Сёлета выдаткі Польшчы на абарону ў адносінах да ВУП могуць быць самымі высокімі ў НАТА, у тым ліку больш, чым у ЗША, заявіў польскі прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі падчас размовы з журналістамі амерыканскага выдання New York Times. Прэмʼер Маравецкі таксама лічыць, што менавіта яго ўрад адыграў ключавую ролю ў перакананні ФРГ перадаць танкі Leopard Украіне.
«Спачатку толькі мы былі гатовыя адправіць танкі Leopard, але мы змаглі пераканаць ФРГ і іншыя краіны зрабіць тое ж самае», – сказаў прэмʼер-міністр у інтэрвʼю штодзённіку.
Паводле New York Times, калі прэзідэнт Францыі Жак Шырак некалі сцвярджаў, што Варшава «страціла добрую магчымасць прамаўчаць», то сёння ніхто – акрамя Расіі – «не кажа Польшчы маўчаць, прынамсі, адносна вайны ва Украіне». Газэта адзначае, што Польшча сёння зʼяўляецца ключавым цэнтрам дапамогі Украіне і адным з ключавых гульцоў, калі гаворка ідзе пра еўрапейскія санкцыі, накладзеныя на Расію.
Гэты аспект падкрэсліў у размове з выданнем і прэмʼер Маравецкі, які заявіў, што «усе ўрады прызналі, што мой урад меў рацыю адносна Расіі», насуперак палітыцы Ангелы Мэркель.
Амерыканская штодзённка лічыць, што ўмацаванню пазіцыі Польшчы могуць перашкодзіць вострыя спрэчкі з ЕС. Аднак у New York Times адзначаюць, што, нягледзячы на гэта, у Польшчы існуе палітычны кансэнсус адносна Украіны, што таксама дазволіла рэзка павялічыць выдаткі на абарону.
Як падлічыў Маравецкі падчас інтэрвʼю, калі б усе закупкі зброі, зробленыя ўрадам, былі ажыццёўлены ў гэтым годзе, то яны склалі б 4% ВУП Польшчы. «Гэта будзе самая вялікая доля сярод усіх краінаў НАТА, уключаючы ЗША», – падкрэсліў польскі палітык.
Адказваючы на пытанне аб супярэчнасцях паміж Польшчай і Вугоршчынай у сувязі з вайной, прэмʼер-міністр Маравецкі сказаў, што «цалкам не згодны» з поглядамі Віктара Орбана на вайну, але адзначыў, што Будапэшт, нягледзячы на неаднаразовую крытыку санкцый, дагэтуль пагаджаўся ўводзіць абмежаванні супраць РФ.
эж