Беларуская Служба

Байдэн не быў першым: гісторыя візітаў прэзідэнтаў ЗША ў Польшчу (ФОТА)

24.02.2023 06:01
Падчас знаходжання ў Варшаве Барак Абама пайшоў займацца спортам у звычайную трэнажорную залу ў гасцініцы, чым здзівіў пастаяльцаў. 
Аўдыё
  • Байдэн не быў першым: гісторыя візітаў прэзідэнтаў ЗША ў Польшчу
Джо Байдэн у сваёй прамове ў Варшаве згадаў БеларусьPAP/Radek Pietruszka

У апошнія дні Польшча жыла візітам прэзідэнт ЗША Джо Байдэна. Прыезд лідара наймацнейшай дзяржавы свету – гэта заўсёды падзея для кожнай краіны, у тым ліку, канешне, і для Польшчы. Сёння ў рубрыцы «Машына часу» раскажам пра візіты некаторых кіраўнікоў ЗША ў Польшчу на працягу гісторыі і іх значэнне, а таксама пра тое іх стаўленне да Польшчы. 

Першым прэзідэнтам, які пазітыўна выказваўся пра Польшчу, быў першы кіраўнік ЗША Джордж Вашынгтон. Калі ў Польшчы прымалася Кастытуцыя 3 мая, праз два гады пасля амерыканскай, якая лічыцца першай у свеце, ён напісаў: «Польшча зрабіла вялікі крок у бок свабоды». У сваю чаргу падзел краіны паміж трыма імперыямі злачынствам назвалі прэзідэнты Джон Адамс і Томас Джэферсан, якія займалі пасаду прэзідэнта пасля Вашынгтона.


Portret Jerzego Waszyngtona autorstwa Gilberta Stuarta Portret Jerzego Waszyngtona autorstwa Gilberta Stuarta

Прэзідэнтура Томаса Вудра Вільсана, 28-га кіраўніка ЗША, выпала на час Першай сусветнай вайны, вынікам якой было тое, што Польшча зноўку стала незалежнай краінай. 8 студзеня 2018 года Вільсан прадставіў у Кангрэсе 14 пунктаў, у якіх гаварылася пра тое, што трэба зрабіць у міжнароднай палітыцы, каб зноўку не пачалася вялікая вайна. У 13 пункце гаварылася, што Польшча павінна быць незалежнай краінай з доступам да Балтыйскага мора. Дарэчы, Томас Вудра Вільсан утрымліваў кантакты з вядомым піяністам, а пазней прэм’ер-міністрам Польшчы Ігнацы Падэрэўскім, а таксама з адным з бацькоў польскай незалежнасці Раманам Дмоўскім. 22 студзеня 1919 года, праз два месяцы пасля таго, як Польшча стала незалежнай краінай, ЗША прызналі гэты факт і ўстанавілі дыпламатычныя адносіны.


Herbert Hoover - portret prezydencki z 1956 roku Herbert Hoover - portret prezydencki z 1956 roku

Дарэчы, планавалася, што ў 1919 годзе Вільсан прыбудзе ў Польшчу з візітам, але яму гэтага зрабіць не дазволіў стан здароўя. Замест Вільсана Польшчу наведаў Губерт Гувер – старшыня Амерыканскай адміністрацыі па пытаннях дапамогі, будучы прэзідэнт (1929 – 1933 г.г.). У Еўропу, у тым ліку і ў Польшчу, ён прыехаў як эмісар амерыканскай гуманітарнай дапамогі для знішчанага вайной кантыненту, якая трапіла да 200 млн еўрапейцаў. За гэта ён атрымаў званне Ганаровага грамадзяніна Польшчы. Другі раз Гувер быў у Польшчы ў 1946 годзе у якасці прадстаўніка прэзідэнта Трумэна па пытаннях гуманітарнай дапамогі.


Oficjalny portret 37. prezydenta Stanów Zjednoczonych Richarda Nixona Oficjalny portret 37. prezydenta Stanów Zjednoczonych Richarda Nixona

На пачатку 1969 года прэзідэнцкае крэсла заняў Рычард Ніксан. У сваю чаргу ў 1970 годзе Польскую Народную Рэспубліку ўзначаліў Эдвард Герэк, які, у адрозненні ад свайго папярэдніка Уладзіслава Гамулкі, быў прагрэсіўным палітыкам, жыў працяглы час у Францыі, валодаў французскай мовай; і які вырашыў мадэрнізаваць польскую эканоміку. А паколькі ў Варшавы не было фінансавых сродкаў, то планавалася гэта зрабіць на кошт заходніх крэдытаў. У сувязі з гэтым адбыўся візіт Рычарда Ніксана ў Варшаву 31 мая – 1 чэрвеня 1972 года. Эфектам візіту сталі крэдыты, якія атрымала Польшча, і павелічэнне тавараабмену паміж краінамі.

Амерыканскім прэзідэнтам, які моцна заангажаваўся ў дэмакратычныя перамены ў Польшчы, быў Рональд Рэйган. Менавіта ў часы яго прэзідэнтуры адбываліся важныя падзеі ў ПНР накшталт перамоў уладаў з прафсаюзам «Салідарнасць» альбо ўвядзенне ваеннага становішча. Адміністрацыя Рэйгана ўсякім чынам падтрымлівала польскую апазіцыю, у тым ліку і фінансава. Таксама ЗША ўвялі эканамічны санкцыі пасля пачатку ваеннага становішча, якія былі цалкам адмененыя ў 1987 годзе.


Waszyngton, 1 września 1984. Prezydent Ronald Reagan w Gabinecie Owalnym w Białym Domu Waszyngton, 1 września 1984. Prezydent Ronald Reagan w Gabinecie Owalnym w Białym Domu

Сапраўдным канцом палітыкі ізаляцыі ПНР стаў візіт наступніка Рэйгана, прэзідэнта ЗША Джорджа Буша-старэйшага ў ліпені 1989 годзе. «Польшча стварае сваю гісторыю (...). Мы падтрымліваем перамовы ўраду і апазіцыі», – сказаў Буш, звяртаючыся да тагачаснага старшыні Рады дзяржавы, генерала Войцеха Ярузэльскага. Тады ў Польшчы пачыналіся грамадска-палітычныя перамены.

А пазней былі іншыя, таксама важныя візіты прэзідэнтаў ЗША ў Польшчу. «Вітаю вас, чэхаў і венграў як будучых членаў НАТА і саюзнікаў ЗША», – сказаў Біл Клінтан на варшаўскай Замкавай плошчы ў 1997 годзе.

Польшчу таксама наведвалі Джордж Буш-малодшы, Барак Абама, Дональд Трамп і вось цяпер Джо Байдэн.


Прэзідэнцкі апартамент у гасцініцы Marriott, www.warsawmarriott.pl Прэзідэнцкі апартамент у гасцініцы Marriott, www.warsawmarriott.pl

Дарэчы, падчас знаходжання ў Варшаве ў 2014 годзе Барак Абама пражываў у той жа гасцініцы, што і Джо Байдэн. Гэта высотны гатэль амерыканскай сеткі Marriott. Якое ж было здзіўленне пастаяльцаў гасцініцы, якія прыйшлі ў трэнажорную залу, калі аказалася, што будуць займацца спортам разам з... Баракам Абамай! Амерыканскі прэзідэнт нібыта звычайны госць прыйшоў у трэнажорную залу заняцца спортам. У выпадку дыктатараў кшталту Лукашэнкі ці Пуціна гэта абсалютна немагчыма!

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу