічна выкарыстоўвае хлусню ў сваіх інтарэсах. Для гэтага Расія атакуе краіны NATO, у першую чаргу ЗША і Польшчу.

«Расійскія прапагандысцкія цэнтры працягваюць інфармацыйную вайну, асноўны вектар якой накіраваны супраць саюзнікаў Украіны. Інсінуацыі і абвінавачанні ў адрас краін NATO павінны апраўдваць хлусню і злачынныя дзеянні Крамля», – паведаміў Жарын.

Ён лічыць, што абвінавачанне Вашынгтона ў планах правядзення тэрарыстычных актаў на тэрыторыі Расіі і СНД можа быць формай падрыхтоўкі інфармацыйна-прапагандысцкай базы для магчымых дыверсійных дзеянняў пуцінскіх службаў на тэрыторыі Расіі, паведамляе Gazeta Wyborcza.

вс