Беларуская Служба

Яраслаў Качыньскі: Пасля ЗША найбольшую дапамогу Украіне аказвае Польшча

20.02.2023 09:15
Другі за год візіт прэзідэнта ЗША ў Польшчы – гэта таксама вынік польскага заангажавання ў дапамогу Украіне.
Яраслаў Качыньскі Foto: Wojciech Kusiński/Polskie Radio

Пасля ЗША найбольшую дапамогу Украіне аказвае Польшча. Актыўна падтрымліваюць нашага ўсходняга суседа і брытанцы, заявіў у інтэрв'ю тыднёвіку Sieci старшыня польскай кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі.

«Мы зрабілі гэта ў інтарэсах Украіны, па лаяльнасці, у імя прынцыпаў, а таксама для сябе, абараняючы нашу бяспеку – перамога Расіі азначала б велізарны рост пагрозы для Польшчы», – сказаў Яраслаў Качыньскі. Лідар ПіС не сумняецца, што калі б расіяне перамаглі ва Украіне, яны б пайшлі далей, бо мэта Уладзіміра Пуціна – аднавіць савецкую імперыю і ейную сферу ўплыву. «Таму, без перабольшання, можна сказаць, што Украіна таксама змагаецца за нашу незалежнасць», – нагадаў Яраслаў Качыньскі.

Паводле палітыка, для Кіева перамогай было б выгнанне расіян з усёй тэрыторыі, уключна з Крымам, хаця ніхто дакладна не ведае, як бы выглядаў мір і пасляваенны парадак у краіне. Ён дадаў, што Расія павінна сутыкнуцца з жорсткім супрацівам Захаду – вайсковым і санкцыйным. Яраслаў Качыньскі таксама падкрэсліў неабходнасць супрацьстаяння дзейнасці расійскіх агентаў.

На думку Яраслава Качыньскага, візіт прэзідэнта ЗША Джо Байдэна ў Польшчы можна ўспрымаць, як ацэнку намаганняў Польшчы падчас вайны паміж Украінай і Расіяй. Тым больш, што гэта другі візіт амерыканскага лідара ў Польшчы за год. Яраслаў Качыньскі выказаў надзею, што яго вынікам будуць канкрэтныя заявы аб далейшым удзеле ЗША і іншых краін у дапамозе Украіне, у тым ліку краінаў- членаў Бухарэсцкай дзявяткі, з лідарамі якіх у Варшаве сустрэнецца прэзідэнт ЗША.

На думку палітыка, канкрэтныя заявы неабходная ў сувязі з расійскай мабілізацыяй. «Расійская тэхніка можа і не самая сучасная, але яе шмат(…)Гэта трэба кампенсаваць неадкладнай дапамогай з Захаду – танкамі, самалётамі, ракетамі далёкага дзеяння, фінансавай і матэрыяльна-тэхнічнай дапамогай», – дадаў старшыня польскай кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі ў інтэрві’ю тыднёвіку Sieci.

аз