Польшча мае на ўзбраенні 32 такія самалёты, 13- Славакія. Краіны Заходняй Еўропы маглі б перадаць старыя версіі самалётаў F-16.
Амерыканскі інстытут ваенных даследаванняў пракаментаваў анансаваную Польшчай і Славакіяй перадачу Украіне самалётаў МіГ-29. Эксперты зазначылі, такія ж самалёты знаходзяцца на ўзбраенні ВПС Украіны, таму Украіна зможа пачаць адразу выкарыстоўваць перададзеныя машыны падчас контрнаступу, калі яны будуць дастаўлены своечасова.
Пра своечасовасць паставак зброі кажуць украінцы. Штодня УСУ даводзіцца адбіваць па 70-100 атак расіян. Украінскім абаронцам па ўсёй лініі фронту патрэбна зброя і боепрыпасы, перадае карэспандэнт Польскага радыё ў Кіеве Павал Бушка.
- На думку украінцаў абарона Бахмута блакіруе расійскія сілы. Паводле дадзеных брытанцаў расіяне маглі там страціць каля 20-30 тысяч жаўнераў. Утрыманне абароны дазваляе украінцам рыхтаваць контрнаступ. Для гэтага Кіеў патрабуе больш зброі ды амуніцыі.
На дадзены момант Польшча мае на ўзбраенні 32 МіГ-і ў двух эскадрыллях. Шаснаццаць самалётаў знаходзяцца на авіябазе ў Мінску-Мазавецкім. Астатнія машыны месцяцца на аэрадроме ў Кралеве Мальборскім. Гэтыя самалёты прайшлі мадэрнізацыю пад стандарты НАТО. Аналагічную мадэрнізацыю ў 2004-2006 гадах прайшлі 11 славацкіх міг-29, якія атрымалі сумяшчальныя з НАТА сістэмы сувязі і навігацыі.
Польскія і славацкія самалёты могуць быць перададзеныя Украіне пасля іх інтэграцыі з ракетамі AIM-120 AMRAAM, бо пра гэта кажа з нядаўняга часу амерыканскі бок у кантэксце ўкраінскай баявой авіяцыі.
Сёння міністр абароны і віцэ-прэм’ер Польшчы Марыюш Блашчак паведаміў, што Польшча і Славакія ствараюць кааліцыю краін для перадачы Украіне баявой авіяцыі. Першымі будуць перададзеныя савецкія знішчальнікі MіГ-29. У бліжэйшыя дні 4 машыны, а пазней іншыя, яны праходзяць адпаведную падрыхтоўку.
- Учора адбылася сустрэча ў фармаце Ukraine-Defence group, дзяржаў, якія падтрымліваюць Украіну. Мы хочам перадаць МіГ-і ў кааліцыі некалькіх дзяржаў. На сёння краіна, якая перадае – Славакія. Для нас важна, каб далучыліся іншыя і была шырокая міжнародная кааліцыя.
Прэм'ер-міністр Славакіі заявіў, што рашэнне аб перадачы Украіне знішчальнікаў МіГ-29 будзе прымаць урад, а не парламент.Сёння падчас пасяджэння ўрада Славакіі адбылася нефармальная дыскусія па Мігах. Канчатковае рашэнне па самалётах не прынята. Прэм'ер-міністр Эдуард Хегер толькі запэўніў, што рыхтуецца працэдура, якая будзе адпавядаць канстытуцыі.
- Ва ўрадзе ёсць кансэнсус наконт адпраўкі МіГаў ва Украіну. Цяпер мы чакаем завяршэння міжнародных перамоў.
Міністр абароны Яраслаў Надзі дадаў, што ў якасці кампенсацыі за перадачу сваіх самалётаў славакі атрымаюць 200 мільёнаў еўра з Еўрапейскага фонду міру, а таксама сучаснае амерыканскае ўзбраенне на 700 мільёнаў еўра.
Прэсавы сакратар Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Джон Кірбі заявіў, што Вашынгтон падтрымлівае рашэнне аб перадачы Украіне МіГ-аў.
— Мы нікому не выкручваем рукі, не пагражаем, але і не схіляем ніводную з краін чым можа дапамагчы Украіне. І, вядома, як я ўжо казаў некалькі разоў, калі краіна хоча пастаўляць знішчальнікі ва Украіну, мы, безумоўна, гэта падтрымаем.
Апроч Польшчы і Славакія гатоўнасць перадаць Украіне баявыя самалёты выказалі ўраду Нідэрландаў, Даніі ды Нарвегіі. Гэта звязана з тым, што ў гэтых краінах цяпер ідзе працэс замены самалётаў F-16AM/BM на F-35A. Пры гэтым 32 нарвежскія машыны павінны быць пастаўлены ў Румынію. Дзве іншыя краіны мелі ў мінулым годзе больш за сотню F-16AM/BM, якія паступова замяняюцца F-35. Яшчэ некалькіх дзясятках гэтых самалётаў можа перадаць Амстэрдам.
Нядаўна пра магчымасць перадаць Украіне самалёты заявіла прэм’ер Фінляндыі. «Мы можам разгледзець пытанне аб перадачы ўкраінцам нашых F/A-18 Hornet, якія будуць знятыя з узбраення», — заявіла прэм'ер-міністр Сана Марын падчас візіту ў Кіеў 10 сакавіка.
- Мы павінны падтрымліваць Украіну столькі, колькі спатрэбіцца. Яшчэ яны патрабуюць больш цяжкога ўзбраення. Чым больш яны атрымаюць, тым хутчэй скончыцца вайна.
Таксама іншыя краіны ЕС заклікаюць даць украінцам зброю для контрнаступу. Пра гэта казаў між іншым прэм’ер Латвіі Артурс Крыш’яніс Карыньш.
— У той час, калі працягваецца агрэсія Расіі супраць Украіны, трэба думаць, як ёй дапамагчы. Адна з магчымасцяў - пастаўкі зброі. Балтыйскія краіны пачалі пастаўляць зброю яшчэ да пачатку гэтай вайны, у лютым мінулага году. Мы заклікаем нашых саюзнікаў зрабіць тое ж самае.
Патэнцыйна яшчэ ЗША маглі б перадаць Украіне свае самалёты F-16, але амерыканскае кіраўніцтва пакуль адмаўляецца ад гэтага. У сваю чаргу Польшча перадасць Украіне першыя 4 МіГ-29 у бліжэйшыя дні. Пра гэта паведаміў польскі прэзідэнт Анджэй Дуда.
Юры Ліхтаровіч