Беларуская Служба

Джо Байдэна ў Кіеве: «Вы — героі. Пуцін прайграе»

21.02.2023 13:29
Прэзідэнт Джо Байдэн здзівіў увесь свет, а напэўна Еўропу і Расію, наведаўшы ўчора Кіеў.
.  .
У.Зяленскі і Д. Байдэнhttps://t.me/V_Zelenskiy_official/5203

Гэты візіт быў вялікай нечаканасцю. Гучнымі былі заявы пра прыезд прэзідэнта ЗША ў Польшчу ўсяго праз 11 месяцаў пасля апошняга наведвання, аднак прэзідэнт Джо Байдэн здзівіў увесь свет, а напэўна Еўропу і Расію яшчэ больш, наведаўшы ўчора Кіеў.

Байдэн пабываў у Кіеве на працягу 5 гадзін. Падрыхтоўка візіту і падарожжа адбываліся ў вялікім сакрэце. Канчатковае рашэнне было прынята ў пятніцу ў цесным коле дарадцаў Байдэна. Белы дом за некалькі гадзін да візіту паведаміў пра яго таксама Маскве.

У нядзелю амерыканскі прэзідэнцкі самалёт прызямліўся ў Польшчы пад Жэшавам і адгэтуль Джо Байдэн праз дзесяць гадзін на цягніку дабіраўся да Кіева.

«Нечаканы візіт прэзідэнта ЗША ў Кіеў з'яўляецца доказам таго, што паездка была добра падрыхтавана», падкрэсліў прэс-сакратар МЗС Польшчы Лукаш Ясіна.

- Візіты палітыкаў узроўню прэзідэнта Злучаных Штатаў трымаюцца ў сакрэце. Прыгадаем з чаго пачалося. Амаль год таму, калі прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі, тагачасны намеснік прэмʼер-міністра Яраслаў Качыньскі разам з кіраўнікамі ўрадаў іншых дзяржаваў рушылі ў Кіеў, усе таксама даведаліся аб гэтым толькі тады, калі яны даехалі да Кіева. Такія прынцыпы бяспекі.

Учорашні візіт Байдэна ў Кіеў быў першым візітам прэзідэнта ЗША пасля таго, як Расія напала на Украіну. Знакава, што гэта адбылося за некалькі дзён да першай гадавіны расійскага наступу.

Ва ўкраінскай сталіцы падчас сустрэчы з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім прэзідэнт Байдэн анансаваў чарговы пакет ваеннай дапамогі на паўмільярда долараў. Ён таксама паведаміў, што Вашынгтон неўзабаве ўвядзе новыя санкцыі супраць Расіі і кампаній, якія супрацоўнічаюць з расійскім рэжымам.

Джо Байдэн таксама казаў, што Расія прайграе вайну, а Уладзімір Пуцін памыляўся, калі год таму думаў, што Захад не прыйдзе на дапамогу Украіне.

«Ён думаў, што нас пратрымае. І я думаю, што цяпер ён ужо так не думае. Адзін Бог ведае, што ён цяпер думае, але ён вельмі памыляўся. Вельмі. Праз год доказы – тут, дзе мы цяпер знаходзімся », – сказаў Джо Байдэн.

У сваю чаргу ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падзякаваў амерыканскаму прэзідэнту за падтрымку.

«Я вельмі цаню, што прэзідэнт Байдэн і амерыканскае грамадства падтрымлівалі нас з самага пачатку гэтай трагедыі, гэтай вайны, што вы з намі», – сказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Абодва прэзідэнты ўсклалі кветкі да мемарыяла памяці ўкраінскіх воінаў, якія загінулі ў вайне з Расіяй з 2014 года. Наведалі і Міхайлаўскі Залатаверхі манастыр. У гэты час у горадзе прагучала авіяцыйная трывога.

Міністр замежных справаў Польшчы Збігнеў Раў назваў гэты візіт беспрэцэдэнтным:

- Лідар вольнага свету наведвае тых, што з вялікай адданасцю змагаюцца за прынцыпы, на якіх гэты ж вольны свет грунтуецца. Байдэн паехаў не толькі заявіць пра канкрэтную падтрымку, але найперш, каб аказаць ім пашану і ўдзячнасць.

У паасобных еўрапейскіх краінах нечаканы візіт прэзідэнта Байдэна ў Кіеў, ацэньваюць, што гэта быў выклік прэзідэнту Пуціну. Італьянскія СМІ адзначаюць, што для амерыканскага прэзідэнта вайна ва Украіне – гэта вайна за будучыню Еўропы.

У вядучай італьянскай штодзёнцы Corriere della Sera чытаем, што візіт і словы прэзідэнта Байдэна ў Кіеве паказалі, што для Злучаных Штатаў Украіна зʼяўляецца мяжой заходняй цывілізацыі, якую неабходна абараняць любой цаной ад расійскага імперыялізму. Штодзённік падкрэслівае, што прэзідэнту Байдэну, насуперак спадзяванням Пуціна, удалося абʼяднаць заходні свет. La Repubblica адзначае, што вайна ва Украіне таксама зʼяўляецца экзістэнцыяльным выклікам, кінутым Захадaм Масквe. Многія загалоўкі цытуюць Джо Байдэна ў Кіеве: «Вы – героі. Пуцін прайграе».

Чэшскія і славацкія газеты пісалі, што «Джо Байдэн скраў шоў ва Уладзіміра Пуціна». Гэта намёк на сённяшні зварот Пуціна да свайго народу. «Байдэн пасмяяўся Пуціну ў твар», – напісаў Denník N і адзначыў, што амерыканскі прэзідэнт наважыўся зʼявіцца ў горадзе, які Уладзіміру Пуціну больш ніколі не прыйдзецца наведваць. «Прэзідэнт ЗША асабіста не прыехаў бы ў Кіеў, калі б Вашынгтон не быў упэўнены, што з яго дапамогай Украіна зможа абараніць сябе. Адваротная сітуацыя была б катастрофай для іміджу, чаго амерыканцы пасля Афганістана не могуць сабе дазволіць», пішуць у Славакіі.

Ад канца Другой сусветнай вайны гэта найбольш знакавы візіт амерыканскага прэзідэнта ў Еўропу, адзначаюць брытанскія СМІ. Аднак у Вялікабрытаніі акцэнтуюць увагу таксама на выкліках. З Лондану паведамляе карэспандэнт ПР Адам Дамброўскі:

«Візіт зʼяўляецца сімвалічным доказам правалу Пуціна», – гаворыцца ў рэдакцыйным каментары правацэнтрысцкай газеты Times. Але выданне папярэджвае, што Захад усё яшчэ сутыкаецца са шматлікімі выклікамі. Паскарэнне паставак узбраенняў, у тым ліку танкаў, узмацненне санкцыйнага рэжыму, што можа больш моцна ўдарыць па расійскай эканоміцы. Нарэшце, газета папярэджвае, што Масква перамагае ў прапагандысцкай вайне на глабальным поўдні, дзе заходнія аргументы гучаць недастаткова гучна.

The Daily Telegraph заклікае павялічыць выдаткі на абарону. Газета хваліць прэзідэнта Байдэна за важны жэст і за рашучую пазіцыю, у адрозненне ад падыходу Берліна ці Парыжа. Але The Telegraph лічыць, што Захад зрабіў занадта мала, каб прадухіліць вайну, і часткова вінаваты ў гэтым цяперашні прэзідэнт ЗША. Як піша кансерватыўная штодзёнка, цяпер неабходна нагнаць упушчанае, інвестуючы ў армію.

На што яшчэ звяртаюць увагу каментатары – гэта тое, што Байдэн не абяцаў у Кіеве паставак ракет далёкага радыуса дзеяння, тым не менш, гэты візіт быў моцным жэстам падтрымкі для Украіны ад магутнай дзяржавы.

яс/IAR